• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Эсэ Святланы Ціханоўскай для The New York Times

    23 жніўня, 2021

    «Ніхто ў Еўропе не застрахаваны ад дыктатара маёй краіны»
    Эсэ Святланы Ціханоўскай для The New York Times

    Святлана Ціханоўская была кандыдаткай на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў мінулым годзе, а зараз з'яўляецца лідаркай апазіцыі ў выгнанні і ўзначальвае рух за дэмакратыю ў краіне.

    «Усяго год таму, 9 жнiўня 2020 года, я была кандыдаткай у прэзідэнты і супернічала на выбарах з Аляксандрам Лукашэнкам. Але дыктатар, які ўжо 27 гадоў практычна аднаасобна кіруе краінай, сфальсіфікаваў вынікі выбараў, што вылілася ў масавыя пратэсты. Мы аб'ядналіся і арганізавалі агульнанацыянальны рух за дэмакратыю. Нашымі патрабаваннямі былі і застаюцца вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, спыненне гвалту і правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

    Рэжым адказаў жорсткасцю. З тых часоў было затрымана больш за 35 тысяч чалавек, амаль 5 000 з іх сцвярджаюць, што зведалі катаванні. Улады распачалі 4 691 палітычна матываваную крымінальную справу, а па дадзеных незалежнага праваабарончага цэнтра «Вясна», у цяперашні час у краіне больш за 600 палітвязняў. Дзесяць чалавек загінулі.

    Мінулы год быў няпростым. Беларусы зразумелі, што шлях да дэмакратыі доўгі і цяжкі. Але барацьба не абмяжоўваецца Беларуссю: ўсе дэмакратычныя дзяржавы зацікаўлены ў тым, каб у нашай краіне аднавіліся стабільнасць і вяршэнства закона. Падтрымаць нашую справу – не толькі іх маральны абавязак. У гэтым ёсць і стратэгічны разлік: аўтарытарны рэжым мае пагрозу для ўсёй Еўропы, і на карысць усіх еўрапейцаў яго неабходна спыніць. А беларусы, якія ўжо прайшлі велізарны шлях, павінны стаць свабоднымі.

    Нескладана заўважыць, у чым сіла нашай барацьбы за дэмакратыю. Летась 16 жніўня сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў. З тых часоў мірныя пратэсты працягваліся: людзі збіраліся ў вялікія і малыя калоны, выходзілі на маршы і выказвалі сваю нязгоду іншымі спосабамі. Усяго за 2020 год да паўтара мільёна беларусаў прынялі ўдзел у дэманстрацыях. Яны самаарганізаваліся з дапамогай сацыяльных сетак, YouTube- і Telegram-каналаў.

    Вядома, былі і няўдачы. Мы разічвалі на інтэрнет, і рэжым скарыстаўся гэтым: яго інструментамі барацьбы з народам сталі адключэнне сувязі і цэнзура. Улады блакавалі вэб-сайты і грамілі рэдакцыі незалежных СМІ. З часам з-за бязлітасных рэпрэсій рэжыму павысілася цана ўдзелу ў пратэстах. І гэта пры тым, што мы спрабавалі пераканаць чыноўнікаў і сілавікоў перайсці на наш бок. Мы верылі, што дзякуючы гэтаму рэжым падзе.

    У адказ на рэпрэсіі мы сталі будаваць новую грамадзянскую супольнасць, заснаваную на сетцы фондаў салідарнасці, стачачных камітэтаў, незалежных СМІ, арганізацый узаемадапамогі і валанцёрскіх груп. Многія з нашых структур каардынуюцца праз абароненыя месенджары ці нават друкаваныя газеты. Прытрымліваючыся сваёй Канцэпцыі нацыянальнага прымірэння, мы запрашалі далучыцца да нас тых дзяржслужбоўцаў, хто не датычны да злачынстваў супраць беларусаў. Сіла нашага руху – у гарызантальных сувязях, нефармальных супольнасцях і агульнай веры ў тое, што ў Беларусі будуць свабода, вяршэнства закона і дэмакратыя.

    Свет аб'яднаўся вакол нас. Часам Беларусь становіцца менавіта той тэмай, па якой у палітычнай эліты краін ёсць кансенсус. У гэтым я пераканалася, сустрэўшыся з лідарамі ўжо 31 дзяржавы. Цяпер мы заклікаем да склікання міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўня для распрацоўкі «дарожнай карты» мірнага выхаду з крызісу шляхам перамоў. Так, дыктатар Лукашэнка будзе чыніць нам перашкоды. Але мы лічым, што скончыць крызіс можна: для гэтага трэба ў бліжэйшыя шэсць месяцаў правесці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраннем.

    На нядаўніх сустрэчах з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Барысам Джонсанам я падкрэслівала, што падтрымаць беларусаў – маральны абавязак дэмакратычных краін. Беларусь знаходзіцца на перадавой у барацьбе паміж аўтарытарызмам і дэмакратыяй. Так, міжнародная падтрымка дае нам надзею, але сусветная супольнасць можа зрабіць значна больш. Беларусам патрэбная дапамога з боку дэмакратычных краін. Праграмы такой дапамогі, напрыклад, ужо прапанавалі Данія і Германія. Данія падтрымае беларускія незалежныя СМІ, а Германія дасць гранты студэнтам.

    Неабходны мэтанакіраваны ўдар па рэжыму Лукашэнкі. Мы вітаем санкцыі, абвешчаныя Еўрапейскім саюзам і ЗША ў дачыненні да прадпрыемстваў і чыноўнікаў, якія фінансуюць або ажыццяўляюць рэпрэсіі. Цяпер вельмі важна ліквідаваць любыя шчыліны, якія могуць выкарыстоўваць Лукашэнка і яго саюзнікі. Рэжым таксама павінен быць адрэзаны ад міжнароднага фінансавання, якое паступае з Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Сусветнага банка або Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Міжнародны валютны фонд павінен адмовіць Лукашэнку ў доступе да фінансавай падтрымкі. Нарэшце, прадстаўнікі дыктатуры ў Беларусі павінны паўстаць перад міжнародным судом і адказаць за свае злачынствы.

    У рэшце рэшт, справа не толькі ў Беларусі. Рэжым стаў пагрозай для бяспекі ўсёй Еўропы. У траўні беларускі рэжым вымусіў экіпаж самалёта еўрапейскай авіякампаніі здзейсніць пасадку ў Мінску. Акт міжнароднай агрэсіі – дзеля таго, каб захапіць журналіста. Літаральна ў гэтым месяцы ў Кіеве быў знойдзены павешаным кіраўнік Беларускага дома ва Украіне. Пакуль у цэнтры Еўропы ва ўладзе знаходзіцца злачынец, ні адзін грамадзянін Еўропы не можа адчуваць сябе ў бяспецы.

    Рэжым будзе спрабаваць выйграць час, імітуючы рэформы або спрабуючы абмяняць вызваленне палітычных зняволеных на змякчэнне санкцый, як ужо прапаноўвалі некаторыя дзяржаўныя дыпламаты. Сусветная супольнасць не павінна паверыць у адлігу. Наадварот, дэмакратычныя дзяржавы могуць дапамагчы беларусам зрынуць дыктатуру і здабыць свабоду. Для гэтага патрэбная рашучая і скаардынаваная падтрымка з боку замежных партнёраў».

    Апошнія навіны