• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Дык школа ці войска?»

    19 кастрычніка, 2022

    «Чарговым указам усе прыватныя школы і дзіцячыя садкі Беларусі абавязалі атрымліваць ліцэнзію. Але большасць з іх былі закрытыя яшчэ да прыняцця закона. Тое, што новыя правілы не закранаюць працу дзяржаўных школаў, але ўстанаўліваюць невыканальныя ўмовы для прыватных ініцыятываў, сведчыць толькі пра адно: рэжым спрабуе зачысціць кожную непадкантрольную вобласць у сістэме адукацыі.

    Мы ўсё часцей бачым, як у школы прыходзяць прадстаўнікі сілавых структураў са сваімі вайсковымі ўрокамі, замест падручнікаў даюць дзецям у рукі баявую зброю, вучаць іх маршыраваць і трымаць строй, нібы ваенных. Ствараецца ўражанне, што мэтай школы стала падрыхтоўка дзяцей да вайны, а не да жыцця ў мірнай краіне і працы ў квітнеючай эканоміцы. Урокі ідэалагічнага выхавання ўсё больш выцясняюць са школы навуку, а ў выходныя вучням прапануюць збіраць ураджай у палях замест таго, каб наведаць гурток ангельскай ці схадзіць у музей.

    З дому ведаў школа ператварылася ў войска. Але нашыя дзеці – не салдаты.

    Дарагія бацькі, мы з вамі ведаем, што такая «адукацыя» не дапаможа дзецям у выбары сваёй будучыні. Не дапаможа ім дабіцца поспеху ў абранай сферы. І тым больш не прынясе ім шчасця. Таму сёння нам, бацькам, трэба самастойна паклапаціцца пра тое, каб нашыя дзеці адкрылі для сябе свет магчымасцяў, а не свет падпарадкавання.

    Я бачу, што насуперак прапагандзе нашыя дзеці растуць разумнымі, самастойнымі і свабоднымі людзьмі. Дзякуючы вам, дарагія мамы і таты. Дзякуючы вам, паважаныя сумленныя настаўнікі. Я захапляюся кожным, хто адказна ставіцца да працы з дзецьмі. І ў найбліжэйшы час нам з вамі трэба будзе працаваць яшчэ больш старанна».

    Апошнія навіны