• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Зварот Святланы Ціханоўскай да чальцоў Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапейскім Парламенце, 2022

    13 кастрычніка, 2022

    «Прэзідэнтка Раберта Мецола,
    Шаноўны Манфрэд Вэбер,
    Шаноўны Андрус Кубілюс,
    Шаноўная Раса Юкнявічэне,

    Спадарыні і спадары,
    Паважаныя чальцы фракцыі Еўрапейскай народнай партыі.

    Вы падтрымліваеце дэмакратычную Беларусь ужо шмат гадоў.

    Вашая партыя заўсёды была побач, калі нам патрэбная была дапамога. Вы дапамагалі нам дабіцца вызвалення палітычных зняволеных. Вы прыцягвалі рэжым да адказнасці. Вы заклікалі еўрапейскія і нацыянальныя парламенты дзейнічаць хутка ў адказ на чарговае вар’яцкае рашэнне Лукашэнкі.

    Я ведаю, што сёння я тут сярод сяброў. Аднак сотні калегаў вашай партыі не змаглі далучыцца да нас сёння.

    Сярод іх – старшыня АГП Мікалай Казлоў, якога бандыты з КДБ ужо шмат месяцаў незаконна ўтрымліваюць у турме.

    Сярод іх – Павел Севярынец, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, які знаходзіцца за кратамі ўжо 858 дзён. Гэта ягонае трэцяе турэмнае зняволенне. Мы нічога не ведаем пра яго фізічны стан.

    Сярод іх – актывіст БНФ Вітольд Ашурак, якога да смерці замучалі ў беларускай турме.

    Мы не павінны дазволіць сабе і свету забыцца пра 1350 палітычных зняволеных, таму што мы – іх адзіная надзея. І мы ніколі іх не падвядзем.

    Было б сімвалічна, калі б прэзідэнт і віцэ-прэзідэнты Еўрапарламента пагадзіліся ўзяць шэфства над некаторымі палітычнымі вязнямі. Гэта ўсяго пяць хвілінаў вашага часу, але вялізная падтрымка для ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі.

    Так, барацьба за свабоду небяспечная, але гэта праведная барацьба. І мы пераможам у ёй.

    Паважаны спадар Вэбер,

    На гэтым тыдні вы сказалі, што мэта Пуціна – не выйграць вайну, а знішчыць украінскі народ.

    Я не магу не пагадзіцца з вамі. Для Пуціна і Лукашэнкі народ – гэта праблема. Бо ў грамадзянаў ёсць меркаванне. Бо ў грамадзянаў ёсць правы. Таму што, у рэшце рэшт, яны могуць супраціўляцца.

    У свеце дыктатараў і іх жаданні неабмежаванай улады менавіта народ – крыніца праблемаў.

    Але ўсё адно, чаго хочуць дыктатары. Па-сапраўднаму важна тое, чаго хоча дэмакратычны свет. І што мы гатовыя для гэтага зрабіць?

    Дарагія сябры,

    Я думаю, мы аднолькава адкажам на першае пытанне. Нам патрэбны бяспечны і вольны свет без войнаў, дзе чалавечае жыццё з'яўляецца першачарговай і галоўнай каштоўнасцю. Мы хочам пазбавіцца ад імперыялістычных войнаў і тыранаў, якія прагнуць улады.

    Таму я прапаную засяродзіцца на другім пытанні: ці гатовыя мы змагацца за нашыя каштоўнасці?

    Наперадзе халодная зіма. Будзе новая хваля папулізму. Знойдуцца тыя, хто паспрабуе пераканаць нас, што нам патрэбны мір любой цаной. Будуць тыя, хто скажа, што Пуціну трэба даць тое, што ён хоча, бо дзеці ў Афрыцы галадаюць. Будуць тыя, хто скажа, што «Лукашэнка – сукін сын, але ён наш сукін сын», і закліча дапамагчы яму.

    Нагадаю яшчэ раз: тыранаў нельга ўлагодзіць або перавыхаваць. Любыя спробы дамовіцца яны ўспрымаюць як слабасць. Дэмакратычныя краіны павінны паказаць, што ў іх ёсць зубы. Гэта адзіны спосаб спыніць дыктатараў – і мы ведаем гэта нават не зазіраючы ў падручнік гісторыі.

