• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Прэс-рэліз да ста дзён Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі

    17 лістапада, 2022

    На сто дзён ад моманту свайго заснавання Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі распавядае пра свае дасягненні і бліжэйшыя планы ў суаднясенні з мэтамі, сфармуляванымі на пачатку дзейнасці.

    • Чаму быў створаны Аб’яднаны Пераходны Кабінет?

    У сувязі з беспрэцэдэнтным гвалтам рэжыму ў дачыненні да беларускага народу і паўстання новай пагрозы незалежнасці беларускай дзяржавы, дэмакратычныя сілы Беларусі прынялі рашэнне аб стварэнні прынцыпова новага палітычнага інстытута — Аб’яднага Пераходнага Кабінета, які ставіць мэту аб’яднання вакол сябе дэмакратычных сіл Беларусі для адэкватнага адказу на галоўныя выклікі часу. Кабінет засяроджваецца на двух базавых задачах: аднаўленне законнасці ў Рэспубліцы Беларусь і абарона яе незалежнасці. Для гэтага ў першы дзень існавання Кабінета яго кіраўніцай Святланай Ціханоўскай былі прызначаны: прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык. Фармаванне сілавога блока ў палітычнай структуры якасна адрознівае працу Кабінета ад ранейшай працы дэмакратычных сілаў Беларусі. Са з’яўленнем Кабінета, пры ўзмацненні яго патэнцыялу спецыялістамі па міжнародных адносінах (прадстаўніком па міжнародных справах Валерам Кававалеўскім, прадстаўніком па транзіце ўлады Паўлам Латушкам, намеснікам прадстаўніка па міжнародных справах Уладзімірам Астапенкам), у дэмакратычных сілаў Беларусі ўпершыню з’явілася магчымасць наладжвання ваенна-палітычнага супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі.

    Пад сілавым блокам, які ўтвараецца ў рамках працы Кабінета, маецца на ўвазе як аб’яднанне ўсіх рэсурсаў, якія ўзніклі у асяроддзі дэмакратычных сілаў, іх удасканаленне і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, так і ўтварэнне ўласнай сістэмы падрыхтоўкі ўдзельнікаў мерапрыемстваў па аднаўленні законнасці ў Беларусі і абароне яе незалежнасці (групы для правядзення спецыяльных аперацый, сістэма апавяшчэння, кіравання і каардынацыі ўдзельнікаў, медыцынскае забеспячэнне плануемых дзеянняў і інш.). 

    • Абарона і аднаўленне законнасці

    Паколькі менавіта сілавы блок у цяперашніх умовах стварае найбольшую пагрозу для існавання рэжыму, за мінулы перыяд Кабінет і яго прадстаўнікі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам і кампаніяй па дэскрыдытацыі сваёй дзейнасці. У выніку адной з такіх кампаній Кабінет страціў прадстаўніка па фінансах і эканоміцы Таццяну Зарэцкую, чыя дзейнасць павінна была забяспечыць бесперапыннае фінансаванне дзейнасці Кабінета і сілавога блока ў ім. Нягледзячы на гэта, дзякуючы кампетэнцыі прадстаўнікоў сілавога блока, назіраецца прагрэс па гэтым напрамку дзейнасці:

    – Выбудоўваюцца адносіны ў галіне ваенна-палітычнага супрацоўніцтва з ключавымі міжнароднымі партнёрамі.

    – Утворана і функцыянуе сістэма падрыхтоўкі ўдзельнікаў мерапрыемстваў па аднаўленні законнасці ў Беларусі і абароне яе незалежнасці, адладжана працэдура верыфікацыі ўдзельнікаў. Кансалідацыя і навучанне ўдзельнікаў вядзецца ў т.зв. Харугвах – добраахвотных аб'яднаннях беларусаў, якія праходзяць фізічнае і інтэлектуальнае навучанне, медыцынскую падрыхтоўку з мэтай удзелу ў мерапрыемствах па абароне незалежнасці Беларусі і аднаўленні законнасці на яе тэрыторыі.

