• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Ціханоўская правяла прэс-брыфінг па працы над справай захопу самалёта і затрыманні Пратасевіча

    24 мая, 2021

    Святлана Ціханоўская: «Пайшлі другія суткі з захопу борта Ryanair. Блогер і актывіст Раман Пратасевіч затрыманы, мы не ведаем, дзе ён і ў якім стане. Ёсць вялікая верагоднасць, што ў гэтую самую хвіліну ён падвяргаецца катаванням супрацоўнікамі спецслужбаў.

    Разам з ім была затрыманая ягоная дзяўчына Сафія Сапега. Ёй 23 гады, яна ляцела тым жа рэйсам. Сваякі кажуць, што яе даставілі на Акрэсціна. Сафія – грамадзянка Расіі, і праваабаронцы паведамляюць, што расійскі консул адмовіўся аказваць дапамогу ў яе справе.

    Страшна ўявіць, што перажылі ўчора і перажываюць прама зараз Раман і Сафія. Пасажыры самалёта, якія змаглі даляцець да Вільні, распавялі, што калі борт развярнулі на Мінск, Рамана пачало трэсці, а перад затрыманнем ён сказаў: «Мяне там чакае смяротнае пакаранне».

    Раману 26 гадоў – столькі доўжыцца існаванне рэжыму ў Беларусі. Толькі дзеля яго затрымання Лукашэнка асабіста аддаў загад з ваеннай авіяцыяй захапіць борт, на якім былі грамадзяне краін Еўропы. Учорашнія падзеі і рэакцыя ЕС на іх паказалі, што зараз усе разумеюць: у небяспецы не толькі беларусы. Адбыўся акт дзяржаўнага тэрарызму – і цяпер пад пагрозай будзе любы пасажыр грамадзянскага судна, што пралятае над Беларуссю. Бо рэжым ператварыў нашую краіну ў Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы.

    Мы другія суткі на сувязі з бацькамі Рамана. Яны лічаць яго героем і гатовыя змагацца за свабоду сына. Таксама я знаходжуся на сувязі з Паўлам Латушкам, каб у нас была адзіная пазіцыя па рэагаванні. Ва ўрада Грэцыі мая каманда запрасіла інфармацыю пра тое, што адбывалася ў аэрапорце Афін, паколькі менеджмент Ryanair заявіў, што ў самалёце маглі быць супрацоўнікі спецслужбаў. Да таго ж сам Раман перад пасадкай перадаваў, што за ім вялося сачэнне.

    Мы знаходзімся ў кантакце з міністрамі Ірландыі і Польшчы, урадам Літвы. Сёння ўвечары ў мяне будзе тэлефанаванне з прадстаўніком адміністрацыі Байдэна. Толькі што мы правялі тэлефанаванне з вярхоўным прадстаўніком ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы Жазепам Барэлем – і абмеркавалі з ім далейшыя дзеянні.

    Мы настойваем на рэакцыі міжнароднай супольнасці: увядзенні новых санкцый, выключэнні Беларусі з Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі і запуску расследавання, каб усе вінаватыя былі пакараныя адпаведным чынам. Таксама мы заклікаем прыпыніць сяброўства Беларусі ў арганізацыях тыпу Інтэрпол, паколькі рэжым выкарыстоўвае свой удзел у іх у палітычных мэтах.

    Мы не спынімся на паўмеры. Раман Пратасевіч, Сафія Сапега і ўсе зняволеныя па палітычных матывах беларусы павінны выйсці на свабоду. Але важна памятаць, што комплексна спыніць палітычны і гуманітарны крызіс у Беларусі змогуць толькі новыя свабодныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

    Апошнія навіны