• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Палітыкі ЕС і ЗША пракаментавалі прысуд фігурантам «справы Ціханоўскага»

    15 снежня, 2021

    Гомельскі абласны суд сёння вынес прысуд фігурантам «справы Ціханоўскага», па якім Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а іншыя палітвязні атрымалі тэрміны ад 14 да 16 гадоў. Расказваем, як на гэта адрэагавалі палітыкі з ЕС і ЗША.

    • Кіраўніца МЗС Германіі, Аналена Бербак:

    «Я хацела б паўтарыць наш заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», – сказала Бербак.

    • Прэзідэнт Латвіі, Эгілс Левітс:

    «Будзь моцнай, Святлана Ціханоўская, і сям'і асуджаных сёння да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення рэжымам тырана Аляксандра Лукашэнкі. Як сказаў латвійскі дысідэнт Гунарс Астра ў судзе ў 1983 годзе, «гэты час знікне, як кашмар», – напісаў палітык.

    • Прэзідэнт Польшчы, Анджэй Дуда:

    «Выказваю салідарнасць з усімі палітвязнямі рэжыму Лукашэнкі – у т.л. з асуджанымі сёння ў рамках паказальнага працэсу Сяргея Ціханоўскага. Я ўражаны адвагай беларусак і беларусаў, барацьба якіх нагадвае нашу барацьбу з камуністычным рэжымам», – пракаментаваў Дуда.

    • Прэм'ер-міністр Славеніі, Янез Янша:

    «Будзь моцнай і смелай, Ціханоўская. У недалёкай будучыні, дыктатар будзе проста кепскім успамінам. І вы, змагары за свабоду, будзеце кіраваць сваёй Радзімай, лячыць раны і клапаціцца пра цудоўную краіну Беларусь і пра яе людзей», – напісаў Янша.

    • Дзяржсакратар ЗША, Энтані Блінкен:

    «Мы асуджаем сённяшнія палітычна матываваныя прысуды беларускім апазіцыянерам Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і журналісту Ігару Лосіку. Мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да вызвалення больш за 900 палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца рэжымам Лукашэнкі», – пракаментаваў прысуд Блінкен.

    • Міністр замежных спраў Даніі, Епэ Кофад:

    «Я заклікаю да неадкладнага безумоўнага вызвалення беларускіх дзеячоў апазіцыі, прыгавораных да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення на закрытых фіктыўных судовых працэсах. Уключаючы кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага. Паводзіны Лукашэнкі жорстка і няварта любой цывілізаванай краіны», – напісаў кіраўнік МЗС Даніі.

    • Міністр замежных спраў Польшчы, Збігнеў Раў:

    «Я з абурэннем успрымаю сённяшнія жорсткія прысуды амаль 20 год зняволення Сяргею Ціханоўскаму і пяці іншым асобам: Ігару Лосіку, Мікалаю Статкевічу, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову.

    Да нявінных людзей, якія прагнуць годнага жыцця для свайго народа, адносяцца як да небяспечных злачынцаў. Гэта пагарда да чалавека і яго годнасці, пагарда да беларускага народа. Немагчыма, каб гэты ганебны прысуд застаўся без наступстваў для ўлад у Мінску.

    Я зраблю ўсё магчымае дзеля вызвалення палітвязняў!», – пракаментаваў прысуд Раў.

    • Міністарка замежных спраў Эстоніі, Ева-Марыя Ліметс:

    «Я асуджаю прысуд, вынесены ў Беларусі Сяргею Ціханоўскаму за адстойванне фундаментальных правоў і свабод. Ён павінен быць неадкладна вызвалены, як і ўсе палітычныя вязні ў Беларусі. Палітычным рэпрэсіям няма апраўдання», – напісала палітык.

    • МЗС Нарвегіі:

    «Нарвегія асуджае сённяшнія прысуды палітвязням, у тым ліку Сяргею Ціханоўскаму і Ігару Лосіку, да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення. Жорсткі рэжым па-ранейшаму прымушае замаўчаць сваіх крытыкаў. Мы падтрымліваем людзей у Беларусі ў іхніх патрабаваннях пакласці канец рэпрэсіям.  #StandWithBelarus», – напісала ведамства.

    • МЗС Польшчы:

    «Сёння чарговыя палітвязні ў Беларусі былі асуджаныя на доўгія тэрміны турэмнага заняволення.

    • Сяргей Ціханоўскі
    • Мікалай Статкевіч
    • Ігар Лосік
    • Арцём Сакаў
    • Уладзімір Цыгановіч
    • Дзмітрый Папоў

    Мы будзем змагацца за Вашае вызваленне! #StandWithBelarus», – напісала ведамства.

    • Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента, Раберта Метсола:

    «Еўропа не адвернецца. Свет не заплюшчыць вочы на ​​тое, што адбываецца. Лукашэнка будзе прыцягнуты да адказнасці.  Беларусь будзе свабоднай», – напісала палітык.

    • Італьянскі палітык, Лаўра Болдрыні:

    «Я салідарная са Святланай Ціханоўскай у сувязі з 18-цю гадамі турэмнага зняволення, накладзенымі на яе мужа суддзямі рэжыму Лукашэнкі. Прысуд намаляваны, як і 11 гадоў Марыі Калеснікавай. Лютае запалохванне, каб прымусіць замаўчаць усе формы апазіцыі ў Беларусі», – напісала яна.

    • Дэпутат французскага парламента, Фрэдэрык Пеці:

    «Суддзя рэжыму Лукашэнкі прысудзіў мужу Святланы Ціханоўскай Сяргею Ціханоўскаму 18 гадоў пазбаўлення волі. Мае думкі са Святланай і яе сям'ёй перад абліччам гэтага абсурднага і агіднага рашэння. Час гэтай дыктатуры ўпасці!», – напісаў Пеці.

    • Амбасадарка ЗША ў Беларусі, Джулі Фішэр:

    «Зразумела, каго рэжым баіцца больш за ўсё. ЗША разам са сваімі партнёрамі працягвае змагацца за безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і ўсіх, хто сутыкнуўся з несправядлівым затрыманнем і прысудамі як інструментамі помсты.

    Прысуды, вынесеныя сёння Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыгановічу, Мікалаю Статкевічу, Арцёму Сакову і Дзмітрыю Папову – ясныя пасланні рэжыму Лукашэнкі сваім апанентам. Гэта беларусы, якія імкнуліся сфармаваць будучыню сваёй краіны», – напісала Фішэр. Яна пажадала палітвязням і іхнім сем'ям сіл.

    Апошнія навіны