«Пражэктар рэгіёнаў»: у дзіцячым садзе №5 у Старых Дарогах выхавальнікі абражаюць дзяцей і прымяняюць фізічную сілу

Крыніца, дасведчаная пра сітуацыю ў дзіцячым садзе ў Старых Дарогах, расказала Пражэктару рэгіёнаў, як абыходзяцца з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця і як мясцовыя ўлады нічога не робяць з гэтай нагоды.

«Я не ведаю, як ставяцца да здаровых дзетак, але тым, хто мае асаблівасці, выхавальніцы, адна з іх Абрамава Святлана Францаўна, дазваляюць сабе даць па карку, штурхнуць і пастаянна абражаюць. Некаторыя супрацоўнікі спрабавалі пісаць скаргі ў выканкам, але нічога не адбывалася. Тых, хто паскардзіўся, потым вылічаюць і «вытраўліваюць»: ставяць нязручныя графікі, даюць дадатковую нагрузку».

Нашая крыніца лічыць, што выканкам ніяк не рэагуе, таму што ў загадчыцы садка Рудзені Ніны Іванаўны ёсць свае «падвязкі». Бацькі не ў курсе таго, што адбываецца, паколькі многія дзеткі не могуць распавесці – у іх парушэнні маўлення.

«Раней бацькі скардзіліся на тое, што выхавальнікі ядуць разам з дзецьмі, даядаюць за іх. Загадчыца зрабіла вымову, маўляў, вы не ешце, каб бацькі хаця б гэтага не бачылі».

Сам садок лічыцца даволі добрым, санаторнага тыпу і з 5-разовым харчаваннем, у горадзе шмат хто хоча туды патрапіць. Заробкі ў некаторых выхавальнікаў ледзь даходзяць да 500 рублёў у месяц. Сітуацыяй з абразамі дзяцей і прымяненнем да іх фізічнай сілы абураныя многія супрацоўнікі, але баяцца скардзіцца з-за магчымых рэпрэсій у бок іх сем'яў і страты працы, кажа крыніца.

Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, напішыце нам: https://t.me/bel2020_bot.

31 ліпеня 2021 в 14:57