• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Травень 2022 / Выпуск 9

    31 мая, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot . Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    У нас з'явіўся сайт www.asvetaby.org, дзе можна знайсці ўсе выпускі дайджэсту «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.

    • Рэпрэсіі

    – Затрыманы 31-гадовы выкладчык гісторыі Мінскага лінгвагуманітарнага каледжа Андрэй Дараховіч. Яму ў віну ставіцца рэгістрацыя ў тэлеграм-боце «Перамога», удзел у пратэстах і ўцягванне ў іх дзяцей. Вядома, што ў Андрэя – жонка і двое непаўналетніх дзяцей. Раней яго ўжо затрымлівалі на акцыі пратэсту 14 ліпеня 2020 г.

    – 18 траўня ў Гомелі на працоўным месцы была затрыманая навуковая супрацоўніца Веткаўскага музея Вольга Афанасьева. Адміністратыўную справу на яе разглядаў Савецкі раённы суд Гомеля.

    – Раніцай 27 траўня на працоўным месцы быў затрыманы 37-гадовы супрацоўнік факультэта радыёфізікі БДУ Павел Пятроў. Вядома таксама, што Павел вучыўся ў аспірантуры і з'яўляўся суіскальнікам ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук.

    – Затрыманы студэнт 4 курса Інстытута бізнесу БДУ Аляксандр Буйліцкі. Аляксандр навучаецца па спецыяльнасці «Бізнес-адміністраванне» і з'яўляецца актыўным удзельнікам праўладнага студэнцкага саюза Інстытута. Вядома, што яму інкрымінуецца два артыкулы Крымінальнага кодэкса.

    – Настаўнік матэматыкі быў затрыманы за адпраўку смс-паведамленняў тэлеканалу «Белсат» з інфармацыяй аб перасоўваннях расійскай ваеннай тэхнікі. Яго абвінавачваюць у парушэнні артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), паводле якога яго могуць асудзіць на тэрмін да 6 гадоў пазбаўлення волі.

    – 7 чэрвеня ў судзе Заводскага раёна г.Мінска пачнецца разгляд справы палітзняволенай, сацыёлага і каардынатара «Лятучага ўніверсітэта» Таццянай Вадалажскай. Пасля затрымання ў жніўні 2021 г. яна знаходзілася ў статусе падазраванай па арт.342 ч.1 Крымінальнага кодэкса. Зняволенне Таццяны пад варту адбылося 23 сакавіка, калі яна прыйшла ў Следчы камітэт, каб атрымаць адказ на сваё хадайніцтва аб выездзе ў Літву на лячэнне.

    – Студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Канстанцін Рудніцкі прызнаны палітвязнем. Канстанцін знаходзіцца ў статусе падазраванага са снежня 2021 г.: яму ставіцца ў віну распрацоўка аднаго з функцыянальных элементаў «Чорнай карты Беларусі» – рэсурсу, на якім сабраныя асабістыя дадзеныя асоб, адказных за рэпрэсіі. Пад варту юнак быў узяты ў лютым 2022 г.

    – Праваабаронцы і бацькі пракаментавалі новы дакументальны фільм «Выхаванне турмой. Лукашэнка супраць моладзі», які выйшаў на «Платформе 375» і расказвае пра ўмовы ўтрымання непаўналетніх палітвязняў у адной з калоній: вышэйшая адукацыя недаступная, абавязаныя насіць біркі жоўтага колеру і «выкарыстоўваюцца як рабы».

    – Блізкія звольненага выкладчыка юрфака БДУ, дацэнта, кандыдата юрыдычных навук Аляксандра Данілевіча, якога трымаюць ужо паўтара тыдні ў СІЗА КДБ, распавялі падрабязнасці пра яго затрыманне і прафесійную рэпутацыю: «таленавіты выкладчык», лаўрэат самай прэстыжнай грамадскай юрыдычнай узнагароды ў Беларусі. Аляксандр падпісаў адкрыты антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў супраць вайны ва Ўкраіне.

    – 18-гадовы навучэнец аднаго з гродзенскіх каледжаў Кірыл Кетурка, асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі», распавёў, як не сумаваць у турме і пра планы на навучанне пасля вызвалення: «збіраюся аднаўляцца ў наступным годзе – у гэтым ужо не паспею прайсці практыку».

    • Палітыка рэжыму

    – Сакратар ЦК БРСМ расказаў, як змогуць правесці гэтае лета беларускія студэнты, дзякуючы гэтай арганізацыі: на працы ў Краснадарскім краі, на студэнцкіх будоўлях Рэспублікі Саха (Якуція), Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі і Кемераўскай вобласці, а таксама, магчыма, на аб'ектах будаўніцтва касмадрома Усходні ў Амурскай вобласці.