    – Здзейснены новыя перспектыўныя захады па наладжванні сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забяспячэння дзейнасці беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і рэгулярных трэніровачных збораў Харугваў.

    Некаторыя трэніровачныя мерапрыемствы, рэалізаваныя ў рамках дзейнасці сілавога блока, былі асветлены ў смі: рэпартаж 1, рэпартаж 2.

    Інфармацыя пра іншыя мерапрыемствы, як рэалізаваныя, так і запланаваныя ў рамках дзейнасці сілавога блока, не падлягае распаўсюду з меркаванняў бяспекі ўдзельнікаў гэтых мерапрыестваў і асаблівасцяў іх задач.

    Прымаючы пад увагу высокія рызыкі, з якімі спалучана дзейнасць сілавога блока, Кабінет пакідае за сабой права не распаўсюджваць падрабязную інфармацыю аб ёй.

    • Міжнародны ціск на рэжым і стварэнне новых магчымасцяў для дэмакратычных сілаў

    Дзейнасць па развіцці сілавога блока ў значнай ступені абумоўлена развіццём міжнародных сувязяў. У гэтым напрамку першачарговай задачай Кабінета з’яўляецца атрыманне згоды на падтрымку стратэгіі дзейнасці Кабінета сярод ключавых міжнародных партнёраў: ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны. Для выканання гэтай задачы былі задзейнічаны асноўныя рэсурсы дэмакратычных сілаў, спецыялісты ў вобласці міжнародных адносінаў і аўтарытэтныя ў міжнароднай палітыцы прадстаўнікі Беларусі: 

    – Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская на ключавых міжнародных форумах і падчас афіцыйных сустрэч высокага ўзроўню інфармуе прадстаўнікоў замежных краін пра заснаванне Кабінета, яго асноўныя мэты, заклікае ўрады дэмакратычных краін да супрацоўніцтва з Кабінетам.

    – Заснавана місія дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі, узначаленая намеснікам прадстаўніка па замежных справах Кабінета Уладзімірам Астапенкам, Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе, чакаецца адкрыццё такіх прадстаўніцтваў у іншых краінах. Праца над гэтымі задачамі пачалася раней за фактычнае з’яўленне Кабінета і была паспяхова даведзена да выніку прадстаўніком па міжнародных справах Кабінета Валерам Кавалеўскім і міжнароднай камандай Офіса Святланы Ціханоўскай.

    – Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка, які мае вялікі дыпламатычны вопыт, прадстаўнік па міжнародных справах Валер Кавалеўскі і яго намеснік Уладзімір Астапенка правялі шэраг афіцыйных сустрэч, здзейснілі шэраг замежных візітаў, узялі ўдзел у буйных міжнародных і нацыянальных палітычных форумах дэмакратычных дзяржаў з мэтай інфармавання ўладаў дэмакратычных краін і міжнародных партнёраў аб заснаванні і мэтах дзейнасці Кабінета і атрымання падтрымкі гэтай дзейнасці.

    Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця міжнародных адносінаў стала наладжванне афіцыйных сувязяў з уладамі Украіны, чыю тэрытарыяльную цэласнасць Кабінет вызнае безумоўна і якой Кабінет выказаў падтрымку ў яе супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Для выканання гэтай задачы прадстаўнік па міжнародных справах Валер Кавалеўскі здзейсніў рабочыя паездкі ва Украіну і правёў шэраг афіцыйных сустрэч, многія з якіх мелі закрыты характар па прычыне складанасці выбару Украінай шляхоў будаўніцтва адносінаў з Беларуссю ва ўмовах патэнцыйнай ваеннай пагрозы з тэрыторыі Беларусі. Адна з рабочых паездак была здзейснена разам з прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык. Сумесныя намаганні прывялі да ўсталявання кантактаў з украінскім бокам на высокім узроўні, дамоўленасцяў на будучае супрацоўніцтва з буйнымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі. Але самае важнае, што было здабыта – гэта перакананне, што ўкраінскі бок вызнае важнасць дэмакратычных зменаў у Беларусі для ўласнай бяспекі і зацікаўлены ў развіцці ваенна-палітычных адносінаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Па гэтай прычыне Кабінет лічыць гэты напрамак дзейнасці перспектыўным і мае намер далей над ім працаваць. 