    Спробы Захаду ўлагодзіць Лукашэнку прывялі яго да поўнай беспакаранасці. З-за спробаў прымірэння ў Беларусі пачаліся беспрэцэдэнтныя хвалі тэрору. Адбыўся згон самалёта. Мігрантаў сталі цынічна выкарыстоўваць, каб арганізаваць крызіс. І ў рэшце рэшт, з-за спробаў прымірэння Лукашэнка стаў саўдзельнікам вайны.

    Учора адзін еўрадэпутат назваў яго прэзідэнтам. Але ён не прэзідэнт! Ён ваенны злачынец.

    Паважаныя калегі,

    Тэрор, які Лукашэнка з Пуціным пачалі ў 2020 годзе супраць народа Беларусі, ахапіў увесь рэгіён. Сёння мы разумеем, што рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі былі толькі падрыхтоўкай да вайны супраць Украіны. Калі б тады свет быў больш рашучы, гэтай вайны магло б і не быць.

    Само існаванне Беларусі пад пагрозай. Пуцін і Лукашэнка падвышаюць стаўкі. І яны зноў спадзяюцца, што свет гэта праглыне.

    Праглыне стварэнне так званай сумеснай рэгіянальнай групоўкі, якая ўзаконьвае пастаяннае знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: гэта акупацыя.

    Нашая пазіцыя зразумелая: Беларусь павінна афіцыйна адмовіцца ад удзелу ў вайне Расіі. Кожны расійскі салдат павінен безумоўна пакінуць Беларусь. Усе, хто мае дачыненне да расійскага нападу з тэрыторыі Беларусі, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.

    Лукашэнка не служыць беларусам, ён служыць Пуціну. Адзіная прычына, па якой Лукашэнка не абвясціў усеагульную мабілізацыю, – гэта яго страх даць зброю ў рукі простым беларусам.

    Ён ведае, што народ Беларусі марыць пазбавіцца ад яго. Нават пад пагрозай турэмнага зняволення і катаванняў беларусы супраціўляюцца рэжыму і праяўляюць салідарнасць з Украінай.

    Беларусы папярэджваюць войска Украіны пра запускі ракет і перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі. Беларускія добраахвотнікі змагаюцца разам з Украінай у складзе батальёна Каліноўскага і палка Пагоня. Усё больш беларусаў далучаюцца да плана Перамога.

    Мы робім гэта, таму што мы павінны разам супрацьстаяць тыраніі. І таму што разумеем: лёсы Украіны і Беларусі ўзаемазлучаныя.

    Перамога Украіны – гэта наш шанец пазбавіцца ад дыктатуры Лукашэнкі і ўплыву Крамля. Але гэтае сцвярджэнне працуе і ў адваротны бок. Свабодная Беларусь – гэта гарантыя бяспекі для Украіны і Еўропы.

    Дарагія сябры,

    Давайце вернемся да пытання пра тое, як гэтага дасягнуць.

    Маё бачанне простае:

    1. Максімальна ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі і Пуціна. Ініцыяваць міжнародны трыбунал супраць іх. Яны – ваенныя злачынцы. Пазбавіць дыктатараў месца ў міжнародных арганізацыях. Увесці санкцыі, у тым ліку другасныя, якія закрыюць усе шчыліны.

    2. Падзяляць палітыку ў дачыненні да Беларусі і Расіі, а таксама адрозніваць рэжым і народ. Рэжым – а не беларусы – павінен быць ізаляваны. Беларусы працягваюць сваю бясстрашную барацьбу і просяць вашай падтрымкі. Беларусы хочуць мець еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Так мы будзем ведаць, за што змагаемся.

    3. Прызнаць Беларусь часткова акупаванай тэрыторыяй. І прызнаць Аб'яднаны Пераходны Кабінет як прадстаўнічы орган беларускага народа. Трэба афіцыйна аформіць адносіны паміж Еўрапарламентам і дэмакратычнай Беларуссю.

    Свабодная Беларусь стане наймацнейшай санкцыяй супраць Пуціна. Найлепшай падтрымкай для свабоднай Украіны будзе 1000-кіламетровая бяспечная мяжа са свабоднай Беларуссю, а не з расійскай калоніяй.

    Дарагія сябры,

    Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе праходзіць праз свабоду ў Беларусі. Шлях да міру ў Еўропе праходзіць праз перамогу Украіны. Я ведаю, што гэты шлях цяжкі, але ён адзін слушны. Давайце пройдзем яго разам. Бо толькі калі мы ідзем разам, мы і ёсць Еўропа».

    Апошнія навіны