• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Калі мы не хочам аднойчы прачнуцца ў свеце, дзе правілы дыктуюць тыраны, мы павінны спыніць іх зараз». Выступ Ціханоўскай на пленарным пасяджэнні Сусветнага форуму за дэмакратыю ў Страсбургу

    07 лістапада, 2022

    «Віцэ-прэзідэнт Харанзава,
    Прэзідэнт Элбэгдорж,
    Міністр Рамашкану,
    Прафесар Тыбуры,

    Паважаныя сябры,

    Найперш дазвольце мне звярнуцца да маладых беларусаў, якія сёння прысутнічаюць у залi. Я ведаю, што вы ўдзельнічалі ў руху за дэмакратыю ў 2020 годзе і былі вымушаныя ўцякаць з краіны. Я ведаю, што ў вас ёсць сябры ці чальцы сям'і, якіх, як і тысячы іншых невінаватых людзей, рэжым Лукашэнкі зняволіў у турме. І дзякуй вам, што, нягледзячы на ўвесь жах, вы не здаліся і працягваеце сваю бясстрашную працу ў імя новай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі.

    Апошнія два гады сталі вялікім выпрабаваннем для нашай краіны. Гэта было выпрабаванне і для міжнароднай супольнасці: ці гатовыя мы змагацца за тыя прынцыпы і каштоўнасці, якія мы ўсе адстойваем? Ці гатовыя мы ахвяраваць у імя нашай свабоды?

    І мы, беларусы, даказалі, што гатовыя. Мы ўбачылі, як народ Беларусі ўстаў і гучна і выразна сказаў: Беларусь — гэта не Лукашэнка. Беларусь — гэта мы. Еўропа — гэта мы. І гэта мы вырашаем сваю будучыню.

    Але мы таксама ўсвядомілі, што барацьбу за дэмакратыю нельга выйграць у адзіночку. З-за таго, што з боку свету не было жорсткай і хуткай рэакцыі, жорсткай дыктатуры ўдалося патапіць голас новай Беларусі ў крыві і тэроры. На нашых вачах дыктатар стварае Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы.

    Крызіс распаўсюдзіўся на рэгіён і з лакальнага ператварыўся ў геапалітычны. Дыктатар, адчуваючы сваю беспакаранасць, пачаў пагражаць бяспецы Еўропы. Ён угнаў самалёт Ryanair, а потым арганізаваў міграцыйны крызіс на мяжы з нашымі добрымі суседзямі. Шлях ад фальсіфікацыі выбараў да ператварэння ў пагрозу міжнароднай бяспецы аказаўся вельмі кароткім.

    Сёння дыктатар уцягвае Беларусь у злачынную вайну Пуціна супраць Украіны. І я ганаруся тым, што так шмат беларусаў далучаюцца да руху супраціву. Арганізаваць вулічны пратэст немагчыма, але людзі дэманструюць непадпарадкаванне і спыняюць цягнікі з расійскай вайсковай тэхнікай.

    Сітуацыя ў Беларусі — яскравы прыклад таго, як дыктатура ў невялікай краіне можа стаць сур'ёзнай пагрозай для дэмакратыі ва ўсім свеце. І зараз свет як ніколі павінен аб'яднацца перад абліччам глабальнай катастрофы.

    Сёння мы павінны аб'яднацца ў падтрымку Украіны, якая ў авангардзе змагаецца за дэмакратычныя каштоўнасці. Мы павінны аб'яднацца ў падтрымку свабоднай Беларусі. Бо без свабоднай Беларусі бяспека не можа быць гарантаваная ні Украіне, ні Еўропе. Сёння лёсы Беларусі, Украіны і ўсяго дэмакратычнага свету цесна пераплеценыя.

    І калі мы не хочам аднойчы прачнуцца ў свеце, дзе правілы дыктуюць тыраны, мы павінны спыніць іх зараз.

    Дзякуй!»

    Апошнія навіны