• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Кастрычнік 2022 / Выпуск 16

    25 кастрычніка, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot . Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    З'явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі выдання дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і ангельскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Берлінская асацыяцыя «Акадэмічная сетка Усходняй Еўропы» (Akademisches Netzwerk Osteuropa) у межах праграмы «Навука ў небяспецы» (Science at risk) прапануе кансультацыйна-арганізацыйную дапамогу беларускім даследчыкам і вучоным, якія пацярпелі ад рэпрэсій і вайны. Дапамога ўключае два напрамкі: экстраную дапамогу з пошукам праграмаў падтрымкі для працягу даследчай, выкладчыцкай дзейнасці ці навучання і прапанову правядзення лекцый і заняткаў за ўзнагароду.

    – Цэнтр EducationUSA запрашае студэнтаў з Беларусі, якія хочуць вучыцца ў ЗША ў магістратуры ці ў дактарантуры, на бясплатны пяцімесячны анлайн-курс падрыхтоўкі да паступлення на Graduate Student Advising Program (GSAP). Найбольш паспяховыя слухачы курса атрымаюць магчымасць бясплатнага праходжання некаторых тэстаў, неабходных для паступлення ў ВНУ і акадэмічныя ўстановы ЗША. Таксама такім суіскальнікам будзе адданая перавага пры разглядзе іх заяўкі на ўдзел у праграме Opportunity, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку ўрада ЗША.

    – Фонд «Дом навук аб чалавеку» і «Цэнтр франка-расійскіх даследаванняў» абвясцілі конкурс заявак для вучоных на атрыманне стыпендыі тэрмінам ад 2 да 3 месяцаў для правядзення даследаванняў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Памер стыпендыі, якая разлічаная ў тым ліку на пакрыццё выдаткаў на пражыванне і дарогу, складае 1600 еўра на месяц. Таксама адабраным удзельнікам арганізатары абяцаюць аказаць візавую падтрымку, садзейнічаць у набыцці месца для працы, даць рэкамендацыйныя лісты для працы ў бібліятэках і архівах. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна мець ступень кандыдата навук і папярэднюю дамоўленасць з адной з акадэмічных установаў Францыі пра тое, што яна выступіць у ролі прымаючага боку на перыяд правядзення даследавання. Апошні тэрмін падачы заявак – 9 снежня 2022 г.

    – Федэральнае міністэрства замежных справаў Германіі абвясціла конкурс заявак на атрыманне гранта ў межах праграмы «Пашырэнне супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краінаў Усходняга партнёрства і Расіі». Гранты будуць давацца недзяржаўным і некамерцыйным арганізацыям, а таксама асобам, дзейнасць якіх накіраваная на барацьбу з дэзінфармацыяй, умацаванне грамадзянскай супольнасці, наладжванне сувязяў паміж супольнасцю палітычных мігрантаў і грамадствам прымаючай краіны, падтрымку жанчын, абарону клімату, развіццё культурных і адукацыйных сувязяў паміж моладдзю з краінаў Усходняга партнёрства і іншыя ініцыятывы. Асаблівасцю конкурса з’яўляецца тое, што ў ім могуць удзельнічаць праекты і арганізацыі, якія знаходзяцца ў часовай эміграцыі і дзейнічаюць у інтарэсах беларусаў, якія пражываюць за межамі сваёй краіны. Для адабраных праектаў будуць вылучаныя гранты ў памеры ад 50 000 еўра. Прыём заявак – з 20 верасня да 22 кастрычніка.

    – Для беларускіх вучоных са ступенню магістра, кандыдата або доктара навук адкрытая магчымасць атрымання стыпендыі ўрада Швейцарыі тэрмінам на 1 год, якая складзе ад 1920 да 3500 швейцарскіх франкаў на месяц у залежнасці ад віду праграмы. Пачатак праграмы – 1 верасня 2023 г. Апошні тэрмін падачы заявак – 9 снежня 2023 г.

    • Рэпрэсіі

    – 3 кастрычніка была затрыманая былая дацэнтка МДЛУ, вядомая выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, раней звольненая з універсітэта за ўдзел у пратэстах. На яе заведзеная крымінальная справа па арт. 342 КК за «перакрыццё праезнай часткі» падчас пратэстных маршаў 2020 г., а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» ды інтэрв’ю «Еўрарадыё», якое прызнанае беларускім рэжымам «экстрэмісцкім». Гэта ўжо шостае затрыманне Дулінай за яе ўдзел у пратэстах.

    – Ганна Тукава, якую затрымлівалі 1 верасня на школьнай лінейцы ў Наваполацку за выказванне пратэсту супраць мілітарызму, з’явілася перад судом ужо ў трэці раз. Яе абвінавацілі ў тым, што на яе закрытай старонцы ў Інстаграм была размешчаная выява ўкраінскага сцяга, што было кваліфікавана як незаконнае «пікетаванне». Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Тукаву вінаватай у парушэнні арт. 23.34 КоАП і прысудзіла ёй штраф памерам у 100 базавых велічыняў. Улічваючы папярэднія штрафы, жанчына павінна будзе заплаціць 7360 рублёў.

    – У кастрычніку КДБ уключыў палітзняволенага Андрэя Пятроўскага ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Пятроўскі працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў школах і гімназіі Смаргоні. У сакавіку 2022 г. мужчына паказаў 11-класнікам на ўроку відэаролік «Канстытуцыя сышла ў прастытуцыю!». Па даносе аднаго з вучняў ён быў затрыманы і ў далейшым прызнаны вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса («паклёп на прэзідэнта»). Суддзя Людміла Міхневіч прысудзіла Пятроўскаму паўтара гады калоніі агульнага рэжыму.

