• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дзень Канстытуцыі, Рэзалюцыя Еўрапарламента, спецпасланнік Эстоніі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай за 13-17 сакавіка

    18 сакавіка, 2023

    Дзень Канстытуцыі. У дзень Канстытуцыі Святлана Ціханоўская нагадала беларусам пра падрыхтаваны дэмакратычнымі сіламі праект Канстытуцыі новай Беларусі і заклікала ўсіх далучыцца да яго абмеркавання на сайце: kanstytucyja.online. Таксама было апублікаванае відэа пра тое, як змяніць Канстытуцыйны суд і якія рэформы неабходныя пасля пераменаў, каб Канстытуцыя не толькі на паперы была галоўным законам у краіне.

    Рэакцыі на прысуды і затрыманні. Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд прадстаўніцам TUT.by, а таксама прадстаўніцам экспертнай супольнасці Таццяне Кузінай і Валерыі Касцюговай. Ціханоўская пракаментавала апошнія затрыманні псіхатэрапеўтаў і зачысткі за падпіскі на «няправільныя» каналы.

    Дзень Волі / Дзень міжнароднай салідарнасці. Да Дня Волі і Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка быў падрыхтаваны сайт, дзе можна знайсці прапановы, як можна адсвяткаваць гэты дзень унутры Беларусі, а таксама па ўсім свеце. 

    Рэзалюцыя па Беларусі. 15 сакавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі ў сувязі з рэпрэсіямі, якія працягваюцца супраць беларускага народа. Гэта вынік візіту Святланы Ціханоўскай у Брусель. Дарадца Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр пракаментавала, што напісана ў тэксце рэзалюцыі і якія прапановы там ёсць для краінаў ЕС. 

    Каардынацыйная рада. Спікерам быў абраны Андрэй Ягораў, а віцэ-спікеркай – Алена Жываглод. Святлана Ціханоўская павіншавала новае кіраўніцтва з абраннем і выказала гатоўнасць да плённай супрацы. 

    Беларусь-Фінляндыя. 15 сакавіка адбыўся вэбінар з удзелам фінскіх і беларускіх НДА пад патранажам Святланы Ціханоўскай і дзяржсакратаркі Фінляндыі Ёханы Сумувуоры. Абмяркоўвалі ідэі і праекты, якія беларускія і фінскія арганізацыі маглі б рэалізоўваць супольна.

    Спецпасланнік Эстоніі па супрацы з дэмакратычнай Беларуссю. Святлана Ціханоўская наведала эстонскае пасольства, дзе афіцыйна прывітала Марка Камплімаа, які пачаў працу на мінулым тыдні. Ён быў прызначаны міністрам замежных справаў Эстоніі, як адказны за адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. У Таліне ўжо працуе ўпаўнаважны Святланы Ціханоўскай Віталі Малчанаў. 

    Роля жанчынаў у пратэстным руху. 16 сакавіка прайшоў вэбінар, арганізаваны даследчым цэнтрам Офіса Святланы Ціханоўскай і Оксфардскай абсерваторыяй па Беларусі, на тэму «Беларускі антыаўтарытарны рух і правы жанчынаў: жаночы актывізм падчас тэрору і вайны». Удзел у вэбінары бралі Алена Гапава, Анастасія Касцюгова, Алена Агарэлышава, Вераніка Лапуцька.

    Еўраатлантычны выбар Беларусі. У літоўскім сейме цэнтрам «Еўрапейскі дыялог» пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай адбылася дыскусія на тэму геапалітычнага выбару Беларусі. Удзел бралі прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў, грамадскіх арганізацый, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, еўрапарламентары, віцэ-спікеры польскага Сената і малдоўскага Сейма, сустаршыня групы за дэмакратычную Беларусь ва ўкраінскай Вярхоўнай Радзе і іншыя. 

    Сустрэчы з беларусамі. 13 сакавіка Святлана Ціханоўская і дарадца па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр правялі традыцыйныя анлайн-сустрэчы з беларусамі, на якія можа запісацца кожны ахвотны. ​Як звязацца са Святланай Ціханоўскай і яе камандай, можна прачытаць па спасылцы

    Медыі. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю BBC World News (International), Iran-TV (International), DW (International), DW Conflict Zone (International), Deutschlandfunk (Германія), БелСАТ (1, 2).

    Апошнія навіны