• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Вакцыны, Рабочы рух і план Перамога. Галоўнае з візіту Ціханоўскай у Польшчу

    08 кастрычніка, 2021

    У Варшаве Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, кіраўніком канцылярыі прэм'ера Польшчы Міхалам Дворчыкам, кіраўніком МЗС Фінляндыі Пекам Хаавіста. Таксама Ціханоўская разам з Паўлам Латушкам і Уладзімір Астапенкам сустрэлася з дыпламатамі 26 краін ЕС, правяла сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, ініцыятываў «Рабочы рух» і «План Перамога», беларускімі НДА, прыняла ўдзел у Варшаўскім форуме па бяспецы і сустрэлася з беларускай дыяспарай.

    • Вакцыны, дапамога СМІ і рэлакантам. Пра што Ціханоўская казала на сустрэчы з палітыкамі:

    – Папрасіла Польшчу аказаць дапамогу ў вакцынацыі і даць вакцыны для беларусаў.
    – Заклікала ўзмацніць дапамогу грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ (у тым ліку – Белсату), а таксама павялічыць праграму Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў.
    – Абмеркавала магчымасці распачынання міжнародных крымінальных працэсаў супраць рэжыму Лукашэнкі: за інцыдэнт з захопам самалёта Ryanair, рэпрэсіі і парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў, міграцыйны крызіс.
    – Падкрэсліла важнасць распачынання справаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы для дапамогі ахвярам рэжыму.
    – Падняла пытанне спрашчэння знаходжання рэлакантаў і працы беларускіх арганізацый і прыватнага бізнесу ў Польшчы.
    – Абмеркавала саміт Усходняга партнёрства і ўдзел у ім Беларусі.
    – Абмеркавала створаны рэжымам міграцыйны крызіс. Беларуская лідарка падкрэсліла, што спыніць крызіс можа скаардынаваная пазіцыя Захаду. Яна адзначыла, што важна працягваць дыпламатычны і эканамічны ціск на рэжым, узмацніць санкцыі.

    • Размова з кіраўніком МЗС Фінляндыі, які сустракаўся з Макеем:

    На сустрэчы з фінскім міністрам замежных спраў у Варшаве Ціханоўская казала пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і рыторыку рэжыму – у канцы верасня Хаавіста сустракаўся з Макеем у межах сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Макей тады заявіў, што Раман Пратасевіч можа пакінуць Беларусь у любы момант. Беларуская лідарка заклікала Фінляндыю да больш актыўнага ўключэння ў беларускае пытанне ў міжнародных арганізацыях, уключаючы Генасамблею ААН і Раду па правах чалавека.

    • Рабочы рух:

    На сустрэчы з прадстаўнікамі ініцыятывы «Рабочы рух» дамовіліся пачаць падрыхтоўку для стварэння страйкавага фонду ў Беларусі. Таксама казалі пра падтрымку затрыманых і прыцягненне беларусаў да ўдзелу ў ініцыятыве. Ціханоўская выказала салідарнасць з беларускімі рабочымі і заклікала змагацца за свае правы.

    Кожны чалавек, які працуе ў Беларусі можа далучыцца да «Рабочага руху», дзе збіраюцца не толькі завадчане, але наогул усе працоўныя людзі Беларусі.

    • ByPol ​​і «План Перамога»:

    На сустрэчы з прадстаўнікамі ByPol ​​Святлана Ціханоўская абмеркавала, як пашырыць інфармацыю пра «План Перамога», забяспечыць бяспеку актывістаў і журналістаў з улікам апошніх пагроз з боку рэжымных спецслужбаў. Сярод тэмаў сустрэчы таксама былі збор доказаў злачынстваў рэжыму і дзейнасць Сітуацыйна-аналітычнага цэнтра, створанага па ініцыятыве Ціханоўскай і адмініструемага ByPol.

    Як далучыцца да плана «Перамога»: адкрыйце чат-бот t.me/plan_peramoga_bot і адкажыце на пытанні, у якім раёне вы жывяце і якімі рэсурсамі валодаеце. Будзьце ўважлівыя: сапраўдны бот «Перамогі» не патрабуе пазначаць імя і нумар тэлефона.

    • Сустрэча з дэмсіламі і НДА, якія дапамагаюць Беларусі:

    Акрамя гэтага ў Варшаве адбылася сустрэча з беларускімі НДА і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, у ліку якіх Каардынацыйная Рада, Беларускі дом, Цэнтр беларускай салідарнасці, фонд «Краіна для жыцця», Дэмакратычны хаб, праект «Беларусь у фокусе», Прэс-Клуб. На ёй казалі пра дапамогу беларускім рэлакантам і эфектыўную працу дыяспары.

    Ціханоўская: «Нам важна быць тылам, падтрымліваць тых, хто працягвае барацьбу за свабоду, хто рызыкуе кожны дзень. Важна падтрымліваць сем'і рэпрэсаваных, каб кожны беларус ведаў – ён не застанецца адзін у цяжкі момант».

    Апошнія навіны