• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Ці меў супрацоўнік ГУБАЗіК Артур Гайко дачыненне да Офіса Святланы Ціханоўскай? Адказы на самыя частыя пытанні

    15 лістапада, 2022

    1. Паводле нашых крыніцаў, а таксама інфармацыі тэлеканала «Белсат», супрацоўнік ГУБАЗіК Артур Гайко меў дачыненне і да Офіса Святланы Ціханоўскай. Ці так гэта?

    – Не. Ён не працаваў, ніколі не бываў у Офісе, не сустракаўся з нашымі супрацоўнікамі, не меў доступу да ўнутранай інфармацыі і дакументаў Офіса. Таксама інфармацыя пра тое, што праз гэтага чалавека нібыта рабіліся праверкі бяспекі, – фэйк. Праверкі бяспекі ажыццяўляюцца праз BYPOL і іншыя структуры, з якімі супрацоўнічае Офіс (і сярод іх няма праекта ЧКБ).

    З агентам ГУБАЗіК у фармаце персанальнага кантакту размаўляў толькі адзін чалавек, які раней быў кансультантам Офіса. Паколькі гэта быў выпадак парушэння NDA, да кансультанта быў ужыты штраф і абмежаванне доступу да інфармацыі.

    2. Ці кантактаваў офіс з Данілам Багдановічам? Калі так, распавядзіце, з кім ён меў зносіны, якая інфармацыя была яму вядомая?

    – Так, нароўні з іншымі прадстаўнікамі медыя. Даніл не працаваў у Офісе, таму меў роўна столькі інфармацыі пра працу Офіса, колькі і іншыя аўтары медыя-каналаў.

    3. Ці былі сярод гэтай інфармацыі канфідэнцыйныя звесткі?

    – Людзі, якія не працуюць у Офісе, абмежаваныя ў атрыманні ўнутранай інфармацыі, інфармацыі пра супрацоўнікаў і партнёраў Офіса. Для такіх выпадкаў прадугледжаны NDA.

    4. Калі Гайко ўсё ж меў дачыненне да Офіса, то чаму пасля раскрыцця інфармацыі пра тое, што ён з'яўляецца супрацоўнікам ГУБАЗіК, Офіс публічна не распавёў пра гэтую гісторыю?

    – Гэты чалавек не меў дачынення да Офіса.

    Пра гісторыю публічна распавядалі. Тады, вясной 2021 года, у раскрыцці агента прымаў непасрэдны ўдзел BYPOL, і адразу пасля гэтага – яшчэ ў ліпені 2021 года апублікаваў расследаванне на гэтую тэму https://www.youtube.com/watch?v=SkEAqA1nh6g, якое толькі на канале BYPOL набрала больш за 200 000 праглядаў і было станоўча ўспрынята аўдыторыяй. Ужо тады былі дадзеныя адказы на пытанні па гэтай сітуацыі. Тады ж былі зробленыя высновы і прынятыя ўсе магчымыя меры.

    5. Ці была нанесеная нейкая шкода Офісу?

    – Мы ўжо тлумачылі, што NDA ў Офісе існуе для таго, каб абараняць людзей у Беларусі, а не палітыкаў у эміграцыі. Пры асабістым кантакце агента з адным з офісных кансультантаў магла быць раскрытая інфармацыя, планы ці погляды, якія падзяляў кансультант. Пры гэтым хочам адзначыць, што кансультанты не маюць доступу да асабістай інфармацыі партнёраў Офіса, актывістаў, людзей, якія непублічна маюць зносіны з Офісам.

    6. Якія высновы вы зрабілі з гэтай гісторыі, калі яна праўдзівая?

    – Мяркуючы па апублікаванай прапагандай інфармацыі, у агента была задача прабрацца менавіта ў Офіс. Але дзякуючы сістэме бяспекі і працы BYPOL яму гэта не ўдалося. Вядома, пасля таго, што адбылося, мы яшчэ больш узмацнілі сістэму бяспекі (каб не спрашчаць працу агентам, мы не можам раскрываць дэталяў), а BYPOL стаў дапамагаць арганізацыям у дэмакратычным руху наладзіць пратаколы бяспекі. Таму мы дзякуем партнёрам за пільнасць і прафесіяналізм.

    Таксама, рэзюмуючы крытыку Офіснага NDA, мы хочам адзначыць, што знаходзімся ў выключнай сітуацыі, якая патрабуе ад нас расстаўляць прыярытэты. Сёння для нас бяспека людзей у Беларусі стаіць вышэй за камфорт супрацоўнікаў Офіса, якія істотна абмежаваныя ў распаўсюджванні канфідэнцыйнай інфармацыі. Пры гэтым крытыкаваць Офіс мае права любы чалавек, што мы і назіраем апошнія тыдні, аднак гэтая крытыка не павінна змяшчаць канфідэнцыйныя звесткі, здольныя нанесці шкоду іншым людзям.

    Апошнія навіны