• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Чэрвень 2022 / Выпуск 10

    16 чэрвеня, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    У нас з'явіўся сайт www.asvetaby.org, дзе можна знайсці ўсе выпускі дайджэсту «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.

    • Рэпрэсіі

    – 9 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд справы філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Яго вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у т.л. у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342). Уладзімір быў затрыманы 4 жніўня 2021 г. і з таго моманту знаходзіцца пад вартай у СІЗА-1 г. Мінска. У лютым ён вытрымаў шматдзённую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага ўтрымання яго пад вартай і шматлікіх парушэнняў падчас разгляду ягонай справы.

    – Сацыёлаг, каардынатар «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская была асуджана да 2,5 гадоў «хіміі» па артыкуле 342-1 КК (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх) і вызвалена ў зале суда да моманту ўступлення прысуду ў сілу. Прыгавор Таццяне быў вынесены суддзёй Заводскага раёна г. Мінска Алегам Калядой.

    Выйшаў на волю першы з фігурантаў «справы студэнтаў» Глеб Фіцнер. Ён стаў першым палітвязнем па справе студэнтаў і быў незаконна асуджаны на 2 гады зняволення па арт. 342 КК (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх). Глеб быў затрыманы 12 лістапада 2020 г.

    – Чарговы раз затрымана выкладчыца італьянскай мовы, сябра Каардынацыйнай рады, былы дацэнт МДЛУ Наталля Дуліна. Яна асуджана на 15 сутак адміністратыўнага арышту па арт. 19.1 КаАП аб дробным хуліганстве. Наталлю рэгулярна затрымліваюць і прысуджаюць адміністрацыйны арышт, пачынаючы з 2020 г., калі яна падтрымала ўніверсітэцкую забастоўку.

    – Двух сясцёр – Яну і Таццяну Барысевіч – прысудзілі да «хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 г. Яна – студэнтка біялагічнага факультэта БДУ, Таццяна – навучэнка музычнага каледжа. Суддзя Заводскага раёна г.Мінска Алег Каляда асудзіў дзяўчат на 2,5 і 3 гады «хіміі» адпаведна, палічыўшы іх вінаватымі ў парушэнні арт.342-1 Крымінальнага кодэкса.

    – Іван Ібрагімаў, студэнт 4 курса ФВК БДУІР, прызнаны палітвязнем беларускімі праваабаронцамі. Юнака затрымалі 28 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

    – Школьніка Елісея Кузняцова з г. Жабінкі, асуджанага на 2,5 гады калоніі за нібыта кінуты ў міліцэйскі аўтамабіль кактэйль «Молатава» падчас пратэстаў 2020 г., пасля арышту 20 красавіка 2022 г. перавялі з «хатняй хіміі» ў калонію.

    – 13 чэрвеня ў Наваполацку была затрымана настаўніца гісторыі СШ №2 Алена Зубрава. Па інфармацыі праваабаронцаў, прычынай затрымання стаў рэпост у сацыяльных сетках. Суд прыгаварыў жанчыну да 15-сутачнага арышту па арт. 19.11 КоАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

    – Меркавана, 1 чэрвеня была затрымана 21-гадовая студэнтка юрфака БДУ Паліна Шынкевіч. Паводле паведамлення праўладных тэлеграм-каналаў, у віну ёй ставіцца рэгістрацыя ў «Плане Перамога» і ўдзел у адной з акцый пратэсту ў 2020 г. Дзяўчына атрымала 13 сутак адміністрацыйнага арышту і выйшла на волю пасля адбыцця пакарання.

    – Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-канал «Салідарнасць БДПУ».

    – 21 траўня Працоўная група па адвольных затрыманнях ААН накіравала беларускім уладам сваё заключэнне па скарзе, пададзенай адвакатамі вядомага юрыста і выкладчыка юрфака БДУ Максіма Знака: затрыманне і заключэнне пад варту Максіма Знака не мелі прававых падставаў, ён павінен быць неадкладна вызвалены.

