• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Напішыце палітзняволеным. Гісторыя Яны Арабейка

    18 студзеня, 2021

    Святлана Ціханоўская: «Учора Яне Арабейка споўнілася 20 гадоў. Свой дзень народзінаў дзяўчына сустрэла за кратамі, таму што 12 лістапада яе затрымалі разам з іншымі студэнтамі ЗБС. Сябры распавядаюць, што Яна – самы добры чалавек з усіх, каго яны ведаюць. Дзяўчына вельмі любіла маляваць і працаваць з дзецьмі. Такую прафесію яна і абрала для сябе.

    «Янка вучылася на настаўніцу прыкладнога мастацтва. Апошняя яе сторыз у Iнстаграме – дзе яна схіляецца над школьнікам, каб дапамагчы з малюнкам. І шчыра-шчыра ўсміхаецца, бо яна сапраўды любіла маляваць і паказваць людзям, як гэта можна рабіць. Янка хацела стаць настаўніцай і вучыць дзетак», – кажа яе сяброўка Дар’я.

    Яна дапамагала людзям, якіх незаконна затрымлівалі. Калі пачалася новая хваля палітычных затрыманняў, прыходзіла на суды, падтрымлівала людзей і малявала ім паштоўкі. Яна хацела, каб беларусы ведалі, што яны не адны.

    «Як толькі затрымалі Ціханоўскага і яго прыхільнікаў, мы задумалі ініцыятыву, якая будзе папулярызаваць і павялічваць колькасць лістоў салідарнасці да палітвязняў. Яна была адной з першых, хто сказаў: «Я ў справе». І малявала кучу розных прыгожых паштовак, падпісвала іх палітвязням, давала майстар-класы па тым, як рабіць гэтыя паштоўкі. Нават калі хтосьці не малюе, паказвала як зрабіць прыгожа і цікава», – кажа Дар’я.

    Уяўляеце «злачынства»? Зараз Яна сама апынулася за кратамі i можа атрымаць срок да трох гадоў у турме. За што? Мабыць, за паштоўкі ды малюнкі.

    Я ведаю, што мы павінны змагацца за Яну і за такіх, як яна. І мы павінны падтрымліваць палітзняволенных. Гэта можа зрабіць кожны з нас – дастаткова проста напісаць ім ліст або тую самую паштоўку.

    Не забывайцеся на сайт http://politzek.me, дзе вы зможаце знайсці гісторыю любога палітвязня, яго дадзеныя для ліста і дакладны адрас. А дзякуючы рэсурсу http://vkletochku.org вы можаце адправіць лісты ананімна з любой краіны свету».

    Апошнія навіны