• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на прэміі «Памяці Народа» у Чэхіі, 2022

    17 лістапада, 2022

    «Шаноўнае спадарства!
    Дарагія сябры!

    Добры вечар!

    Перш за ўсё дазвольце мне падзякаваць праекту «Памяць народа» і арганізатарам гэтай цырымоніі. Я ведаю, лаўрэатамі прэміі Памяці народа кожны год становяцца асобы, якія сваім жыццём паказалі, што праўда, свабода, гонар – не пустыя словы. І такія падзеі прымушаюць нас успомніць усіх, хто ў змрочныя часы, якія мы назіраем і цяпер, заставаўся на баку дабра, нават калі дзеля гэтага рызыкаваў жыццём.

    Вялікія гісторыі барацьбы за свабоду – гэта заўсёды сума маленькіх асабістых гісторый супраціву. Гэта гісторыі зламаных жыццяў і чалавечых пакут, але таксама гісторыі чалавечай годнасці.

    Сёння я хачу падзяліцца з вамі адной з такіх гісторый. Магчыма, вы ведаеце, што ў Празе доўгі час жыла і працавала беларуская паэтка Ларыса Генюш. Яна была сакратаркай Беларускай Народнай Рэспублікі, упарадкоўвала архіў і тут, у Празе напісала шмат сваіх вершаў. Але сталінскія рэпрэсіі Ларысу не абмінулі, яе арыштавалі па даносе і адправілі ў менскую турму КДБ, дзе яе дапытвалі тымі ж варварскімі мэтадамі, якімі прыслужнікі рэжыму сёньня дапытваюць беларускіх актывістаў. Сярод тых самых муроў, дзе пабываў мой муж і многія героі беларускага мірнага пратэсту.

    Гісторыя Ларысы – гэта гісторыя вялікай сілы, якую можа адкрыць у сабе толькі чалавек, які любіць сваю зямлю. Пасля смерці Сталіна, калі па лагерах пракацілася хваля памілаванняў, Ларысу не адпусцілі. Гадамі яна катэгарычна адмаўлялася пісаць прашэнне аб памілаванні. «Мне няма за што прасіць прабачэння ў гэтых людзей!» – пісала яна ў сваім дзённіку.

    Нават пасьля сканчэньня тэрміну Геніюш засталася пад наглядам КДБ, але не зламалася. Ад пашпарта СССР яна адмовілася, бо ўсё жыццё лічыла сябе грамадзянкай Беларусі і дзейнічала з любові да Беларусі. Да канца жыцця ёй не дазвалялі бачыць роднага сына. Яна не паспела дажыць да моманту, якога чакала ўсё жыццё, – вызвалення Беларусі ад савецкай улады. Але яна верыла ў лепшае і любіла беларускі народ. Мы гэта ведаем, бо дагэтуль чытаем яе вершы і вучымся ў яе гэтай любові.

    Гісторыя паўтараецца. Сёньня ў беларускіх турмах пакутуюць людзі, якія ўсім сэрцам любяць Беларусь. А іх катуюць тыя, хто ня ведае гэтага пачуцьця любові. Сёння ад рук захопнікаў, якія не ведаюць ні пачуцця міласэрнасці, ні абавязку, ні афіцэрскага гонару, гінуць за свае дамы людзі, якія ўсім сэрцам любяць Украіну. Сёння кожны, хто становіцца на бок дабра, рызыкуе ўсім. Але быць на баку дабра – гэта адзіны правільны выбар.

    Калі мне не хапае сіл, я успамінаю Ларысу Генюш і іду далей. І сёння я запрашаю кожнага з нас успомніць гісторыі людзей, якія зрабілі магчымымі вялікія перамогі. І браць з іх прыклад. Быць адважнымі, як яны.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны