• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі Каліноўскага ў Еўрапейскім Парламенце, 2022

    21 чэрвеня, 2022

    «Паважаныя спадарыні і спадары,

    Я хацела б падзякаваць Ганне Фатызе і Жыгімантасу Павільёнісу за арганізацыю 4-й Канферэнцыі Каліноўскага. Дзякуй вам ад імя беларусаў за тое, што падтрымліваеце нас.

    Учора я была ў Бруселі. Чальцы маёй каманды распавялі мне, што ў 1830-х гадах тут у выгнанні жыў вядомы прафесар гісторыі Віленскага ўніверсітэта Яхім Лялевель.

    Яго выгналі з тагачаснай Расійскай імперыі за тое, што ён прамовіў фразу «За нашу і вашу свабоду», якая натхніла наступныя пакаленні змагароў за свабоду.

    У 1860-х, праз 30 гадоў, Кастусь Каліноўскі, натхнёны дэвізам Лялевеля, узначаліў вызваленчае паўстанне ў Беларусі і Літве. Ён змагаўся за нашу і вашу свабоду.

    Праз 160 гадоў, падчас забастовак на заводах і жаночых маршаў, на выбарчых участках і ў турмах, на вуліцах Мінска і анлайн – беларусы мірна адстойвалі каштоўнасці: за нашу і вашу свабоду.

    Праз 160 гадоў за будучыню Еўропы змагаюцца ўкраінцы. У акопах Данбаса, над Кіевам ці на вуліцах Херсона – яны змагаюцца за нашу і вашу свабоду.

    Я абураная тым, што дыктатар, які не прадстаўляе нікога, акрамя самога сябе, уцягнуў нашую краіну ў незаконнае ўварванне.

    Але я адчуваю гонар за беларусаў, якія выступілі супраць гэтага.

    Я адчуваю гонар за тысячы тых, хто ў лютым выйшаў на вуліцы, ведаючы пра рызыку трапіць у турму і стаць ахвярай катаванняў.

    Я адчуваю гонар за тых, хто ў сакавіку і красавіку здзяйсняў дыверсіі на чыгунках. Цяпер за іх адвагу ім пагражае смяротнае пакаранне.

    Я адчуваю гонар за сотні беларускіх добраахвотнікаў, якія зараз абараняюць Украіну.

    Я адчуваю гонар за тысячы простых беларусаў, якія працягваюць рабіць данаты на патрэбы ўкраінскай арміі і народа.

    Я таксама веру ў будучыню Еўропы. Я радая, што на мінулым тыдні Еўракамісія рэкамендавала надаць статус кандыдата ў чальцы ЕС Украіне і Малдове. Я заклікала да гэтага рашэння разам з іншымі лідарамі беларускіх дэмакратычных сілаў. Яно прадэманструе, што не толькі ўкраінцы хочуць быць з Еўропай, але і Еўропа хоча быць з Украінай. Такое рашэнне стане прызнаннем таго, што ўкраінцы змагаюцца і за свабоду Еўропы.

    Я заклікаю вас не забывацца, што лёсы Украіны, Еўропы і Беларусі ўзаемазвязаныя. Не можа быць свабоднай Украіны без свабоднай Беларусі – і наадварот. І, я ўпэўненая, гісторыя паказала нам, што Еўропа не можа адчуваць сябе ў бяспецы, калі абедзве нашыя краіны не будуць свабоднымі. Не можа быць вашай свабоды без нашай свабоды.

    Таму – за грукатам танкаў і гучнымі загалоўкамі – я заклікаю вас памятаць і пра Беларусь. Я заклікаю вас памятаць адну простую рэч: Беларусь – не Расія, а беларусы не падтрымліваюць вайну. Дапамагаючы нашай барацьбе за свабоду, вы набліжаеце квітнеючую будучыню Украіны і Еўропы.

    Цяпер, калі ЕС прымае рашэнне пра новых кандыдатаў, надышоў момант пазначыць у дакуменце па выніках дэбатаў еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Мы павінны распачаць абмеркаванне формаў супрацоўніцтва паміж беларускім народам і Еўрасаюзам.

    Пакуль мы імкнемся дасягнуць стратэгічных мэтаў, я прашу вас прасоўваць тыя ідэі, якія зблізяць Беларусь і Еўрасаюз: мабільнасць беларусаў, выдача візаў, запуск студэнцкіх абменаў і адукацыйных праграмаў. Усё тое, у чым не ўдзельнічае рэжым, толькі дапаможа нам. Нам трэба падтрымліваць народ і ціснуць на рэжым.

    Нам трэба разам працаваць над стратэгічнай медыякампаніяй супрацьстаяння расійскай прапагандзе. Разам мы зможам стварыць іншую хроніку свабоднай Беларусі – той, якой ёсць месца ў Еўропе.

    І, нарэшце, сумесна з Радай Еўропы мы фармулюем рашэнні, дзякуючы якім сапраўдная, дэмакратычная Беларусь зможа ўдзельнічаць у працы гэтай аўтарытэтнай арганізацыі. Я спадзяюся, гэтая ініцыятыва стане паспяховым прыкладам, які будзе распаўсюджаны на іншыя міжнародныя арганізацыі.

    У 2020 годзе беларусы аб'ядналіся. Мы таксама аб'ядналі Еўропу і свет вакол нас. 2022 год – вырашальнае выпрабаванне для нашага адзінства. І толькі аб'яднаўшыся мы зможам дасягнуць нашай і вашай свабоды».

    Апошнія навіны