• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Супярэчыць 10 артыкулу Канстытуцыі». Юрыстка Офіса Ціханоўскай – пра пазбаўленне беларусаў грамадзянства

    14 снежня, 2022

    Юрыстка Офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр пракаментавала прыняцце паправак у Закон Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь:

    «Прынятыя змены ў Закон Аб грамадзянстве відавочна накіраваныя на тых беларускіх грамадзянаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну з-за боязі пераследу па палітычных матывах. Таксама гэта можа закрануць тых, хто быў асуджаны па так званых «экстрэмісцкіх» артыкулах, але ўцёк ад пераследу ў іншыя краіны.

    Гэта не першая спроба рэжыму пазбаўляць грамадзянства палітычных апанентаў. У жніўні 2021 года быў прыняты Указ № 302, які ўнёс змены ў Закон Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з ім з'явілася магчымасць пазбаўляць грамадзянства беларусаў і беларусак, якія атрымалі яго не па нараджэнні.

    Новы праект закона ўстанаўлівае, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь, у тым ліку які атрымаў грамадзянства па нараджэнні, можа быць яго пазбаўлены, калі ў адносінах да яго ўступіў у законную сілу прыгавор суда Рэспублікі Беларусь, які пацвярджае яго ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ім цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, – калі такая асоба знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

    З улікам таго, што рэжым разумее пад «удзелам у экстрэмісцкай дзейнасці» любую рэалізацыю палітычных правоў і свабодаў, а «экстрэмісцкімі» прызнаюцца любыя ініцыятывы, накіраваныя на развіццё дэмакратыі ў краіне, нескладана здагадацца, як на практыцы будзе прымяняцца гэты закон: «завочны суд» над апанентам рэжыму, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь, канфіскацыя маёмасці гэтага апанента ў адпаведнасці з «прыгаворам», а затым – пазбаўленне грамадзянства.

    Законапраект, прыняты сёння адразу ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, супярэчыць арт. 10 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якой ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства.

    Таксама ён супярэчыць міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці – пункту 2 артыкула 15 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ААН.

    Больш за тое, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, даючы канстытуцыйную ацэнку папярэднім папраўкам у Закон Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь, пацвердзіў прыхільнасць абароне права на грамадзянства, атрыманае па нараджэнні.

    Міжнародныя стандарты ў гэтай галіне ўстаноўленыя Канвенцыяй ААН аб скарачэнні безграмадзянства, якую Рэспубліка Беларусь не падпісала. Гэтая Канвенцыя прадугледжвае магчымасць пазбаўлення грамадзянства ў пэўных выпадках. Аднак тыя краіны, якія практыкуюць пазбаўленне грамадзянства з-за экстрэмісцкай ці тэрарыстычнай дзейнасці, пільна глядзяць на тое, ці атрыманае грамадзянства па нараджэнні, і ці ёсць у такога чалавека іншае грамадзянства, каб ён не стаў апатрыдам (асобай без грамадзянства).

    Такім чынам, прыняцце зменаў і дапаўненняў у Закон Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь фактычна мае адзіную мэту – магчымасць неправамерна пазбаўляць грамадзянства па палітычных матывах тых беларусаў і беларусак, да якіх не зможа дабрацца абсалютна сляпая беларуская Феміда». 

    Апошнія навіны