    • Палітыка рэжыму

    – Згодна з новай заявай міністра адукацыі А.Іванца, хутка ў беларускіх школах і дзіцячых садах пачне ўжывацца цэлы шэраг новых мер па ўзмацненні кантролю за дзецьмі і іх «патрыятычнаму выхаванню»: рэгулярнае правядзенне абавязковых лінеек з урачыстым вынасам чырвона-зялёнага сцяга і праслухоўваннем дзяржаўнага гімна, абавязковае нашэнне формы ўстаноўленага ўзору, забарона на выкарыстанне мабільных тэлефонаў. Па словах чыноўніка, абавязковае праслухоўванне гімна будзе таксама практыкавацца ў летніх аздараўленчых лагерах.

    Новыя навучальныя планы для школ зараз праходзяць зацвярджэнне ў васьмі ведамствах (раней – у двух), шэсць з якіх з'яўляюцца сілавымі структурамі: МУС, Міністэрства абароны, МНС, Следчы камітэт, Дзяржпагранкамітэт і Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Зацверджаны такім чынам навучальны план на 2022 г. прадугледжвае некаторыя змены: напрыклад, змяншэнне колькасці гадзін на вывучэнне замежных моў у старэйшых класах.

    – Кіраўнік Генеральнай пракуратуры Андрэй Швед распавёў, як пракуроры наведвалі дзіцячыя сады, каб ініцыяваць урачыстыя мерапрыемствы, звязаныя з ушанаваннем дзяржаўнага сцяга і гімна, а таксама пра тое, што дзякуючы пракуратуры дзеці пачнуць насіць школьную форму: «Мы ўздымаем нават тыя пытанні, якія можа, напрамую і не звязаныя з пракурорскай тэматыкай».

    – Падчас візіту ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка запатрабаваў у беларускіх акадэмікаў знайсці гістарычнае месцазнаходжанне старажытнага Мінска, каб паспець увекавечыць гэтае памятнае месца ў сувязі з хуткім юбілеем горада ў 2067 г.

    – Падчас візіту ў Полацк Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў, што царква павінна больш цесна супрацоўнічаць з сістэмай адукацыі, паколькі дзеці зараз знаходзяцца пад уздзеяннем агрэсіўнага інфармацыйнага патоку.

    – МУС заявіла, што падчас выпускных вечароў у школах і іх наваколлях будзе дзяжурыць міліцыя і групы хуткага рэагавання, а ўсе, хто прыйшоў, будуць праходзіць рэчавы дагляд. Пад узмоцнены кантроль будуць таксама ўзяты ўсе месцы правядзення забаўляльных мерапрыемстваў у гэты вечар.

    – З Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі масава звальняюць высокакваліфікаваных выкладчыкаў: Уладзіміра Перліна, Алу Мазураву, Сяргея Тумаркіна і інш. Усяго плануюць звольніць больш за 20 выкладчыкаў з прычыны «дасягнення пенсіённага ўзросту» або нежадання працадаўцы працягваць кантракты.

    – Дзеці дашкольнага ўзросту з ясляў-сада №3 г. Ашмяны былі задзейнічаны для пастаноўкі «патрыятычнага» харэаграфічнага нумара «Па вагонах», які, паводле зместу выкарыстанай для нумара песні, распавядае аб адпраўцы габрэяў у канцлагер.

    – У яслях-саду №1 у Добрушы правялі «патрыятычны флэшмоб»: групу дзяцей прымусілі прайсці па тэрыторыі садка з чырвона-зялёным палотнішчам, які адлюстроўвае дзяржаўны сцяг.

    – У Добрушы падчас канікул навучэнцы школы №2 наведалі мясцовы аддзел міліцыі ў рамках акцыі пад дэвізам «Міліцыя – бліжэй да дзяцей» для таго, каб прымерыць міліцэйскае абмундзіраванне, у тым ліку шчыты і дубінкі.

    З'явілася сведчанне аб прымусовым выкарыстанні працы непаўналетніх навучэнцаў у Рэчыцкім аграрным ліцэі з парушэннем правілаў бяспекі, а таксама аб адсутнасці належнага навучання па спецыяльнасці ў гэтай навучальнай установе.