    Міжнародны напрамак працы Кабінета з’яўляецца важным не толькі для легітымізацыі самога Кабінета або для атрымання міжнароднай падтрымкі для яго дзейнасці. Аднаўленне законнасці, як адна з першапачатковых мэтаў Кабінета, будзе немагчымая без удзелу міжнароднай супольнасці ў здзяйсненні правасуддзя над адказнымі за рэпрэсіі супраць беларускага народу на падставе міжнароднага права. З гэтай мэтай прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка разам са сваёй камандай працягнуў працу, накіраваную на актывізацыю міжнародных расследаванняў злачынстваў беларускіх сілавікоў у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Так, 24 кастрычніка ў Варшаве была арганізавана міжнародная канферэнцыя «Механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі ў краінах Еўропы». На канферэнцыі, пры ўдзеле прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандра Азарава, быў падсумаваны двухгадовы вопыт працы дэмакратычных сілаў па гэтым напрамку; выяўлены слабыя месцы ў сістэме расследаванняў і дазнанняў, якія вядуцца ў Польшчы, Літве, Германіі, Чэхіі; вызначаны прыярытэты дзейнасці на бліжэйшы час. Кабінет выступае супраць самасуду над злачынцамі, але за паслядоўнае прыцягненне іх да адказнасці паводле міжнароднага права.

    Важны ўнёсак для будучага правасуддзя працягвае рабіць прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў і арганізацыя «Байпол», якія актыўна здабываюць інфармацыю пра адказных за рэпрэсіі і склад здзейсненых злачынстваў, публікуюць свае расследаванні. Важна адзначыць супрацоўніцтва прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека у рамках збору доказаў злачынстваў рэжыму. Таксама прадстаўнік Кабінета Аляксандр Азараў удзельнічае разам са сваёй камандай у працы па зборы доказаў у рамках крымінальнай справы, узбуджанай па факце арганізацыі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі незаконнай міграцыі. Сабраная інфармацыя перадаецца следчым Літвы.

    Аб’яднанне названых ініцыятываў і іх рэсурсаў пад эгідай Кабінета, іх больш шчыльнае супрацоўніцтва ў новым фармаце мае на мэце атрыманне канкрэтных вынікаў у справе міжнароднага правасуддзя: завяршэнне расследаванняў, вызначэнне ступені віны абвінавачваемых, вынясенне судовых выракаў, ажыццяўленне законных пакаранняў. Беручы пад увагу інэртнасць еўрапейскіх прававых структур у гэтай справе, каманда прадстаўніка па транзіце ўлады Паўла Латушкі стварае пастаянна дзейную рабочую групу для каардынацыі намаганняў розных ініцыятыў па гэтым напрамку дзейнасці. Працягнецца праца па дапамозе беларусам, якія падаюць заявы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, для нарошчвання крытычнай масы падобных заяў, што дазволіць атрымаць даўно чаканыя вынікі. Плануецца распрацаваць інструменты ўздзеяння грамадзянскай супольнасці на тэрміны правядзення расследаванняў пракуратурамі краін ЕС.

    Важнай часткай міжнароднай працы Кабінета застаецца санкцыйны ціск на рэжым: Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка працягвае дабівацца ліквідацыі лазеек у існуючых санкцыях. Таксама камандай Паўла Латушкі сумесна з грамадзянскімі ініцыятывамі падрыхтаваны і перададзены адпаведным структурам звесткі, неабходныя для ўвядзення персанальных санкцый у адносінах да прапагандыстаў рэжыму, яго суддзяў, спартыўных функцыянераў, якія задзейнічаны ў рэпрэсіях беларусаў за іх палітычныя погляды і антываенную дзейнасць. Мэтай пашырэння персанальных санкцый з’яўляецца далейшая міжнародная ізаляцыя рэжыму і яго прадстаўнікоў.