    – Ваенныя з Сіл спецыяльных аперацый УС РБ, якія зараз знаходзяцца «на ўзмацненні» беларуска-ўкраінскай мяжы, прыехалі ў памежную сельскую школу, каб прадэманстраваць перад школьнікамі зброю. Таксама стала вядома, што ў бліжэйшы час вайскоўцы гэтага падраздзялення наведаюць усе школы і ліцэі Жыткавіцкага раёна з ваенна-патрыятычнай акцыяй «Ганарымся арміяй сваёй».

    – У Гродне прайшла ўсебеларуская трохдзённая «Спартакіяда па летнім мнагаборстве «Абаронца айчыны». У спаборніцтвах, якія ўключалі стральбу, кіданне гранат, бег, плаванне і падцягванне, удзельнічалі юнакі «дапрызыўнага ўзросту» (15-16 гадоў) і «прызыўнага ўзросту» (17-18 гадоў).    

    – А. Лукашэнка на сустрэчы з піянерамі выказаўся пра дзяцей «апазіцыйных бацькоў», якія не хочуць уступаць у шэрагі піянерскай арганізацыі: «Трэба ўсё ж іх цягнуць да сябе, каб яны былі з вамі, каб яны былі вашымі сябрамі».    

    – Настаўнікі і супрацоўнікі дзіцячых садоў расказалі пра ўмовы сваёй працы і прычыны хранічнага недахопу кадраў: нізкі заробак, высокая нагрузка, «застой» у сістэме адукацыі і непаважлівае стаўленне з боку кіраўніцтва.    

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы ў рамках ініцыятывы «Рэфармуем сістэму адукацыі разам!» правёў анлайн-канферэнцыю на тэму «Адукацыя падчас вайны і рэпрэсій». Мадэратарам выступіў эксперт па адукацыі Андрэй Лаўрухін, сярод выступоўцаў – вядомыя выкладчыкі, навукоўцы, каардынатары грамадзянскіх ініцыятыў: Роза Турарбекава, Алена Анісім, Павел Церашковіч, Святлана Мацкевіч і інш. Запіс канферэнцыі быў апублікаваны на ютуб-канале партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».         

    – Агульнанацыянальны рух маладых актывістаў «Моладзевы Блок» сумесна з блогам «Нізкая Тэорыя» правёў пілотнае сацыялагічнае даследаванне сярод моладзі на тэму стаўлення да дзейнай улады, беларускіх палітычных лідэраў, суседніх краін і вайны супраць Украіны: 83% апытаных падтрымліваюць пратэстны рух у Беларусі, 73% негатыўна ставяцца да Расіі.    

    – На пляцоўцы «Беларускага Міждысцыплінарнага семінара» праводзяцца зум-семінары па рознай навуковай праблематыцы з мэтай развіцця міждысцыплінарных сувязей у беларускай навуцы і кансалідацыі беларускай акадэмічнай супольнасці. Бліжэйшыя мерапрыемствы адбудуцца: 12 чэрвеня, 21:00 (тэма: «Вакцыны супраць COVID-19 або квантавы скачок вакцыналогіі») і 19 чэрвеня, 17:00 (тэма: «Уводзіны ў беларускія гей- і лесбі штудыі»).      

    – Кандыдат гістарычных навук, дацэнт факультэта міжнародных адносін БДУ Роза Турарбекава, звольненая ў лютым 2022 г., расказала пра абставіны планамернага і доўгага «выціскання» яе з універсітэта, масавыя звальненні ў ВНУ і пра перспектывы на будучыню: «запалохвалі, каб прывесці ў стан поўнай паслухмянасці», «звольнена было 50 чалавек, за два месяцы. А насамрэч значна больш, <…> так шмат, што цяпер можна ствараць паралельна Нацыянальны ўніверсітэт».

    – Прафесар Беластоцкага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сільвестрава расказала аб катастрафічным скарачэнні колькасці навуковых супрацоўнікаў у Беларусі ў параўнанні з 1990-мі гг. і падзялілася сваімі думкамі аб тым, што адбываецца з беларускай навукай у сучасных умовах, у т.л. з гісторыяй: «няхай прапаганда піша, а мы сваё напішам і паглядзім у каго лепш атрымаецца».                                                              

    • Міжнародныя магчымасці

    – Тэлеканал «Белсат» апублікаваў агляд універсітэтаў чатырох краін ЕС, куды могуць паступіць беларускія студэнты і абітурыенты: ЕГУ (студэнцкая і магістарская праграмы, з падтрымкай рэпрэсаваных), «Беларуская акадэмія» ў рэжыме анлайн з выдачай дыплома аб вышэйшай адукацыі польскага ўзору, а таксама ВНУ Нямеччыны і Чэхіі з бясплатным навучаннем на нацыянальных мовах гэтых краін.