    – Дзве выпускніцы – журналістка і айцішніца – падзяліліся сваімі гісторыямі адмовы ад дзяржаўнага размеркавання і адносін з ВНУ, якія запатрабавалі аплаціць навучанне: «плаціць такія вялікія грошы дзяржаве цяпер нельга» і «імкнемся адкладаць прыкладна 30% ад даходу».

    • Санкцыі

    Прыпыненне ўдзелу Беларусі ў Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (PISA) уступіла ў дзеянне: арганізатары праінфармавалі беларускі бок аб адмене раней запланаваных тэстаў беларускіх школьнікаў. Беларускія педагогі ацанілі наступствы, якімі можа абярнуцца для беларускай сярэдняй адукацыі адмена тэстаў і, у цэлым, удзелу ў праграме: «як Мінадукацыі будзе прымаць рашэнні цяпер, увогуле не маючы доступу да тэставання? Наслінім палец і пастановім увесці пасаду кіраўніка патрыятычнага выхавання».

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – У Пецярбургу каля будынка пасольства Беларусі прайшоў адзіночны пікет у падтрымку студэнткі ЕГУ Соф'і Сапегі, спадарожніцы Рамана Пратасевіча, затрыманай разам з ім і асуджанай на 6 гадоў калоніі.

    – На грамадскай платформе «Новая Беларусь» апублікаваны вынікі даследавання на тэму «Інстытуцыянальная аўтаномія і самакіраванне ў адукацыйных установах Беларусі, Расіі і еўрапейскіх краінах», у якім эксперты, на падставе аналізу дзеючых нарматыўных дакументаў, у т.л. новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, ацэньваюць узровень аўтаномнасці беларускіх устаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі. У даследаванні адзначаецца, што абстрактныя фармулёўкі актуальнай нарматыўнай дакументацыі не даюць магчымасці зразумець рэальную карціну кіравання ўстановамі, аднак пры яе аналізе становіцца зразумела, што калектывы ўстаноў сярэдняй адукацыі і бацькоўскія камітэты адхілены ад працэсу вызначэння ўласнага кіраўніцтва (разам з тым, кандыдаты на пасаду дырэктара школы праходзяць праверку ва УУС). Абмежаванне магчымасці членаў калектываў удзельнічаць у прыняцці рашэнняў іх устаноў таксама закранае такія сферы як: выданне загадаў і падпісанне дагавораў, выбар форм і метадаў навучання і выхавання, выкарыстанне грашовых сродкаў, заробленых супрацоўнікамі праз прадастаўленне ўстановай платных паслуг, што ператварае кіраванне школай у «выключна дзяржаўную прэрагатыву», а самакіраванню надае «выключна дэкларатыўны характар». Адносна ВНУ адзначаюцца абмежаванні ўплыву калектываў на прыняцце рашэнняў аб тэрмінах кантракта для заключэння з супрацоўнікамі, запуску новых і зместу ўжо функцыянуючых адукацыйных праграм, устанаўленні мовы навучання, планах прыёму студэнтаў і выбары агенцтва для кантролю якасці адукацыі.

    – Гісторык, антраполаг, эксперт па адукацыі Павел Церашковіч расказаў у інтэрв'ю аб тым, што адбываецца з адукацыяй у сучаснай Беларусі: «Адзіная форма, увядзенне ваеннай падрыхтоўкі ў школах – усё гэта сведчыць, што на мілітарызацыю зроблена асноўная стаўка. Вядома, што каб забіць іншага чалавека – трэба для пачатку забіць яго ў сабе. Сістэма адукацыі прывучае забіваць чалавека ў сабе».

    – Філосаф, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова патлумачыла, у чым заключаецца небяспека рашэння міністра адукацыі ўвесці ў школах пастаяннае праслухоўванне дзяржаўнага гімна і ўзняцце флага: «інструмент маніпуляцыі, нацэленай на тое, каб прымусіць людзей выказваць прыхільнасць да пэўнага дзяржаўнага ладу».

    – Былы выкладчык БДУ Павел Баркоўскі пракаментаваў у інтэрв'ю сітуацыю з выключэннем Беларусі з Балонскага працэсу: «гэта заканамерны вынік абранай стратэгіі ў сферы адукацыі, які мы назіраем апошнія 20 гадоў. Беларуская адукацыйная прастора цалкам залежыць ад дзяржавы».

