• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі Швейцарыі

    16 сакавіка, 2022

    Тэкст звароту Святланы Ціханоўскай:

    «Дарагія мае беларусы!

    Сёння мы ўсе захапляемся духам украінцаў – яны бароняць сваю краіну ад захопнікаў ужо амаль тры тыдні.

    Мы ўсе ўражаныя іх еднасцю: Украіне ёсць на што абаперціся. Украінцы ганарацца сваей гісторыяй і культурай. Кожны ўкраінец, здаецца, ведае сотні народных песень. Гэта ўсё іх цяпер падмацоўвае – дае ім сілы ў барацьбе.

    А што з намі, мае родныя беларусы? Што з нашым духам?

    Нехта цяпер апускае вочы і кажа: у нас жа нібыта няма такой спадчыны. Нібыта няма спеваў, якія зараджаюць і даюць сілу. Нібыта няма выбітных герояў у гісторыі.

    Не смейце апускаць вочы, дарагія беларусы! Не смейце апускаць наш бела-чырвона-белы сцяг цяпер, калі асабліва цяжка. Бо свабода – гэта наша нацыянальная каштоўнасць. У нас за спінай – не пустэча. У нас ёсць героі, якія аддавалі жыццё дзеля свабоды. І адзін з іх – Тадэвуш Касцюшка.

    Ведаеце, шчыра прызнаюся: раней я практычнага нічога не ведала пра нашага супольнага з палякамі і літоўцамі героя. Дакладна не магла нават уявіць, што апошнія гады свайго жыцця ён правёў тут у швейцарскім Залатурне. Аднак думаю, што для многіх з тых, хто ведаў пра яго, біяграфія Тадэвуша Касцюшкі здавалася проста гісторыяй. 

    Мы думалі, што назаўжды аддзеленыя ад яго часам. Мы – сучаснасць, ён – мінулае.

    Але цяпер, раптам, праз 200 год пасля яго смерці – бачым, як гісторыя ажывае. Недавершаная гісторыя вяртаецца да нас. Выклік Касцюшкі становіцца і нашым выклікам. Яго заклік – змагацца за свабоду паняволеных народаў – становіцца жыццёва важным для кожнага з нас.

    Касцюшка ажывае. І разам з ім ажывае наша змаганне за Свабоду.

    Тадэвуш Касцюшка даў прысягу змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы і ўсеагульную свабоду. За свабоду – не проста палітычную для краіны. За свабоду – кожнага чалавека. 

    Тыранія несла рабства і 200 год таму. Яна нясе паняволенне і сёння.

    Напад Расіі на Украіну, ваенная акупацыя Беларусі – гэта не толькі пра нацыянальны прыгнёт і знішчэнне дзяржавы.

    Гэта пра непрыняцце свабоды як прынцыпа. Як ідэі. З якой нараджаецца каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця.

    Агрэсар, які расстрэльвае радзільні і дзіцячыя садкі – не мае гэтай каштоўнасці.

    А таму і змаганне Украіны сёння – гэта не проста змаганне за сваю дзяржаву. Гэта змаганне за чалавечнасць. За жыццё чалавека. За свабоду чалавека – кожнага з нас.

    Тадэвуш Касцюшка стаў нацыянальным героем ЗША – бо свабода была для яго каштоўнасцю і ён змагаўся за яе дзеля іншага народа, дзеля амерыканцаў, таксама. Чалавек, які любіць свабоду – не пераносіць любое паняволенне духу.

    І таму сёння мы бачым сотні беларусаў, якія гэтак жа як і Касцюшка два стагоддзі таму, едуць ва Украіну змагацца за свабоду. За нашу і вашу свабоду.

    Беларусы ваююць супраць захопнікаў са зброяй у руках на фронце. Беларусы падрываюць рэйкі ўнутры Беларусі, фатаграфуюць тэхніку ворага, ананімна перадаюць інфармацыю пра дыслакацыю ваеннай тэхнікі агрэсара.

    Беларусы замежжа ў самыя кароткія тэрміны мабілізуюцца і салідарызуюцца, каб дапамагчы нашым дарагім украінцам абараніць сваю Радзіму.

    Вы ствараеце ініцыятывы і фонды падтрымкі ўкраінцаў на фронце, вы збіраеце рэчы і грошы для ўкраінскіх і беларускіх бежанцаў, шукаеце ім жытло, дапамагаеце з лагістыкай, аказваеце інфармацыйную падтрымку.

    Мы павінны памятаць, што беларускі народ супраць гэтай вайны. Я звяртаюся да тых беларусаў цяпер, якія апускаюць вочы. Уздыміце галаву, дарагія. Распраўце плечы. У нас ёсць доўгая гісторыя змагання са злом. Нашыя героі, нашыя продкі – былі на баку святла, і цяпер ажываюць у нашых сэрцах. Адчуйце ў сваёй душы – сілу нашых герояў. І самае галоўнае – веру ў нашу праўду. І нашу перамогу. І працуйце, працуйце, працуйце дзеля перамогі.

    Паглядзіце, які медыйны і інфармацыйны ціск вы ўжо аказваеце на рэжым Лукашэнкі, робячы свой унёсак у Антываенны Беларускі Рух.

    Па ўсім свеце мы з вамі мусім працягваць заяўляць, што беларусы – не агрэсары, Лукашэнка для нас злачынца. Што мы супраць вайны і што мы разам з украінцамі.

    Мы з вамі ўжо столькі прайшлі разам. Аб’ядналіся, набраліся досведу, атрымалі шмат карысных кантактаў. Усё тое, чаго мы дасягнулі – дорага каштуе. І гэта цаглінкі ў фундаменце нашай новай Беларусі.

    Прашу вас, дарагія мае беларусы, падыміце вочы. Паглядзіце ў вочы нашай гераіні Наталлі Хершэ, якая сёння разам з намі. Уздымайце наш бела-чырвона-белы сцяг з гонарам.

    Будзьма вартымі нашых герояў. Бо ў час вайны, у самы страшны час, яны натхняюць нас. І яны дапамогуць нам.

    Жыве Беларусь.
    Слава Украіне».

    Апошнія навіны