• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • ААН канстатаваў беспрэцэдэнтныя па размаху і сур’ёзнасці масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі

    05 ліпеня, 2021

    Спецыяльная дакладчыца па пытанні захавання правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын прадставіць даклад па Беларусі на сённяшнім пасяджэнні Рады ААН па правах чалавека.

    У дакладзе апісваецца сітуацыя з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, якая склалася ў 2020 годзе і пачатку 2021 года ў Беларусі. У падрыхтаваным дакуменце распавядаецца пра масавыя рэпрэсіі, пераслед, катаванні і жорсткае абыходжанне са зняволенымі, ціск на журналістаў, медыкаў, адвакатаў і праваабаронцаў і іншыя парушэнні правоў чалавека.

    Спецыяльная дакладчыца заклікае ўрад Беларусі:

    • неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх зняволеных па палітычных матывах;
    • неадкладна спыніць крымінальны і адміністрацыйны пераслед палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў, адвакатаў, журналістаў, медыцынскіх супрацоўнікаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі па абароне асноўных правоў чалавека і фундаментальных свабод;
    • правесці незалежныя расследаванні парушэння правоў чалавека, вызначыць усіх вінаватых у такіх парушэннях і прыцягнуць да адказнасці;
    • пакласці канец практыцы выправаджэння асоб, якія выказваюць нязгоду з уладамі, уключаючы лідараў палітычнай апазіцыі і чальцоў грамадзянскай супольнасці, і забяспечыць іх бяспечнае вяртанне ў Беларусь;
    • правесці ўсёабдымны агляд і рэформу нацыянальнага заканадаўства, што датычыцца правоў чалавека, з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнародным правам і міжнароднымі абавязальніцтвамі дзяржавы ў галіне правоў чалавека;
    • аднавіць нацыянальны дыялог у Беларусі;
    • стварыць спрыяльныя ўмовы для працы незалежных медыя, уключаючы поўны і бесперашкодны доступ да Інтэрнету для ўсіх;
    • гарантаваць затрыманым або тым, хто ўтрымліваецца пад вартай, бесперашкодны доступ адваката па іх выбары і спыніць любы пераслед і запалохванні адвакатаў.

    «У Беларусі пануе беззаконне і самавольства: ў турмах працягваюцца катаванні, людзей выганяюць з іх уласнай краіны. Рэжым адчувае беспакаранасць. Даклад спецдакладчыцы ААН Анаіс Марын многім расплюшчыць вочы на   маштаб рэпрэсій у Беларусі. Асабліва важна патрабаванне рэабілітацыі палітвязняў і прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях. Усе беларусы павінны мець магчымасць вярнуцца дадому. Мы працягнем працу з праваабаронцамі і калегамі з ААН, каб выкарыстоўваць усе даступныя інструменты ў ААН па аднаўленні законнасці ў Беларусі», – заявіла Святлана Ціханоўская.

    Апошнія навіны