• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Снежань 2022 / Выпуск 20

    23 снежня, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што датычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам пра навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўных ведамстваў што да рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія падаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванню сістэмы адукацыі.

    У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навукі магчыма па спасылцы.

    3 снежня ва ўзросце 85 гадоў пайшоў з жыцця вядомы грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ЗША, вучоны, бібліёграф Вітаўт Кіпель. На працягу 40 гадоў Кіпель кіраваў Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, яго аўтарству належаць некалькі выдадзеных фундаментальных даследаванняў па беларускай эміграцыі. Рэдакцыя дайджэста «Асвета» выказвае спачуванні родным і калегам вучонага.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Дэпартамент даследаванняў у галіне сродкаў масавай інфармацыі і камунікацый універсітэта Сёдэртэрна ў Стакгольме запрашае на стажыроўку ў 2023-2024 гг. даследчыкаў, якія маюць доктарскую ступень, чые праекты прысвечаны праблемам грамадства ў эпоху лічбавых камунікацый і медыя. Асаблівая ўвага пры адборы кандыдатаў будзе надавацца даследаванням Балтыйскага і Усходнееўрапейскага рэгіёнаў. Стыпендыятам прапануецца аднаразовая стыпендыя ў памеры 20 000 шведскіх крон на аплату праезду і пражывання. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 студзеня 2023 года.

    – Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) прапаноўвае стыпендыі ім. Герды Хенкель для даследчыкаў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук, якія маюць доктарскую ступень, а таксама міжнародны даследчы вопыт (удзел у праектах і рэцэнзуемых канферэнцыях). Працягласць стажыроўкі – да 5 месяцаў. Стыпендыятам прадастаўляецца: стыпендыя ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10 адсоткаў) для пакрыцця расходаў, звязаных са знаходжаннем у Сафіі; размяшчэнне ў Сафіі, уключаючна з жыллём і працоўнай прасторай; праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); аднаразовая дапамога на паездку за мяжу з навуковымі мэтамі ў перыяд стажыроўкі (да 1200 еўра); выдаткі на даследаванні (100 еўра на месяц). Стыпендыяты таксама будуць мець бясплатны доступ да бібліятэкі, электронных рэсурсаў і баз даных Цэнтра. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 сакавіка 2023 года.

    – Інстытут гуманітарных навук (IWM) прапаноўвае стыпендыю імя Ежы Гедройца для даследчыкаў, якія займаюцца пытаннямі польска-ўкраінскіх, польска-беларускіх і польска-літоўскіх адносін у сферы гісторыі, палітыкі і літаратуры. Кандыдаты на стыпендыю павінны вучыцца ў дактарантуры ў сферы гуманітарных або сацыяльных навук або мець доктарскую ступень у тых жа сферах (яна павінна быць атрымана не раней, чым за 4 гады да моманту падачы заяўкі). Працягласць стажыроўкі – 4 месяцы ў перыяд з верасня 2023 г. па чэрвень 2024 г. Адабраныя кандыдаты атрымаюць стыпендыю ў памеры ад 2500 да 3000 еўра (у залежнасці ад наяўнасці доктарскай ступені) для пакрыцця выдаткаў на пражыванне, праезд, медыцынскую страхоўку і іншых выдаткаў, звязаных са знаходжаннем у Вене. Акрамя таго, стыпендыятам бясплатна прадастаўляецца офіснае памяшканне і іншыя паслугі. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 студзеня 2023 г.

    – Інстытут гуманітарных навук (IWM) прапаноўвае стыпендыю ў межах праграмы «Лічбавы гуманізм». Падчас праграмы ўдзельнікі будуць займацца даследаваннямі на стыку сучасных лічбавых тэхналогій з гуманітарнымі і сацыяльнымі навукамі. Суіскальнікі павінны навучацца ў дактарантуры ў сферы гуманітарных або сацыяльных навук або мець доктарскую ступень у тых жа галінах (яна павінна быць атрымана не раней, чым за 4 гады да моманту падачы заяўкі). Працягласць стажыроўкі – 3 месяцы. Адабраныя кандыдаты атрымаюць стыпендыю ў памеры 2700 еўра на месяц для пакрыцця расходаў на пражыванне, медыцынскую страхоўку і іншых расходаў, звязаных са знаходжаннем у Вене. Акрамя таго, IWM дае стыпендыятам офіснае памяшканне, бясплатныя абеды і іншыя паслугі. Камандзіровачныя выдаткі да 1000 еўра могуць быць кампенсаваныя пры прад'яўленні адпаведных дакументаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 23 студзеня.