    • Палітыка рэжыму

    – 6 кастрычніка Міністэрства адукацыі апублікавала палажэнне «Аб установе вышэйшай адукацыі», згодна з якім для ўстановаў вышэйшай адукацыі зараз будзе абавязковым і прыярытэтным ідэалагічнае выхаванне моладзі. Гэтая задача ставіцца ведамствам не толькі перад кіраўніцтвам ВНУ і факультэтаў, але і перад кафедрамі. Больш за тое, рэалізацыя палажэння мяркуе стварэнне ў вучэбных установах спецыяльных «упраўленняў», якія будуць здзяйсняць функцыю ідэалагічнага выхавання.

    – 22 верасня Міністэрства адукацыі зацвердзіла «Інструкцыі аб правядзенні выхаваўчай працы педагагічнымі работнікамі ў пазаўрочны час з навучэнцамі». Згодна з новым дакументам, выхаваўчая праца школьнікаў і студэнтаў, якая ставіцца ў абавязак педагогам у вольны ад заняткаў час, вызначаная, у першую чаргу, як «фармаванне ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да памяці абаронцаў Айчыны».

    – 3 кастрычніка А. Лукашэнка даў распараджэнне «мабілізаваць усіх» на сельскагаспадарчыя работы па зборы ўраджаю, уключаючы навучэнцаў школаў і ВНУ. Па яго меркаванні, прыцягненне дзяцей і моладзі да такой працы мае важнае выхаваўчае значэнне.

    – Па дадзеных інфармацыйна-аналітычнага партала banki24.by, за 8 месяцаў 2022 г. у Беларусі розніца паміж колькасцю звольненых супрацоўнікаў установаў адукацыі і колькасцю прынятых на працу склала 17 тыс. чалавек, што сведчыць пра беспрэцэдэнтна буйны адток кадраў у сферы адукацыі.

    – У Мінску пасля інцыдэнта каля школы «Смарт скул» і абвінавачванняў А. Лукашэнкі на адрас прыватных школаў было зачынена больш за тры дзясяткі прыватных навучальных установаў (г.зн. амаль усе). Працу працягваюць толькі тры прыватныя школы, заснавальнікі як мінімум дзвюх з іх з’яўляюцца набліжанымі да Лукашэнкі. У выніку закрыцця школаў каля дзвюх тысячаў дзяцей у Мінску сутыкнуліся з неабходнасцю знайсці новае месца вучобы ў тэрміновым парадку. Для прыёму дзяцей на вучобу адміністрацыі сталічных дзяржаўных школаў былі вымушаныя працаваць у выходныя дні.

    – У пачатку кастрычніка стала вядома, што беларускія ўлады зачынілі Хрысціянскі сацыяльны цэнтр «Місія добрага самараніна», пры якім з 2018 г. працавала школа для дзяцей. Цэнтр і школа з’яўляліся ўстановамі Рымска-каталіцкага касцёла Беларусі.

    – Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык назваў дзеянні бацькоў, якія не хочуць уладкоўваць сваіх дзяцей на навучанне ў дзяржаўныя школы ў сувязі з закрыццём гродненскай прыватнай школы, «перашкодай атрыманню дзяцьмі адукацыі», што, па словах чыноўніка, з’яўляецца нагодай для пастаноўкі сям’і на ўлік па сацыяльна-небяспечным становішчы.

    – У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» з’явіўся мемарыяльны стэнд расійскага ваеннаслужачага Аляксандра Крыніна, які ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць Украіны і загінуў на яе тэрыторыі ў сакавіку 2022 г. Прычынай з’яўлення стэнда стала тое, што Крынін раней адпачываў у гэтым лагеры. Паказальна, што стэнд зроблены па ўзоры і ўсталяваны побач з мемарыяльным стэндам Героя Беларусі Мікіты Куканенкі – беларускага лётчыка, які загінуў у 2022 г., адводзячы самалёт, які падае, ад жылых кварталаў г. Баранавічы.

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліна Коўшык і прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова прынялі сумесную заяву ў адказ на публікацыю Міністэрствам адукацыі палажэння «Аб установах вышэйшай адукацыі». У заяве гаворыцца пра тое, што ў моладзі немагчыма сфармаваць грамадзянскасць і патрыятызм на падставе «ідэалогіі, якую прасоўвае Лукашэнка і ягоныя прапагандысты», а таксама змяшчаецца заклік да выкладчыкаў абмежаваць уплыў дзяржаўнай ідэалогіі на навучэнцаў.

    – Прэс-служба ЕГУ паведаміла, што сёлета, у параўнанні з папярэднім годам, універсітэт прыняў на вучобу ўдвая больш студэнтаў, 70% з якіх – беларусы. Паказальна, што самай запатрабаванай спецыяльнасцю стала «Інфарматыка», адкрытая сёлета ў партнёрстве з беларускай ІТ-кампаніяй EPAM.

    – «Нямецкая хваля» (Deutche Welle) расказала пра клуб беларускай моладзі Польшчы «Суполка», які ладзіць рэгулярныя інтэграцыйныя сустрэчы беларусаў 16-25 гадоў. Таксама выданне распавяло гісторыі трох удзельнікаў сустрэ-чаў, беларускіх студэнтаў, якія пакінулі Беларусь па палітычных матывах, і пра тое, ці збіраюцца яны вяртацца дадому.

    Апошнія навіны