    • Падрыхтоўка транзітнага перыяду

    Прынцыпова важным для Кабінета з’яўляецца даць грамадству выразны адказ на пытанне – а што будзе пасля дэмантажу рэжыму? Як дэмакратычныя сілы плануюць не дапусціць пагружэння краіны ў хаос, беззаконне, эканамічны крызіс, – якія, як вядома з гістарычнага вопыту, часта спадарожнічаюць дэмакратычным пераменам? Адказам на гэтае пытанне стала сістэмная праца Кабінета і стратэгічнай групы экспертаў, створанай для дапамогі Кабінету ў справе распрацоўкі плана транзіту. Група экспертаў выявіла шмат выклікаў датычна працэдур змены палітычнага ладу, канстытуцыйнай рэформы і іншых пытанняў, на якія трэба шукаць адказы разам з грамадствам. Таму гэты напрамак працы павінны стаць супольным з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. 

    За мінулы перыяд камандзе Паўла Латушкі, пры актыўным удзеле яго намесніка Юрыя Губарэвіча, удалося арганізаваць і запусціць кампанію  «Кадравы рэзерв для новай Беларусі», які прадугледжвае падбор і якасную падрыхтоўку кіраўнічых кадраў для цэнтральных і мясцовых органаў улады для новай Белаурсі. У рамках кампаніі быў распацаваны план замены ў дзяржаўным апараце некваліфікаваных супрацоўнікаў і злачынцаў рэжыму – на спецыялістаў высокага ўзроўню. Для набору ўдзельнікаў «Кадравага рэзерву» створана інтэрнэт-платформа, дзе можна запоўніць заяўку для ўдзелу. Распрацоўнікамі была створана сістэма бяспекі захавання персанальных дадзеных заяўнікаў.

    Такім чынам, дэмакратычныя сілы падыйдуць да пераходнага перыяду з новым кадравым патэнцыялам, здольным забяспечыць функцыянаванне дзяржаўных інстытутаў і распачаць ключавыя рэформы, грунтуючыся на міжнароднай фінансавай падтрымцы, якую здабылі і працягваюць здабываць дэмакратычныя сілы для новай Беларусі. 

    • Нацыянальнае адраджэнне Беларусі

    Ключавыя мэты дзейнасці Кабінета немагчымыя без працы над умацаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, фармавання пазітыўнага вобразу Беларусі на міжнароднай арэне праз культуру, супрацьстаяння смертаноснай прапагандзе «рускага міру». Для вырашэння гэтых задач два месяцы таму Святлана Ціханоўская прызначыла Аліну Коўшык на пасаду прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні. За перыяд сваёй дзейнасці Аліна Коўшык здолела наладзіць працоўныя адносіны з найбольш буйнымі беларускімі незалежнымі культурніцкімі ініцыятвамі і экспертнай супольнасцю ў галіне культуры і адукацыі, як за межамі, так і ўнутры Беларусі. Істотным для выканання пастаўленых задач з’яўляецца наладжванне кантактаў на ўзроўні дзяржаўных міністэрстваў з важнымі партнёрамі Беларусі – Чэхіяй, Польшчай, Украінай, Літвой – дзяржавамі народаў, блізкіх беларусам па культуры і менталітэце, якія прайшлі перыяд фармавання ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах супрацьстаяння агрэсіўнаму ўплыву суседніх народаў або супрацьстаяць такому ўплыву зараз. Каштоўным для развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці стаў здзейснены прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні перапіс культурніцкіх ініцыятыў, звесткі аб якіх былі перададзены стваральнікам «Лічбавай Беларусі», што ў будучым павінна аптымізаваць супрацоўніцтва ў галіне культуры і культурныя працэсы ўвогуле закошт прымянення сучасных тэхналогій. Унёсак у справу легітымізацыі Кабінета робіць і наладжванне адносінаў з Радай БНР, у рамках якіх пачалося супрацоўніцтва з геральдычнай камісіяй гэтай арганізацыі па стварэнні сімвалаў і ўзнагарод новай Беларусі. Падчас сталага кантактавання прадстаўнікоў Кабінета з сябрамі Рады БНР была выяўлена агульнасць падыходу да гістарычнай перспектывы Беларусі: пасля дэмакратычных параменаў і вызвалення ад акупацыі Беларусь павінна стаць пераемніцай гістарычнай традыцыі БНР.

