• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Званок з медыкамі: кавід і рэпрэсіі ў Беларусі

    02 снежня, 2020

    Святлана Ціханоўская правяла анлайн-званок з лекарамі Беларусі. Яна выказала захапленне салідарнасцю медыкаў, асабліва пасля таго, як 5000 лекараў падпісалі адкрыты ліст з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых выбараў. Вось што абмяркоўвалася ў час тэлефанавання:

    Затрыманні і суткі

    Медыкам працягваюць выдаваць адміністратыўныя арышты. Умовы ўтрымання вельмі залежаць ад розных устаноў – хтосьці з медыкаў зведаў сапраўдныя катаванні, некаму «пашанцавала» не сутыкнуцца з фізічным гвалтам. Вядомаму анколагу Аляксандру Мінічу, напрыклад, далі 13 сутак, нягледзячы на ​​тое, што ён вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ і незаменны спецыяліст у сваёй лякарні.

    Лекарам могуць не прадоўжыць кантракт нават за пасты ў сацыяльных сетках. Так адбылося з дзіцячым артапедам Рустамам з РНПЦ траўматалогіі – у яго не было ні штрафаў, ні затрыманняў. Кіраўніцтва прыняло рашэнне пра непадаўжэнне кантракта пасля яго паста ў Фэйсбуку пра тое, што ён адмаўляецца аказваць медыцынскую дапамогу сілавікам. Вядомыя выпадкі, калі пракуратура давала распараджэнне справаздачыцца пра выпадкі неаказання дапамогі супрацоўнікам сілавых структур.

    Лекар Арцём Сарокін, які паведаміў журналісту TUT.by дэталі дыягназу забітага Рамана Бандарэнкі, цяпер у СІЗА і з'яўляецца падазраваным паводле крымінальнай справы. Святлана Ціханоўская падзякавала медыкам за падтрымку калегі акцыяй салідарнасці «0 ‰».

    Кавід

    У Мінску сітуацыя напружаная. Ложкаў у бальніцах не хапае, хоць пастаянна адкрываюцца / перапрафілююцца новыя стацыянары. Персанал бальніц працуе з перагрузкай, кіслародных пунктаў не хапае.

    Ёсць перабоі з лекамі. Гэта звязана з «жахлівым» на думку лекараў заканадаўствам у галіне рэгулявання дзяржзакупак (мінімум тры месяцы праходзіць з моманту, калі рыхтуецца купля – нават пры наяўнасці тавару і ўсіх дамоваў).

    Лекарам абяцаюць надбаўкі замест таго, каб плаціць за перапрацоўку па гадзінах. Але нават гэтыя выплаты затрымліваюць. Каб атрымліваць годныя заробкі, медыкі працуюць у дзве змены.

    Новыя праекты

    У лекараў з'явілася ідэя праекта стажыровак для медыкаў пад працоўнай назвай «15 сутак» – каб спецыялісты маглі павышаць кваліфікацыю ў іншых краінах. Але пакуль праз пандэмію праект можа рэалізоўвацца толькі анлайн.

    Абмеркавалі магчымасць укаранення тэлемедыцыны, каб лекары маглі працягваць працу, не выязджаючы з краіны. У распрацоўцы знаходзіцца анлайн-платформа, дзе лекары змогуць бяспечна аказваць платныя кансультацыі.

    Апошнія навіны