• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Я ўсё часцей чую пра тое, як у нашай краіне працаваць становіцца няма каму»

    09 студзеня, 2023

    Святлана Ціханоўская: «Я ўсё часцей чую пра тое, як у нашай краіне працаваць становіцца няма каму. Гэтая праблема асабліва адчуваецца ў рэгіёнах, дзе на ўвесь пасёлак працуе адна крама, аптэка і паліклініка.

    Нядаўна ў Мікашэвічах з-за недахопу медперсаналу зачынілася хірургічнае аддзяленне. У Жлобіне з-за недахопу кіроўцаў грамадскага транспарту да працы прыцягваюць супрацоўнікаў БМЗ. Лоеў застаўся без стаматолага. А ў вёсцы Белічы захварэла адзіная на ўсю вёску прадавачка, і зараз жыхары ходзяць па 7 кіламетраў да найбліжэйшай крамы проста для таго, каб набыць дадому прадуктаў.

    Агулам у снежні ў Беларусі не хапала больш за 100 тысячаў працаўнікоў. І гэтыя лічбы працягнуць павялічвацца, бо заробкі працягваюць падаць, цэны – расці. А ад звальненняў нязгодных пакутуюць не толькі тыя, каго звольнілі, але і тыя, на чые плечы кладуцца дадатковыя змены. І калі гэтая недзеяздольная сістэма ў Беларусі не зменіцца, яшчэ больш годных людзей абяруць рэлакацыю туды, дзе іх праца шануецца і добра ўзнагароджваецца.

    Цяпер у Беларусі дэфіцыт не толькі тавараў. У Беларусі дэфіцыт людзей. Рэжым ляціць у прорву сам, і зараз цягне за сабой эканоміку нашай краіны і ўсіх нас. А чыноўнікі замест таго, каб ствараць умовы для прыцягнення людзей і бізнесаў, – аддаюць перавагу ўводзіць новыя паборы, каб ненадоўга паправіць прабоіны ў бюджэце.

    Я ўпэўненая, што працавітасць беларусаў стане асновай эканамічнага росту. Ініцыятыўныя працаўнікі, якіх звольнілі па палітычных матывах – вернуцца да працы. Тыя, хто з'ехаў – змогуць вярнуцца і разам адбудоўваць эканоміку нашай краіны. А тыя, хто зараз вымушаны працаваць за пецярых – змогуць дазволіць сабе заслужаны адпачынак, пра які мараць. Усё гэта здарыцца, калі народ пазбавіцца рэжыму, які толькі атручвае ўсё навокал і ўцягвае нас у бессэнсоўную вайну. Калі мы вернем сабе права самастойна вызначаць нашую будучыню».

    Апошнія навіны