Што хвалюе кожнага з нас? Дэфіцыт лекараў і настаўнікаў, падзенне заробкаў, новыя забароны

У гэтым відэа Святлана Ціханоўская кажа пра тое, што хвалюе кожнага з нас. Зараз у Беларусі востры дэфіцыт лекараў – бракуе да 3,5 тысячаў медыкаў. Гэта значыць, што аднойчы ў дзяжурнага лекара можа не хапіць часу для выратавання жыцця кагосьці з нашых блізкіх. У Беларусі не хапае настаўнікаў у школах, выкладчыкаў ва ўніверсітэтах, выхавальнікаў і няняў у дзіцячых садках. Гэта значыць, што людзі, якія клапоцяцца пра нашых дзяцей, масава звальняюцца з-за нізкіх заробкаў, тоны бюракратыі і пастаяннай замены ідэалагічных метадычак.

А што ў сферы гандлю? Па раніцах у крамах пераклейваюць цэннікі, а суадносіны цэнаў і заробкаў становяцца здзеклівымі. Як дзяржава прапануе вырашаць праблему ў гэты раз? Забаронай на падвышэнне цэнаў, якая толькі пагаршае эканамічны крызіс.

Усе гэтыя гісторыі – не пра палітыку. Яны пра людзей, якія хочуць годна жыць, працаваць, прыносіць карысць грамадству і клапаціцца пра блізкіх. Але на кожным кроку яны сутыкаюцца з забаронамі, пагрозамі, знявагай і хамствам. Беларусь – гэта годныя людзі і запатрабаваныя прафесіяналы, а не абслуговы персанал для сілавікоў. І квітнеючая Беларусь пачынаецца не з загаду, а з базавай павагі да кожнага чалавека.