• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на ўручэнні ўзнагароды Новака-Езёраньскага

    04 чэрвеня, 2021

    «Добры вечар, дарагія сябры Беларусі.

    Для мяне велізарны гонар атрымаць гэтую ўзнагароду. Разам з Вольгай і Марыяй, у асобе яе сястры Таццяны, мы прымаем узнагароду ад імя ўсіх беларусак і беларусаў, якія мужна супрацьстаяць дыктатуры.

    На жаль, нашая няскораная Марыя не можа быць сёння з намі. Рэжым трымае яе ў закладніках ужо 9 месяцаў. Але я адчуваю яе непераможны дух, які тут сёння з намі. Яна абавязкова выйдзе на свабоду, як і паўтысячы палітычных зняволеных. 

    Здавалася, чалавек да ўсяго прывыкае, але нам усё роўна цяжка. Ужо мінуў год, як пасадзілі майго мужа, а я дагэтуль не магу звыкнуцца з гэтай думкай. Штодня мне баліць за кожнага асуджанага, за кожнага несправядліва затрыманага, за кожнага, хто вымушана з'ехаў з краіны. 

    У гэтай залі прысутнічаюць бацькі Рамана Пратасевіча, якога трымаюць у гестапа, дзе выбіваюць прызнанні, магчыма, катуюць. Віна Рамана толькі ў тым, што ён пісаў праўду і хацеў вярнуць у нашую краіну справядлівасць і свабоду. Мне баліць за Рамана, і я веру, што ён таксама хутка вернецца дадому.

    Супраць нашага народа распачалі сапраўдны тэрор. Гэта выпрабаванне нашай стойкасці, але таксама нашай салідарнасці. Менавіта салідарнасць была жыццёвым прынцыпам Яна Новака-Езёраньскага. Менавіта  салідарнасць аб’яднала палякаў у барацьбе за свабоду, спачатку рабочых, а потым і ўвесь народ. Менавіта салідарнасць прывяла Польшчу да першых паўсвабодных выбараў, з якіх і пачаліся мірныя перамены.

    Як палякі тады, так і беларусы зараз таксама выбралі мірны шлях барацьбы. Менавіта ў такой барацьбе загартоўваецца народ. У такой барацьбе ўмацоўваецца салідарнасць. 

    Кажуць, што самы цёмны час перад світаннем. Я веру, што ўжо неўзабаве ўсе змогуць вярнуцца дадому: і тыя, хто ў засценках, і тыя, хто ў выгнанні. 

    Дзякуй за вашу салідарнасць і падтрымку! Жыве Беларусь!».

    Апошнія навіны