• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • ​Святлана Ціханоўская – пра прысуд журналістцы Кацярыне Андрэевай

    13 ліпеня, 2022

    «Літаральна ўчора прадстаўнікі рэжыму ў ААН расказвалі пра тое, як цудоўна жыве Беларусь.

    Яны не кажуць пра тое, што ў Беларусі можа з'явіцца першы палітвязень-немаўля – сын Насты і Зміцера Дашкевічаў. Яны не скажуць пра тысячы беларусаў, якіх зараз мучаюць у турмах па палітычных прычынах. І яны не раскажуць пра новы прысуд Кацярыне Андрэевай. Спачатку журналістка за сваю працу атрымала 2 гады турмы. Зараз, калі гэты тэрмін набліжаўся да завяршэння, ёй далі новы тэрмін – за нібыта «дзяржаўную здраду».

    Што лічыцца здрадай у «квітнеючай дзяржаве»? Магчыма, жаданне жыць у свабоднай краіне, дзе цябе не пасадзяць на дзесяць гадоў за тваю працу. А можа быць, кніга «Беларускі Данбас», якую яна напісала з мужам Ігарам Ільяшам – пра беларускіх добраахвотнікаў на расійска-ўкраінскай вайне.

    Кацярыну Андрэеву абвінавацілі ў «раскрыцці дзяржаўнай таямніцы» – але якой? Пра гэтую «таямніцу» нічога не вядома. Але калі ў ААН распавядаюць пра «квітнеючую дзяржаву», можна меркаваць, у чым заключаецца гэтая дзяржаўная таямніца.

    У 1244 палітвязняў – і яшчэ тысячах зняволеных па палітычных прычынах.
    У ліку забітых рэжымам беларусаў – яшчэ з дзевяностых.
    У знішчэнні 765 недзяржаўных арганізацый, якія дапамагалі людзям – пакуль гэтую працу не рабіла дзяржава.
    У сотнях ракетаў, запушчаных з тэрыторыі Беларусі па ўкраінскіх гарадах.

    Кацярыну Андрэеву ў здрадзе абвінавачваюць людзі, якія здрадзілі Беларусі. Яны здрадзілі нацыянальным інтарэсам, сваёй краіне і нават сваім родным і блізкім, якія жывуць у гэтай краіне. Але колькі б гэтыя людзі ні спрабавалі падманваць увесь свет і сябе саміх, праўда будзе перамагаць – менавіта дзякуючы такім смелым і ганарлівым беларусам, як Кацярына Андрэева, на стойкасці і стрыжні якіх зараз і нараджаецца новая Беларусь».

    Апошнія навіны