• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на Нобелеўскім мітынгу ў Осла, 2022

    10 снежня, 2022

    «Дарагія сябры,

    У свеце няма нічога важней за свабоду. Але нельга прымаць свабоду як належнае. І свабода не даецца назаўжды.

    Яе могуць адабраць у любы момант. Нашая барацьба за свабоду ніколі не сканчалася.

    Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру як ніхто іншы разумеюць важнасць свабоды і плацяць за яе вельмі высокую цану.

    Беларус Алесь Бяляцкі, расійскі «Мемарыял» і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў адстойваюць свабоду як сапраўдныя героі. Яны нястомна і адважна імкнуцца зрабіць свет лепшым і свабодным.

    У майго сябра, беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, не было магчымасці атрымаць сваю прэмію. Ён утрымліваецца ў нечалавечых умовах у беларускай турме, куды яго пасадзіў дыктатарскі рэжым. Але нават з турмы ён працягвае натхняць нас змагацца далей. І я спадзяюся, што ён таксама адчувае нашую падтрымку.

    Барацьбу за свабоду часта рамантызуюць. Але ў гэтай барацьбы ёсць і іншы, больш змрочны бок: шлях да свабоды выбрукаваны болем, слязамі і пакутамі.

    Цяжка быць аптымістам, калі ведаеш, што прама цяпер аднаго з тваіх сяброў катуюць у КДБ, а іншаму можа пагражаць смяротнае пакаранне за тое, што ён кінуў выклік тыраніі.

    Цяжка быць аптымістам, калі твой горад бамбяць, а ўчора ты пахаваў свайго найлепшага сябра ці чальца сям'і.

    Сёння мы аддаем даніну павагі кожнаму беларусу, кожнаму ўкраінцу, якія, нягледзячы на такі жах і страх, працягваюць змагацца. Якія высока трымаюць паходню святла, нават калі ўсё вакол агорнутае цемрай.

    Тое, што мы бачым у Беларусі, і тое, што мы бачым ва Украіне, – гэта барацьба паміж свабодай і тыраніяй, паміж справядлівасцю і беззаконнем, паміж цёмным мінулым і светлай будучыняй.

    Зло мінулага спрабуе разбурыць усё тое, што мы пабудавалі і чым даражым. Сёння яно кідае выклік усім нам: ці гатовыя мы абараняць нашыя каштоўнасці? Ці мы проста гледачы, у якіх не хапае на гэта смеласці?

    Тут, сярод прысутных, няма гледачоў. Мы ўсе – байцы. Мы абаронцы свабоды. І нашая барацьба глабальная. Ніхто не будзе вольны, пакуль вольнымі не стануць усе.

    Я ведаю, што часам вам здаецца, што супрацьстаянне ў Беларусі – гэта недзе далёка. Але паверце мне: значэнне мае кожнае слова падтрымкі, кожная праява салідарнасці, кожнае смелае рашэнне, якое прымаеце вы ці ваш урад.

    Гэта сапраўды важна. Гэта дапамагае нам працягваць барацьбу. Кожны з нас можа рабіць свае маленькія, але адважныя крокі. Але калі мы будзем едныя – мы будзем ісці да перамогі мільёнамі.

    Я веру, што сёння не толькі беларусы і ўкраінцы, але і ўвесь свет павінен быць цалкам адданы гэтай барацьбе за справядлівасць.

    Гэта не толькі нашая мэта, але і наш абавязак, каб:

    • Вызваліць Алеся Бяляцкага і тысячы беларусаў з турмаў.
    • Дапамагчы Украіне перамагчы ў вайне.
    • І вярнуць мір, стабільнасць і дэмакратыю на наш кантынент.

    Няма нічога немагчымага. Крок за крокам мы пераможам гэтае зло. І так, мы будзем жыць у свеце, дзе выконваюцца правы кожнага чалавека.

    Беларусы жывуць дзеля гэтай мары і змагаюцца за яе кожны дзень. І вы ведаеце, калі мы глядзім у будучыню, мы заўсёды кажам: «Вясна прыйдзе!»

    Разам мы зможам ажыццявіць нашую агульную мару і будзем разам насалоджвацца вясной, калі будзем вольныя!

    Дзякуй! Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны