• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская выступіла перад сенатам Чэхіі

    10 сакавіка, 2021

    Сёння Святлана Ціханоўская ў анлайн-фармаце выступіла з прамовай перад сенатам Чэхіі. Гэта першы кантакт з урадам Чэхіі на такім узроўні пасля зносін з кіраўніком МЗС Томашам Петржычакам.

    Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская:

    – падзякавала сенатарам за тое, што Чэхія трымае Беларусь на парадку дня, і падкрэсліла, што ў свой час Вацлаў Гавел шмат казаў пра парушэнні правоў чалавека і паслявыбарчыя рэпрэсіі ў Беларусі. Цяперашні ўрад краіны можа яшчэ больш актыўна падымаць тэму беларускага крызісу;

    падзякавала за дапамогу, якая аказваецца ахвярам катаванняў сілавікоў, за падтрымку адлічаных беларускіх студэнтаў і звольненых супрацоўнікаў ВНУ. У межах праграмы Medevac 43 беларусы былі прынятыя Чэхіяй на рэабілітацыю ў сувязі з псіхалагічнымі і фізічнымі траўмамі;

    распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, масавымі рэпрэсіямі: на сёння ў Беларусі 269 зняволеных па палітычных матывах, больш за 2000 беларусаў зведалі крымінальны пераслед за сваю пазіцыю, больш за 32 000 былі затрыманыя за ўдзел у мірных пратэстах. Святлана Ціханоўская распавяла таксама пра наўмысныя інфікаванні зняволеных каранавірусам і адсутнасць у турмах медыцынскай дапамогі;

    – звярнула ўвагу на рэпрэсіі супраць Ігара Лосіка, кансультанта медыя «Радыё Свабода», якое месціцца ў Чэхіі. Раней Лосік 42 дні трымаў галадоўку, цяпер яму перасталі перадаваць лісты;

    – заклікала Чэхію ўзмацніць ціск на рэжым праз санкцыі, а чэшскія бізнесы – спыніць або абумовіць супрацоўніцтва з дзяржаўнымі кампаніямі, якія спансуюць рэжым Лукашэнкі. Таксама важна пераглядзець супрацоўніцтва на ўзроўні дзяржаўных арганізацый Чэхіі з Беларуссю, каб падтрымка ішла не рэжыму, а грамадзянскай супольнасці;

    – заявіла, што трэба ўнесці ў санкцыйныя спісы і прыцягнуць да адказнасці ў межах універсальнай юрысдыкцыі ўсіх, хто здзейсніў злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі;

    – заклікала ЕС разам з замежнымі партнёрамі расследаваць і замарозіць актывы сям'і Лукашэнкі;

    – заявіла, што павінны быць пачатыя перамовы пра мірную перадачу ўлады і адстаўку Лукашэнкі. Беларускі народ працягвае патрабаваць, каб усе палітвязні былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а прадстаўнікі рэжыму, якія здзейснілі злачынствы, былі пакараныя адпаведным чынам, а таксама каб у краіне як мага хутчэй прайшлі новыя сумленныя і адкрытыя выбары;

    – гаварыла пра надыходзячы Дзень Волі ў Беларусі, які адзначаецца 25 сакавіка, і прапанавала Чэхіі падтрымаць гэты дзень беларускай незалежнасці – далучыцца да акцый салідарнасці і адправіць лісты палітычным зняволеным.


    Фото: @SenatCZ
    Апошнія навіны