• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Працягваем змагацца не толькі за Беларусь, але і за Украіну». Прэс-брыфінг Ціханоўскай ў Чэхіі

    10 мая, 2022

    «Я радая вярнуцца ў Чэхію. Як і многія беларусы, я адчуваю тут сябе як дома, нібы я сярод сяброў і блізкіх.

    Ад імя беларусаў, хачу падзякаваць спадарыні Адамавай-Пекаравай за цёплы прыём. Я радая, што Беларусь па-ранейшаму аб’ядноўвае Чэхію, незалежна ад палітычных поглядаў і партыйнай прыналежнасці. 

    Беларусы прадэманстравалі самім сабе і ўсяму свету, што мы народ. Беларусы паказалі, што не хочуць жыць пры тыраніі. Беларусы паказалі, што хочуць быць часткай Еўропы і ўпэўнена глядзець у будучыню. Нашая барацьба працягваецца ўжо 640 дзён. У краіне дзейнічае партызанскі рух, дыяспара актыўна дапамагае.

    На жаль, беларусы за сваю барацьбу дорага плацяць. Больш за 50 тысяч былі рэпрэсаваныя. Кагосьці выключылі з універсітэтаў, кагосьці збілі да паўсмерці і зрабілі інвалідам. Сотні тысячаў з’ехалі. Тысячы трапілі ў турмы, у тым ліку мой муж Сяргей, якога мае дзеці не бачылі ўжо паўтара гады.

    Сёння мы працягваем змагацца не толькі за Беларусь, але і за Украіну. Мы разумеем, што без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. І без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны. Нашыя партызаны спыняюць расійскія цягнікі, а вайскоўцы адмовіліся ваяваць за Расію. 

    Я вельмі прашу чэшскі ўрад: раздзяляйце рэжым і беларускі народ. Лукашэнка прайграў выбары і не прадстаўляе народ. Я ведаю, што зараз разглядаецца закон, які мае на мэце пакараць Беларусь за саўдзел у вайне супраць Украіны. Ён абмяжуе магчымасці беларускім студэнтам вучыцца, а рэпрэсаваным – пераязджаць у гэтую краіну. Пасля пачатку вайны многім адмовілі ў чэшскіх візах. 

    Я хачу вас запэўніць: беларусы супраць вайны і падтрымліваюць Украіну. Некаторыя з іх, якія пераехалі ў Чэхію, арганізавалі выраб бронекамізэлек, якія ратуюць жыцці беларусам і ўкраінцам на фронце. Мяне ўразіў учынак 12-гадовай дзяўчынкі Варвары, якая жыве тут, у Чэхіі. Яна больш за год збірала грошы на дрон і перадала яго ўкраінскім вайскоўцам. «Хачу, каб вы ўсе былі жывыя» – напісала яна ў запісцы.

    Чэхія заўжды была надзейным прытулкам для беларусаў. У 2020 годзе Чэхія прыняла сотні ўцекачоў, параненыя атрымалі медыцынскую дапамогу, рэпрэсаваныя студэнты змаглі працягнуць сваю вучобу. Сто гадоў таму мы ўжо праходзілі праз гэта: прэзідэнт Масарык прыняў сотні студэнтаў з Беларусі. Тады ўцякалі ад бальшавікоў, сёння ўцякаюць ад Пуціна і Лукашэнкі.

    Я радая, што ў нашай барацьбе ёсць саюзнікі, такія, як Чэхія. Чэхія ясна заявіла, што не прызнае рэжым Лукашэнкі. Чэхія падтрымала нашыя намаганні на міжнароднай арэне. Падчас гэтага візіту я буду прасіць Чэхію зрабіць Беларусь прыярытэтам падчас старшынства Чэхіі ў Еўрапейскім Саюзе, якое пачынаецца праз месяц. Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці, а беларускі народ павінен атрымаць прадстаўніцтва ва Усходнім партнёрстве, якое было запушчанае тут, у Празе, 13 год таму.

    Спадзяюся, што нам удасца арганізаваць супрацу на парламенцкім узроўні, і стварыць групу сяброў свабоднай Беларусі ў чэшскім парламенце. Я радая, што нашая супраца пачынаецца цяпер. Не трэба чакаць, калі падзе дыктатура Лукашэнкі.

    Таксама абмяркуем перспектывы стварэння Прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў тут, у Празе. Рэжым Лукашэнкі страціў права прадстаўляць нашую краіну і наш народ. Мы ўжо абмяркоўвалі гэта летась. Справа спынілася, але трэба яе давесці да канца.

    І апошняе, хачу падзякаваць усім журналістам, якія пішуць пра Беларусь і пра Украіну. Дзякуючы вам свет даведваецца праўду. 

    Дзякуй!»

    Апошнія навіны