    – Міжнародны аспіранцкі цэнтр культурных даследаванняў (GCSC) Універсітэта Гісена прапаноўвае трохгадовую праграму навучання ў дактарантуры па культурных даследаваннях. Пачатак навучальнага года – 1 кастрычніка 2023 года. Для навучэнцаў будзе выдзелена да 6 стыпендый, і дадаткова – да 2 стыпендый у межах «Праграмы стыпендый для аспірантаў» (GSSP). Патрабаванні да кандыдатаў: ступень магістра з адзнакай ў сферы гуманітарных і сацыяльных навук; праект дысертацыі, які адпавядае даследчаму профілю GCSC і можа курыравацца Універсітэтам Юстуса Лібіха; адсутнасць доктарскай ступені; валоданне нямецкай або англійскай мовай. Адабраныя кандыдаты будуць атрымліваць стыпендыю ў памеры 1468 еўра на месяц. Бацькі будуць мець права на грашовую дапамогу для дзіцяці. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 1 лютага 2023 г.

    –Хельсінскі ўніверсітэт прапаноўвае навучанне па магістарскай праграме для абітурыентаў са ступенню бакалаўра ў сферы сацыяльных або гуманітарных навук. Праграма прадугледжвае правядзенне даследавання па тэме, звязанай з Расіяй, Еўразіяй ці Усходняй Еўропай. Кошт навучання для грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕС/ЕЭЗ: 13000 еўра. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 4 студзеня 2023 г.

    – Каледж Еўропы ў Наталіне (Польшча) прапаноўвае стыпендыі для навучання ў 2023-24 гг. Стыпендыі могуць быць прадастаўленыя выпускнікам універсітэтаў з адукацыяй у сферы юрыспрудэнцыі, эканомікі, палітычных ці сацыяльных навук, гісторыі, філасофіі, геаграфіі, лінгвістыкі, журналістыкі. Поўная стыпендыя (27 000 еўра) пакрывае плату за навучанне (уключна з заняткамі ў інтэрнаце ці за яго межамі), 7-дзённае 3-разовае харчаванне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 18 студзеня 2023 г.

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – «Рух беларускай салідарнасці« арганізаваў у Варшаве маштабную канферэнцыю, прысвечаную альтэрнатыўнай сістэме адукацыі для беларусаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 350 чалавек. На канферэнцыі выступілі вядомыя эксперты ў сферы адукацыі і прадстаўнікі дэмакратычных сіл: гісторык Павел Церашковіч, кіраўнік беларускай школы ў Варшаве Алесь Лозка, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык, палітолаг Андрэй Казакевіч, прадстаўнік Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў, палітык ды ініцыятар навучальнай праграмы Каліноўскага для рэпрэсаваных студэнтаў Аляксандр Мілінкевіч ды іншыя. На канферэнцыі прадстаўнікі шматлікіх адукацыйных ініцыятыў грамадзянскай супольнасці расказалі пра сваю дзейнасць. Па выніках канферэнцыі арганізатары апублікавалі навігатар з незалежных адукацыйных ініцыятыў.

    – «Народнае апытанне» даведалася ў дэмакратычна настроеных беларусаў меркаванне пра якасць адукацыі ў Беларусі: большасць апытаных (69%) аказаліся незадаволеныя якасцю адукацыі. Таксама 58% лічаць, што школа – не месца для «патрыятычнага выхавання», і столькі ж апытаных выступаюць за тое, каб колькасць беларускіх школ была павялічана. Больш вынікаў пра меркаванні беларусаў па адукацыі – у візуалізаванай справаздачы «Народнага апытання».

    – Эксперты па адукацыі Роза Турарбекава, Таццяна Шчытцова і Вольга Павук акрэслілі галоўныя болевыя кропкі сучаснай сістэмы адукацыі ў Беларусі: ідэалагізацыя, мілітарызацыя, закрытасць ад уплыву бацькоў і грамадзянскай супольнасці, цэнтралізацыя. «Школа-казарма» – так Турарбекава вызначыла ідэал, да якога імкнецца дзяржава, рэфармуючы адукацыю. Шчытцова падкрэсліла, што ўвядзенне ліцэнзавання прыватных школ было ўведзена менавіта з мэтай закрыцця многіх з іх. Яна адзначыла, што ў прыватных школах было больш магчымасцяў для абароны дзяцей. Павук адзначыла, што ідэалагічныя мерапрыемствы, якія раней датычыліся старшакласнікаў, цяпер праводзяцца для школьнікаў розных узростаў, і іх мэтай з'яўляецца фармальная адпаведнасць патрабаванням ідэолагаў (напрыклад, каб усе дзеці ведалі словы дзяржаўнага гімна на памяць).

    – Незалежнае СМІ «Меdia IQ» выпусціла відэа, у якім на прыкладзе нацысцкай Германіі тлумачыцца мэта ідэалагізацыі адукацыі ў Беларусі і яе магчымыя наступствы: «Немцы, якія выраслі пры нацысцкім рэжыме, мелі значна больш антысеміцкі настрой, чым тыя, хто рос да або пасля таго перыяду».