    • Міжнародныя магчымасці

    – Ініцыятыва FocusEd| Адукацыя за мяжой апублікавала агляд аб магчымасцях для атрымання фінансавання для навучання ў краінах ЕС для замежных студэнтаў, у тым ліку з Беларусі.

    – У рамках праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced learning and training)» Еўрапейскі Саюз праводзіць конкурс на атрыманне фінансавай падтрымкі на суму да 1200 еўра для праходжання анлайн-курса і/або здачу кваліфікацыйнага/міжнароднага іспыту па прафесіі ці адной з еўрапейскіх моў. Конкурс прызначаны для рэпрэсаваных беларусаў ці беларусаў любых прафесій, якія знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсій, незалежна ад іх месцазнаходжання. Заяўкі разам з кароткімі рэзюмэ і дадатковымі дакументамі, якія пацвярджаюць рэпрэсіі ў дачыненні да заяўніка ці яго ўдзел у дзейнасці беларускіх дэмакратычных арганізацый, прымаюцца да 23 чэрвеня ўключна.

    – Вышэйшая школа сацыяльных даследаванняў пры Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай Акадэміі навук запрашае суіскальнікаў са ступенню магістра і веданнем англійскай мовы на навучанне ў дактарантуры па псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі і паліталогіі ў 2022-23 навучальным годзе, з магчымасцю кампенсацыі некаторых выдаткаў на конкурснай аснове. Апошні тэрмін падачы заявак – 11 ліпеня 2022 г.

    – Цэнтр Яна Рэмсі пры Оксфардскім Універсітэце запрашае студэнтаў і маладых даследчыкаў паўдзельнічаць у конкурсе на напісанне нарыса на англійскай мове на тэму ўзаемасувязяў навукі і рэлігійнага светапогляду. Пераможца атрымае 2000 долараў ЗША, таксама прадугледжаны тры прызы за 2-е месца – кожны па 500 долараў ЗША. Са спісам тэм, а таксама іншымі ўмовамі конкурсу можна азнаёміцца на сайце арганізатара. Заканчэнне прыёму заявак – 30 верасня 2022 г.

    – Цэнтр гендэрных даследаванняў ЕГУ аб'явіў для сваіх будучых магістрантаў конкурс на атрыманне гранта ў рамках праграмы «Жанчыны ў тэхналогіях». Пераможца атрымае падтрымку для ажыццяўлення даследавання на стыку фемінізму і сферы ІТ. Апошні дзень падачы заяўкі – 10 ліпеня 2022 г.

    – Цэнтр Яна Рэмсі пры Оксфардскім Універсітэце запрашае маладых даследчыкаў, магістрантаў і дактарантаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на трохдзённыя семінары ў Варшаву, Заграб і Оксфард з аплатай усіх неабходных для паездкі выдаткаў (да 2000 долараў ЗША). На семінарах удзельнікі змогуць абмеркаваць тэмы сваіх даследаванняў у галіне тэалогіі і філасофіі з вядомымі вучонымі, а таксама атрымаць фінансавую падтрымку для працягу свайго даследавання (да 5000 долараў ЗША). Больш падрабязна з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца ​​на сайце арганізатара. Заканчэнне прыёму заявак – 29 ліпеня 2022 г.

    – Цэнтр канстытуцыяналізму і правоў чалавека Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта запрашае студэнтаў юрыдычных і іншых спецыяльнасцяў, а таксама настаўнікаў, даследчыкаў, спецыялістаў з розных абласцей навукі прыняць удзел у мерапрыемствах пяцідзённай летняй анлайн-школы «Правы чалавека для кожнага: чалавечнасць – тэхналогія – права», якія адбудуцца 1–5 жніўня 2022 г. У рамках школы прадугледжана конкурсная работа над групавымі праектамі з удзелам ментараў у некалькіх тэматычных напрамках са спецыяльным прызавым фондам. Удзельнікам з Беларусі па індывідуальным запыце можа быць прадастаўлена вызваленне ад уплаты ўнёску альбо зніжка. Для ўдзелу неабходна веданне англійскай мовы.

    Апошнія навіны