• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Вынікі працы Офіса Ціханоўскай за тыдзень 14-20 лютага

    20 лютага, 2022

    Суверэнітэт Беларусі і бяспека рэгіёну

    – Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у галоўнай канферэнцыі па бяспецы ў Еўропе – Мюнхенскім форуме – як прадстаўніца беларусаў. Яна правяла каля 30 працоўных сустрэчаў – ад кангрэсменаў ЗША і прадстаўнікоў Украіны да Біла Гейтса. На ўсіх палітычных сустрэчах прыярытэтам Ціханоўскай было данесці пазіцыю пра неабходнасць захаваць суверэнітэт Беларусі, які рэжым ставіць пад пагрозу штодня, і незаконнасць «рэферэндуму», які не павінен быць прызнаны міжнароднай супольнасцю. Больш падрабязнасцяў пра візіт – тут.

    – Адна з выходзячых ад рэжыму пагрозаў палягае ў тым, што ў іх незаконным праекце Канстытуцыі выключаны нейтральны і бяз'ядзерны статус Беларусі. Каб прыцягнуць увагу да праблемы, даследчы цэнтр Офіса Ціханоўскай правёў дыскусію «Бяз'ядзерная Беларусь». Паглядзець вэбінар можна тут. Таксама 24 лютага ў 18:00 па Мінску пройдзе вэбінар на тэму «рэферэндуму». Рэгістрацыя тут. Мерапрыемства перакладаецца з англійскай на беларускую.

    Кошты, умовы працы, рэабілітацыя: камунікацыя з беларусамі

    – Святлана Ціханоўская правяла другую серыю асабістых размоваў з беларусамі, зарэгістравацца на якія можа любы ахвочы. Удзельнічалі людзі як з рэгіёнаў Беларусі, так і тыя, хто рэлакаваўся, былыя палітвязні і родныя тых, хто з палітычных прычынаў цяпер у турмах. Абмяркоўвалі рэабілітацыю для вызваленых, падтрымку актывістаў, пытанні бяспекі беларусаў у Беларусі і Украіне. Хутка адкрыецца новая рэгістрацыя – на наступную серыю асабістых анлайн-сустрэчаў са Святланай і яе камандай.

    – Святлана Ціханоўская, юрыстка Офіса Крысціна Рыхтэр і прадстаўнікі «Рабочага Руху» Юры Рававы і Аляксандр Сакалоў правялі адкрытую анлайн-размову на тэму «Умовы працы беларусаў: нагрузкі, выплаты, сац. забеспячэнне». Беларусы расказалі пра ўмовы працы на сваіх прадпрыемствах, перапрацоўках, якія не аплачваюцца, адсутнасць інструментаў або спецадзення. Падчас тэлефанавання правялі апытанне: 61% прысутных сутыкаліся з парушэннем працоўнай дамовы, 60% заявілі, што прафсаюз не абараняе іх правы. Сачыце за абнаўленнямі і далучайцеся да наступнай адкрытай размовы, калі будзе адкрытая рэгістрацыя ў Zoom.

    Падтрымка і ўзаемадапамога

    – Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з Наталляй Хершэ, якая выйшла на волю 18 лютага. Наталля падзялілася ўмовамі ўтрымання і расказала пра пакаранні ў ШІЗА, а таксама дадала, што пасля вызвалення не будзе маўчаць пра тое, што адбываецца ў беларускіх турмах. Святлана сказала Наталлі, што для беларусаў яна стала гераіняй: «Вы – сімвал мужнасці. Я проста схіляюся перад вамі».

    – Каманда прадстаўніцы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Таццяны Шчытцовай апублікавала другі выпуск штомесячнага дайджэсту АСВЕТА. У ім навіны ініцыятываў, статыстыка рэпрэсіяў над студэнтамі і выкладчыкамі, а таксама новыя стыпендыі і гранты на навучанне для беларусаў.

    «Вольныя паштоўкі» далучыліся да марафона «Mova24» – кожнаму, хто напіша ў дырэкт свой адрас, дашлюць паштоўку ў любую кропку свету.

    – Святлана Ціханоўская павіншавала беларуску Ганну Гуськову са срэбным медалём Алімпіяды і падтрымала спартоўцаў, якіх прымусілі запісваць «пакаяльныя» відэа: «Усім нам патрэбная краіна, у якой каштоўны кожны беларус, незалежна ад таго, ці выйграў ён медаль, ці лаяльны ён ураду і кажа ці ён услых пра тое, што думае».

    Апошнія навіны