• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская перад Алімпіядай правяла тэлефанаванне з беларускімі спартоўцамі і Фондам спартыўнай салідарнасці

    29 студзеня, 2022

    У тэлефанаванні бралі ўдзел кіраўніца Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя, выканаўчы дырэктар фонду Аляксандр Апейкін, а таксама баскетбалістка Кацярына Сныціна, былы галоўны трэнер гандбольнага «Віцязя» Канстанцін Якаўлеў, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, гімнаст Сямён Букін.

    Ціханоўская пачала з падзякі Герасімені за зварот да беларусаў, украінцаў і расіянаў з-за пагрозы вайны https://youtu.be/nJS01TYtgyA.

    На тэлефанаванні абмеркавалі, як напярэдадні Алімпіяды ўзняць пытанне рэпрэсій у беларускім спорце і заклікаць замежных атлетаў публічна падтрымаць сумленных спартоўцаў з Беларусі.

    Святлана Ціханоўская спытала пра цяперашнюю працу фонду. Аляксандр Апейкін расказаў пра зацяжную і няпростую кампанію супраць Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ). УЕФА больш за год не рэагуе на рэпрэсіі ў беларускім футболе, дзе АБФФ прызначае «патрэбных» суддзяў для забеспячэння «правільнага» выніку ў матчах ідэалагічна нядобранадзейных каманд і пакрывае гульцоў, якія трапіліся на дамоўных матчах. Акрамя таго, АБФФ склала спіс з «нядобранадзейных» футбалістаў, з якімі камандам рэкамендуецца не працягваць кантракт. Святлана Ціханоўская адказала, што падтрымае кампанію Фонду і звернецца да дэпутатаў Еўрапарламента з заклікам накіраваць запыты чальцам выканкама УЕФА наконт рэпрэсій у беларускім футболе.

    Спартоўцы падзяліліся, як важна дапамагчы рэпрэсаваным ці завяршыўшым кар'еру беларускім атлетам. Дапамогай з боку ЕС можа быць удзел спартоўцаў у розных майстар-класах, лекцыях, сустрэчах, падчас якіх атлеты змогуць дзяліцца вопытам і расказваць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

    Таксама прадстаўнікі Фонду ўзнялі пытанне спартыўнага «каранціну». Сотні атлетаў не могуць выступаць пад беларускім сцягам з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі – рэжым не дапускае іх да спаборніцтваў. Беларусы могуць выступаць пад нейтральным алімпійскім сцягам, не прадстаўляючы рэжым. Аднак для гэтага ім трэба вытрымаць трохгадовы «каранцін» – вельмі вялікі тэрмін, які можа каштаваць спартоўцу кар'еры. Міжнародны Алімпійскі Камітэт (МАК) можа скараціць «каранцін» для рэпрэсаваных спартоўцаў, аднак патрэбная воля кіраўніцтва. Святлана Ціханоўская абяцала ўзняць гэтае пытанне падчас міжнародных сустрэч і медыйных выступаў, каб заклікаць МАК да дзеянняў.

    Падчас тэлефанавання таксама абмеркавалі «рэферэндум» і адзіную стратэгію дэмсілаў. Святлана Ціханоўская падзякавала спартоўцам за тое, што яны актыўна заклікаюць беларусаў у краіне ісці на ўчасткі, перакрэсліваць усе варыянты ў бюлетэнях і адзначаць сваю нязгоду ў «Голасе», а ў дыяспары – яшчэ і праводзіць экзітполы.

    «Падчас візітаў я заўсёды кажу пра спорт, адукацыю і медыцыну. У кожнай краіне мы абмяркоўваем магчымасць дапамогі. У мінулым годзе Германія выдзеліла значную падтрымку спартоўцам. Увосень на сустрэчы з намеснікам дзяржсакратара ЗША мы таксама абмяркоўвалі пытанне спорту. Ведайце, што мы вельмі рупімся за нашых спартоўцаў», – дадала Ціханоўская.

    Апошнія навіны