    – Ініцыятыва Creative FLIP (Finance, Learning, Innovation and Intellectual Property), якая фінансуецца Еўрасаюзам, аб'явіла конкурс для арганізацый культуры, творчых і моладзевых цэнтраў, тэатраў, асацыяцый, творчых прастораў і юрыдычных арганізацый з краін Усходняга партнёрства. Пераможцам конкурсу будзе выдзелены грант памерам 7500 долараў ЗША тэрмінам на 9 месяцаў для рэалізацыі сумеснага з пачатковай або сярэдняй школай праекта, мэтай якога павінна быць знаёмства дзяцей з працай у сферы культуры і творчасці і развіццё іх талентаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 6 чэрвеня.

    – У рамках праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced learning and training)» Еўрапейскі Саюз аб'яўляе конкурс на атрыманне фінансавай падтрымкі на суму да 1200 еўра для праходжання анлайн-курса і/або здачу кваліфікацыйнага/міжнароднага іспыту па прафесіі ці адной з еўрапейскіх моў. Конкурс прызначаны для рэпрэсаваных беларусаў ці беларусаў любых прафесій, якія знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсій, незалежна ад іх месцазнаходжання. Заяўкі разам з кароткімі рэзюмэ і дадатковымі дакументамі, якія пацвярджаюць рэпрэсіі ў дачыненні да заяўніка ці яго ўдзел у дзейнасці беларускіх дэмакратычных арганізацый, прымаюцца да 23 чэрвеня ўключна.

    – Цэнтр Яна Рэмсі пры Оксфардскім Універсітэце запрашае маладых даследчыкаў, магістрантаў і дактарантаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на трохдзённыя семінары ў Варшаву, Заграб і Оксфард з аплатай усіх неабходных для паездкі выдаткаў (да 2000 долараў ЗША). На семінарах удзельнікі змогуць абмеркаваць тэмы сваіх даследаванняў у галіне тэалогіі і філасофіі з вядомымі вучонымі, а таксама атрымаць фінансавую падтрымку для працягу свайго даследавання (да 5000 долараў ЗША). Больш падрабязна з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца ​​на сайце арганізатара. Заканчэнне прыёму заявак – 29 ліпеня 2022 г.

    – Цэнтр Яна Рэмсі пры Оксфардскім Універсітэце запрашае студэнтаў і маладых даследчыкаў паўдзельнічаць у конкурсе на напісанне нарыса на англійскай мове на тэму ўзаемасувязяў навукі і рэлігійнага светапогляду. Пераможца атрымае 2000 долараў ЗША, таксама прадугледжаны тры прызы за 2-е месца – кожны па 500 долараў ЗША. Са спісам тэм, а таксама іншымі ўмовамі конкурсу можна азнаёміцца на сайце арганізатара. Заканчэнне прыёму заявак – 30 верасня 2022 г.

    – Цэнтр Яна Рэмсі пры Оксфардскім Універсітэце прапануе навуковым супрацоўнікам і групам даследчыкаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы гранты памерам ад 5000 да 65000 долараў ЗША для правядзення міждысцыплінарных даследаванняў у галіне навукі і рэлігіі. Навукова-даследчыя праекты могуць уключаць правядзенне канферэнцый, палявыя даследаванні, публікацыі і інш. Заканчэнне прыёму заявак – 30 лістапада 2022 г. Узор заяўкі і іншая неабходная інфармацыя – на сайце арганізатара.

    – Цэнтр Яна Рэмсі пры Оксфардскім Універсітэце прапануе стыпендыі памерам у 15000 долараў ЗША для даследчыкаў з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы для аплаты навуковых даследаванняў на стыку навукі, багаслоўя і філасофіі ў адной з навуковых устаноў на выбар суіскальнікаў. Заканчэнне прыёму заявак – 30 лістапада 2022 г. Узор заяўкі і іншая неабходная інфармацыя – на сайце арганізатара.

    – Вышэйшая школа сацыяльных даследаванняў пры Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай Акадэміі навук запрашае суіскальнікаў са ступенню магістра і веданнем англійскай мовы на навучанне ў дактарантуры па псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі і паліталогіі ў 2022-23 навучальным годзе, з магчымасцю кампенсацыі некаторых выдаткаў на конкурснай аснове. Апошні тэрмін падачы заявак – 11 ліпеня 2022 г.

    – Цэнтр канстытуцыяналізму і правоў чалавека Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта запрашае студэнтаў юрыдычных і іншых спецыяльнасцяў, а таксама настаўнікаў, даследчыкаў, спецыялістаў з розных абласцей навукі прыняць удзел у мерапрыемствах пяцідзённай летняй анлайн-школы «Правы чалавека для кожнага: чалавечнасць – тэхналогія – права», якія адбудуцца 1-5 жніўня 2022 г. У рамках школы прадугледжана конкурсная работа над групавымі праектамі з удзелам ментараў у некалькіх тэматычных напрамках са спецыяльным прызавым фондам. Удзельнікам з Беларусі па індывідуальным запыце можа быць прадастаўлена вызваленне ад уплаты ўнёску альбо зніжка. Для ўдзелу неабходна веданне англійскай мовы.

    Апошнія навіны