    У заключэнні неабходна адзначыць, што Кабінет фармуецца ў выключных гістарычных умовах. Ён не з’яўляецца тыповым урадам, які пасля прызначэння прыступае да выканання сваёй функцыі. Кабінет не мае разгалінаванага дзяржапарата і не можа выкарыстаць выдаткаваныя загадзя сродкі з нацыянальнага бюджэту. У актуальных умовах Кабінет мае патрэбу ў здабыцці рэсурсаў для свайго паўнавартаснага функцыянавання, што таксама з’яўляецца часткай яго працы. Паколькі Кабінет быў створаны па запыце беларускага грамадства на аб’яднанне дэмакратычных сілаў і фармаванне ў іх сілавога кампаненту, дасягненне Кабінетам яго глабальных мэтаў магчымае выключна пры актыўным удзеле беларускага грамадства, дэмакратычных сілаў, бізнэсу і ўсёй грамадзянскай супольнасці. Толькі аб’яднанне намаганняў і рэсурсаў, ўзаемны пошук згоды і пераадоленне непаразуменняў, супольныя дзеянні па вызначаных прыярытэтах могуць даць канчатковы і доўгачаканы вынік: вызваленне Беларусі ад рэжыму і акупацыі, аднаўленне законнасці і эканамічнага дабрабыту грамадзянаў. Аднаўленне незалежнасці і вызваленне Беларусі – абавязак і задача кожнага грамадзяніна нашай краіны. Кабінет працягвае працаваць над гэтай задачай, абапіраючыся на беларускі народ і ўлічваючы перадусім яго чаканні. Кабінет шчыра ўдзячны ўсім актывістам, грамадзянскай супольнасці, незалежным смі, камандам прадстаўнікоў, якія уключыліся ў гэтую справу і працягваюць нашую агульную барацьбу за перамены.

    У планах Кабінета на бліжэйшыя 6 месяцаў:

    • Працяг працы па легітымізацыі Кабінета на міжнароднай палітычнай арэне.
    • Далейшая кансалідацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, наладжванне супрацоўніцтва са згуртаваннямі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, прыцягненне да працы ў Кабінеце новых спецыялістаў.
    • Нарошчванне патэнцыялу сілавога блока да ўзроўню, неабходнага для выканання ключавых задач.
    • Працяг санкцыйнага ціску на рэжым і яго прадстаўнікоў.
    • Дапрацоўка плана дзеянняў на транзітны перыяд.
    • Далейшая акумуляцыя міжнароднай падтрымкі Беларусі з выкарыстаннем новых магчымасцяў: прадстаўніцтва ў Радзе Еўропы, працы прадстаўніцтваў дэмакратычных сілаў у краінах ЕС і Украіне.
    • Наладжванне ўстойлівых працоўных адносінаў з дзяржаўнымі ораганамі ўлады Украіны з мэтай сумеснага супрацьстаяння расійскай агрэсіі і дэакупацыі Беларусі.
    • Актывізацыя расследаванняў крымінальных спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі.
    • Прызначэнне прадстаўніка па фінансах і эканоміцы і прадстаўніка па сацыяльных пытаннях. 
    • Пошук крыніц устойлівага фінансавання дзейнасці Кабінета.

    Апошнія навіны