• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Праграма эканамічнага ціску і падтрымкі. Галоўнае

    15 снежня, 2020

    15 снежня адбылася прэс-канферэнцыя Офіса Святланы Ціханоўскай пра праграму эканамічнага ціску на рэжым і падтрымку народа Беларусі. Спікерамі выступілі прадстаўнік Ціханоўскай па эканоміцы Алесь Аляхновіч, палітычны дарадца Аляксандр Дабравольскі, чалец прэзідыума КР і кіраўнік НАК Павел Латушка і прадстаўнік НАК па эканоміцы і фінансах Яўген Буры.

    Ад імя Офіса Ціханоўскай Алесь Аляхновіч прэзентаваў 7 кірункаў эканамічнага ціску, па якіх ужо вядзецца праца – і будзе пашырацца:

    1. Унутраныя санкцыі. Абмежаванне беларусамі пакупак тавараў і паслуг кампаній, у якіх адбываюцца рэпрэсіі і якія падтрымліваюць рэжым. Абмежаванне плацяжоў у дзяржбюджэт, у тым ліку падаткаў і пакупак галоўных падакцызных тавараў – алкаголю і цыгарэт.
    2. Расследаванне і абмежаванне карупцыйных схем паставак тавараў з Беларусі прыватнымі кампаніямі, набліжанымі да рэжыму. Тут гаворка пра санкцыі ЕЗ і ЗША супраць «кашалькоў» рэжыму.
    3. Замарозка міжнароднага супрацоўніцтва з дзяржсектарам. Гаворка пра прыпыненне адносін з рэжымам з боку ЕБРР, МВФ, ЕІБ, Сусветнага банка на карысць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
    4. Спыненне міжнароднага супрацоўніцтва і фінансавання для беларускіх дзяржбанкаў. Абмежаванне крэдытных ліній ад міжнародных банкаў для даччыных банкаў унутры краіны.
    5. Закрыццё міжнародных фінансавых рынкаў для эмісіі новых дзяржаблігацый. Інфармаванне міжнароднай супольнасці пра тое, як рэжым парушае асноўныя эканамічныя правы беларусаў – напрыклад, блакаваннем рахункаў, на якія прымалася дапамога фондаў салідарнасці. Запуск абмеркавання перагляду выплаты дзяржаблігацый, выпушчаных рэжымам пасля 9 жніўня 2020 года.
    6. Абмежаванне экспарту ключавых дзяржпрадпрыемстваў, дзе рэпрэсуюць супрацоўнікаў. Гаворка пра працу з такімі кампаніямі, як Yara ў Нарвегіі – адзін з дзесяці галоўных пакупнікоў Беларуськалія.
    7. Спыненне замежных інвестыцый – і з боку прадпрыемстваў, і з боку іншых дзяржаў.

    Калі гэтыя механізмы не спрацуюць, а рэпрэсіі будуць прадаўжацца – можа быць скарыстана адключэнне дзяржбанкаў Беларусі ад сістэмы SWIFT. Гэта самы радыкальны від санкцый, таму ў гэтым пытанні Офіс Святланы Ціханоўскай лічыў неабходным правесці апытанне народнай думкі. На платформе «Голас» прагаласавала 406 000 чалавек, з іх 64,1% выступілі за адключэнне SWIFT, 19,3% не змаглі адказаць «за» ці «супраць». І яшчэ 16,6% выступілі супраць. Гэта значыць суадносіны тых, хто «за» і «супраць» – 4 да 1. Важна і тое, што калі некалькі сотняў тысяч беларусаў гатовыя на самы жорсткі від ціску, значыць кропкавыя санкцыі падтрымлівае яшчэ больш беларусаў.

    Акрамя працы над ціскам, Офіс Святланы Ціханоўскай і іншыя дэмакратычныя сілы робяць захады ў распрацоўцы праграмы дапамогі беларусам. Гаворка, у тым ліку, пра праект Digital Solidarity, які дазваляе хутчэй дапамагаць пацярпелым фінансава, а ў будучыні – у пошуку працы, устаноў адукацыі і абмене тавараў і паслуг. Акрамя таго, прадаўжаюць сваю працу фонды салідарнасці, якім актыўна дапамагаюць беларусы з дыяспар па ўсім свеце. Ужо цяпер некалькі дзясяткаў беларускіх студэнтаў змаглі працягваць навучанне ў ВНУ іншых краін – як дыстанцыйна, так і вочна. Таксама Офіс Ціханоўскай ужо распрацоўвае паўнавартасную эканамічную праграму для Беларусі, праграму дапамогі на пераходны перыяд і знаходзіць новыя інвестыцыі. Да прыкладу, некалькі дзён таму Еўракамісія пацвердзіла, што вылучае пакет дапамогі памерам 24 мільёны еўра.

    Павел Латушка і Яўген Буры ад імя НАК дадалі, што падтрымліваюць праграму Офіса Ціханоўскай і ўжо запусцілі План па эканоміцы і фінансах. Ён уключае ў сябе і захады эканамічнага ціску на рэжым і працуе ў партнёрстве з ініцыятывамі «Крама», «За справу» і іншымі.

    Павел Латушка адзначыў, што ўсе дамоўленасці з крэдыторамі, падпісаныя нелегітымнай уладай пасля 5 лістапада 2020 года, будуць перагледжаныя кіраўніцтвам Новай Беларусі. Новы ўрад не будзе лічыць сябе абавязаным плаціць па пазыках Лукашэнкі.

    Таксама ён заявіў, што замежным фінансавым інстытутам, крэдытным і банкаўскім установам неабходна спыніць фінансаванне нелегітымнай улады і рэпрэсіі супраць беларускага народу. Усім крэдыторам прапануецца:

     1. Прыняць захады для праверкі мэтавага выкарыстання крэдытных рэсурсаў;
     2. Запатрабаваць датэрміновага і неадкладнага выканання крэдытных абавязальніцтваў;
     3. Не дазваляць падаўжэння крэдытных дамоваў.

    Латушка падкрэсліў, што ва ўжыванні санкцый вінаваты не беларускі народ, а выключна нелегітымная ўлада, якая не хоча выконваць базавыя міжнародныя прынцыпы, не выконвае нацыянальнае заканадаўства, груба парушае правы і свабоды беларусаў.

    Палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі дадаў, што «цяпер у Беларусі адна праблема – прага да ўлады аднаго чалавека. Ён прайграў выбары, але спрабуе ўтрымацца пры ўладзе супраць волі выбарнікаў, і гэта стварае перашкоды для развіцця краіны. Калі ён сыдзе, перашкода знікне. Важна памятаць, што ўсе механізмы ціску запускаюцца не супраць народа Беларусі, а супраць гэтага канкрэтнага чалавека, што перастаў слухаць народ».

    Відэазапіс прэс-канферэнцыі можна паглядзець тут.

    Апошнія навіны