• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Сустрэча з параненымі і беларускай дыяспарай, Сенат Чэхіі, падтрымка студэнтаў і журналістаў: вынікі двух дзён візіту Ціханоўскай у Чэхію

    07 чэрвеня, 2021

    Святлана Ціханоўская знаходзіцца з афіцыйным візітам у Чэхіі, дзе сустракаецца з прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і Сенатам. Ціханоўская стане другім у гісторыі палітыкам, які выступіць перад Сенатам Чэхіі.

    Сёння беларуская лідарка наведала Вальдштэйнскі палац, дзе сустрэлася з кіраўніком Сената і шэрагам сенатараў. Усе палітыкі надзелі бела-чырвона-белыя значкі ў знак падтрымкі нашага народа. Ціханоўская падзякавала за непрызнанне рэжыму, падтрымку санкцый, праграму MEDEVAC для лячэння рэпрэсаваных беларусаў, а таксама дапамогу беларускім незалежным медыя. Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць падтрымкі мясцовых супольнасцяў, валанцёраў, рабочага руху. Яна распавяла пра ініцыятыву «Рабочы рух» і план «Перамога». Разам з кіраўніком Сената Мілашам Выстрчылам яна правяла сумесную прэс-канферэнцыю. Там Ціханоўская заклікала кожнага чэха напісаць ліст палітвязням Беларусі, а мясцовыя СМІ – гаварыць пра беларускі крызіс.

    Потым Святлана Ціханоўская накіравалася на сустрэчу з Дагмар Гаўлавай, удавой чэшскага палітыка і першага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Ціханоўская адзначыла, што Гавел заўсёды перажываў за Беларусь: ён пісаў лісты беларускім палітвязням, і падтрымліваў пытанне Беларусі ў свеце.

    Вацлаў Гавел стварыў у свой час стыпендыяльную праграму для журналістаў. Яе стыпендыятамі з'яўляюцца Ігар Лосік і Раман Пратасевіч, якія знаходзяцца зараз у зняволенні ў рэжыма Лукашэнкі. У размове з Гаўлавай пра лідара «Аксамітнай рэвалюцыі» таксама апынулася, што апошні ліст, які Вацлаў Гавел напісаў у сваім жыцці, быў лістом беларускім палітвязням. Удава палітыка падарыла беларускай лідарцы сардэчка з працоўнага стала Гаўла, якія ён калекцыянаваў. Святлана Ціханоўская адзначыла, што «сардэчка любові ў Беларусі зараз заўсёды будзе са мной». Яны дамовіліся падтрымліваць культурныя ініцыятывы беларусаў у Чэхіі.

    У той жа дзень Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з жанчынамі-пасламі ў Чэхіі – Канады, Літвы, Мексікі, Латвіі, ПАР, Інданезіі, Славеніі, Аўстрыі, Тайланда, Эстоніі, Румыніі, ЗША. Ціханоўская падкрэсліла, што любая падтрымка мае вялікае значэнне для беларусаў. «Як толькі свет пачаў гаварыць у адзін голас, беларусы адчулі надзею на перамены. Дзякую вам за падтрымку. Вельмі важна, што беларускае пытанне аб'ядноўвае незалежна ад палітычнай арыентацыі, кантынента або прафесіі», – адзначыла Ціханоўская.

    Таксама сёння Ціханоўская сустрэлася з удзельнікамі праграмы рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій у Беларусі MEDEVAC і з рэктарам, прарэктарамі і студэнтамі Карлавага ўніверсітэта, які адкрыў дзверы для адлічаных у Беларусі студэнтаў. Святлана Ціханоўская падзякавала за дапамогу беларусам і прапанавала ўніверсітэту распрацаваць спецыяльныя праграмы для нашых студэнтаў, каб яны маглі вучыцца дыстанцыйна.

    Пад канец дня Святлана Ціханоўская выступіла на мітынгу ў цэнтры Прагі, дзе сустрэлася з беларускай дыяспарай каля помніка Францішку Скарыну. Больш за 1500 беларусаў прынялі ўдзел у двух мерапрыемствах. Беларусы распавялі свае гісторыі ўдзелу ў пратэстах, а таксама разам праспявалі культавую песню нашай рэвалюцыі «Разбуры Турмы муры».

    Апошнія навіны