    Рэпрэсіі

    – Палітвязень, настаўніца з г. Хойнікі Ірына Абдукерына была асуджаная на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за відэаздымку перасоўвання расійскай вайсковай тэхнікі ды адпраўку відэа ў канал «Беларускі Гаюн». Абласны суд Гомеля прызнаў жанчыну вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «распальванні варожасці». Прысуд агучыў суддзя Руслан Царук. Акрамя тэрміна ў калоніі, Абдукерынай таксама прысуджаны штраф памерам у 100 базавых велічыняў. Пад вартай жанчына знаходзіцца з моманту затрымання – з 5 красавіка 2022 г.

    – 25 лістапада студэнта Уладзіміра Запольскіх асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і выплату штрафу памерам у 200 базавых велічыняў. Суддзя С.А. Бандарэнка падчас закрытага судовага паседжання прызнала Запольскіх вінаватым па «пратэсных» артыкулах Крымінальнага Кодэкса: 342 ч.1 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), 369 ч.1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і 130 («распальванне варожасці»).

    – 30 лістапада падчас масавых затрыманняў у горадзе Міёры Віцебскай вобласці быў затрыманы выдатны беларускі гісторык-даследчык, краязнаўца, кіраўнік музейнага аб'яднання «Спадчына Міёрскага краю», настаўнік вышэйшай катэгорыі Вітольд Ярмалёнак. Вядома, што разам з ім затрымалі ягонага сына Антона.

    – 29 лістапада супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрымана сацыёлаг, кандыдат навук Аксана Шэлест. 1 снежня яна была асуджаная на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 24.3 КаАП («непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі»). 14 снежня Шэлест выйшла на волю.

    – З Беларусі з'ехала вядомая выкладчыца беларускай літаратуры Ліцэя БДУ Марына Казлоўская. Па паведамленнях яе калег прычынай выезду стаў пераслед Казлоўскай па палітычных матывах. Сама Казлоўская пакуль не давала каментароў СМІ, аднак пакінула развітальнае паведамленне на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

    – З настаўнікам вышэйшай катэгорыі, вядомым педагогам г. Бяроза Брэсцкай вобласці Мікалаем Жуковічам пасля заканчэння кантракта не заключылі новы кантракт. Па неафіцыйнай інфармацыі прычынай нежадання дзяржустановы працягваць супрацоўніцтва з дасведчаным выкладчыкам сталі яго дзеянні ў жніўні 2020 г.: будучы ў той час дырэктарам школы, Жуковіч адмовіўся арганізоўваць паездку сваіх калегаў на праўладны мітынг.

    • Палітыка рэжыму

    – У 2023 годзе падаткі, якія павінны ў дзяржбюджэт выплачваць педагогі, якія займаюцца рэпетытарствам, будуць павялічаны ўладамі ў два разы.

    – Сталі вядомыя падрабязнасці  па характарыстыцы, якую плануюць увесці ўлады для выпускнікоў школ: яе неабходна будзе прадставіць у ВНУ пры паступленні; яна будзе мець форму, зацверджаную сумесна Міністэрствам адукацыі і педсаветам школы; яна будзе ўключаць 11 пунктаў, у тым ліку інфармацыю па ўдзеле ў мерапрыемствах БРСМ, па сям'і дзіцяці і затрыманнях праваахоўнымі органамі. Пры роўнасці балаў абітурыентаў на ўступных іспытах будзе ўлічвацца дадзеная характарыстыка.

    – Паводле інфармацыі  канала «Нашы грошы», беларускія ўлады ў 2022 г. выдаткуюць на развіццё навукі ўсяго 0,9% (425,8 млн рублёў) кансалідаванага бюджэту, прычым на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы – усяго 19,3 млн рублёў. Акрамя таго, «Нашы грошы» звярнулі ўвагу на занадта шаноўны сярэдні ўзрост беларускіх вучоных: палова дактароў навук мае ўзрост, які перавышае 70 гадоў, а каля трэці кандыдатаў навук прыпадае на ўзроставую катэгорыю 40-50 гадоў. Адсутнасць маладых кадраў і фінансавання з'яўляюцца прычынамі гаротнага стану айчыннай навукі – такую выснову робяць аўтары канала.

    – Ва ўніверсітэтах Гродзенскай вобласці праходзіць анкетаванне студэнтаў на тэму іх каштоўнасных арыентацый. Характэрна, што ў анкеце ёсць пытанне пра давер незалежным СМІ, пераважная большасць якіх прызнана ўладамі «экстрэмісцкімі» і падпіска на каналы якіх у многіх выпадках караецца адміністрацыйным арыштам. Таксама ў студэнтаў цікавяцца, ці гатовы яны пратэставаць супраць улады і наколькі іх непакоіць магчымасць пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

    – 17-гадовага школьніка гімназіі №2 г. Баранавічы паказальна ўзялі пад варту ў актавай зале навучальнай установы ў прысутнасці супрацоўнікаў пракуратуры, навучэнцаў гімназіі і школ горада. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай затрымання стаў удзел падлетка ў бойцы.

    Апошнія навіны