• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Ціханоўская, Хоміч і Цапкала ў Берліне: гарантыі бяспекі Беларусі, рэабілітацыя для дзяцей палітвязняў

    26 красавіка, 2022

    У панядзелак 25 красавіка Святлана Ціханоўская пачала працоўны візіт у Берлін, дзе разам з Таццянай Хоміч і Веранікай Цапкала праводзіць сустрэчы з палітыкамі, урадам Германіі, дыяспарай і актывістамі, якія збіраюць гуманітарную дапамогу. Раней у гэтым годзе было анансавана, што беларускае трыа атрымае Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага, якую называюць галоўнай палітычнай узнагародай Еўропы.

    Ціханоўская, Цапкала і Хоміч сустрэліся з новай прэзідэнткай нямецкага Бундэстага Бербель Бас. Яны абмеркавалі, што недапушчальна ісці на нейкія саступкі рэжыму, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні ў нашай краіне. Таксама казалі пра неабходнасць пошуку і закрыцця шчылінаў для памагатых Лукашэнкі. Нацыянальная лідарка Беларусі адзначыла, што ў парламенце Германіі больш за ўсё дэпутатаў, якія ўзялі патранаж над хаця б адным палітвязнем. Таксама ў найбліжэйшы час у Бундэстагу будзе разгледжанае пытанне пра стварэнне парламенцкай групы «Сяброў Беларусі».

    «Поспех гэтых сустрэчаў паказвае на дзве рэчы. Першае – нягледзячы на ​​ўсё, у нас атрымліваецца захаваць адзінства. Мы зноў разам з «трыа», якое за сем хвілінаў летам 2020 года дамовілася пра аб'яднанне. Другое – Германія прынцыпова і паслядоўна падтрымлівае свабодную Беларусь», — падкрэслівае Святлана Ціханоўская.

    На сустрэчы з прадстаўніцай канцылярыі Олафа Шольца, міністаркай культуры Клаўдзіяй Рот абмеркавалі пытанне падтрымкі Украіны, а таксама дзеячаў культуры, адукацыйныя і асветніцкія праграмы, якія ўзмацняюць беларускую ідэнтычнасць. Казалі і пра дапамогу беларускім уцекачам і сем'ям палітвязняў, магчымасць выдачы візаў у Мінску і падаўжэнне дакументаў у Германіі для тых, хто не можа вярнуцца на радзіму. Апроч гэтага, стала вядома, што прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі вырашылі не запрашаць на мерапрыемствы ў Берліне, прысвечаныя заканчэнню другой сусветнай вайны.

    «Нашая задача – утрымаць Беларусь на парадку дня. Калі пачалася вайна ва Украіне, шмат што памянялася. Мы павінны расказваць свету, што Беларусь – гэта не Расія. Лукашэнка – гэта не народ. Але мы таксама павінны шукаць саюзнікаў, якія заступяцца за нашую краіну ў крытычны час», – адзначае Ціханоўская.

    Акрамя гэтага, Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з мэрам Берліна Францыскай Гіфай. Кіраўніца нямецкай сталіцы пагадзілася пашукаць памяшканне для працы беларускай дыяспары. Ціханоўская і Гіфай таксама абмеркавалі магчымасць рэабілітацыі дзяцей палітвязняў у Берліне. Адной з ідэяў на сустрэчы было арганізаваць Дзень салідарнасці з Беларуссю ў раёне 29 траўня, калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.


    На фота: Ціханоўская, Цапкала і Хоміч з новай прэзідэнткай нямецкага Бундэстага Бербель Бас

    На фота: Ціханоўская, Цапкала і Хоміч на сустрэчы з прадстаўніцай канцылярыі Олафа Шольца, міністаркай культуры Клаўдзіяй Рот

    На фота: Ціханоўская з мэрам Берліна Францыскай Гіфай

    На фота: Ціханоўская, Цапкала і Хоміч на дыскусіі ў межах сустрэчы з дыяспарай у Берліне
    Апошнія навіны