• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Працоўныя сустрэчы Святланы Ціханоўскай у межах першага дня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

    18 лютага, 2022

    Сёння, 18 лютага, пачалася Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, у якой бяруць удзел прадстаўнікі больш як 30 краінаў. У межах канферэнцыі Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў:

    • Сустрэча з прэзідэнтам Чарнагорыі Міла Джуканавічам.

    Прэзідэнт адзначыў, што ён вельмі рады пазнаёміцца ​​і ўважліва сочыць за ўсёй працай Святланы Ціханоўскай.

    Чарнагорыя далучылася да заяваў і дзеянняў ЕС пасля выбараў у Беларусі, а таксама падтрымлівае ўсе санкцыйныя і абмежавальныя меры. Міла Джуканавіч выказаў гатоўнасць ажыццяўляць падтрымку на дыпламатычным узроўні, у прыватнасці, у Радзе па правах чалавека. Таксама лідары абмеркавалі праграмы рэабілітацыі палітычных зняволеных і іх сем'яў. Прэзідэнт Чарнагорыі адклікнуўся з цікавасцю і сказаў, што падтрымка будзе забяспечана.

    Святлана Ціханоўская распавяла, што «рэферэндум» з'яўляецца незаконным, гэта выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам, таму яго вынікі не павінны прызнавацца.

    У сваю чаргу, прэзідэнт Джуканавіч заявіў, што Чарнагорыя была і застаецца нашай сяброўкай.

    • Сустрэча з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам.

    Яны абмеркавалі міжнародную рэакцыю на дзеянні рэжыма. Ціханоўская адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца, рэжым пачынае гандляваць беларускім суверэнітэтам. Лукашэнка страціў самастойнасць, і гатовы вярнуць ядзерную зброю ў краіну. Беларусь мае вырашальнае значэнне для бяспекі ў Еўропе і павінна быць у цэнтры міжнароднай увагі.

    • Сустрэча з міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шалянбергам.

    На сустрэчы абмеркавалі сітуацыю ва Украіне. Аўстрыйцы вельмі занепакоеныя тым, што адбываецца, паколькі Аўстрыя знаходзіцца вельмі блізка да нашага рэгіёну, бліжэй за іншыя заходнееўрапейскія краіны. Яны баяцца, што гэта вельмі сур'ёзна ўдарыць па іх інтарэсах, аж да таго, што многія кампаніі думаюць пра тое, каб выводзіць свае інвестыцыі з Расіі, Украіны, Беларусі, калі сітуацыя будзе развівацца ў тым жа напрамку.

    Абмеркавалі «рэферэндум», і Святлана Ціханоўская зноў падкрэсліла, што немагчыма прымаць гэта як сур'ёзны выбар.

    Казалі пра нейтралітэт і бяз'ядзерны статус, што адмова ад гэтых палажэнняў Канстытуцыі – гэта плата Лукашэнкі за дапамогу яму з боку Расіі, каб ён мог утрымацца ва ўладзе.

    Ціханоўская падзякавала за арганізацыю Венскай канферэнцыі і прапанавала ператварыць яе ў серыю экспертных мерапрыемстваў па абмеркаванні шляхоў выхаду з крызісу ў Беларусі. Шалянберг адрэагаваў на гэта з цікавасцю і падкрэсліў, што Аўстрыя будзе рада падтрымаць такую ​​ідэю.

    Пад канец сустрэчы, Аляксандр Шалянберг запрасіў Святлану Ціханоўскую ў Вену «пагаварыць не спяшаючыся».

    • Сустрэча з міністаркай замежных спраў Аўстраліі Мэрыс Пэйн.

    Ціханоўская падзякавала Аўстраліі за непрызнанне Лукашэнкі, рашучую пазіцыю, і заяву 9 лютага гэтага года, зробленую сумесна з міністрам замежных спраў Літвы Ландсбергісам, у якой Аўстралія заклікала неадкладна спыніць пераслед дэмакратычных актывістаў у Беларусі.

    Ціханоўская адзначыла, што для Беларусі быў бы каштоўны вопыт Аўстраліі ў розных галінах: сацыяльнай сферы, у пытаннях адукацыі, аховы здароўя, які беларусы змогуць выкарыстоўваць пры рэфармаванні Беларусі, пасля надыходу дэмакратычных пераменаў.

    Мэрыс Пэйн і Святлана Ціханоўская абмеркавалі пытанні міжнароднай падтрымкі Беларусі і ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях, такіх, як ААН, дзе Аўстралія традыцыйна мае вельмі моцны голас. Абмеркавалі магчымасць дапамогі Беларусі ў наладжванні адносінаў з краінамі паўднёвага паўшар'я, у ціхаакіянскім рэгіёне і паўднёва-ўсходняй Азіі.

    Абмеркавалі таксама пытанне ўвядзення санкцыі, цяпер у Аўстраліі распрацоўваецца адпаведны законапраект. 88 працэнтаў у тавараабароце Беларусі і Аўстраліі займаюць калійныя ўгнаенні.

    • Сустрэча з міністаркай замежных спраў Ісландыі Тордыс Колбрун Рэйкфіёрд Гільфадоцір.

    Ісландыя займае актыўную пазіцыю па дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі, выступае ў падтрымку Беларусі на міжнародных сустрэчах і ў міжнародных структурах. Ісландыя не раз выказвалася ў падтрымку санкцый, непрызнання вынікаў выбараў.

    Святлана Ціханоўская расказала пра сітуацыю з Наталляй Хершэ, што і яна, і іншыя палітвязні, якія выходзяць на волю, а таксама іх сем'і будуць мець патрэбу ў рэабілітацыі і падтрымцы. Важна памятаць, што ў турмах знаходзіцца шмат жанчынаў, людзей з сур'ёзнымі захворваннямі і непаўнагадовых.

    Абмеркавалі вучэнні, якія праходзяць у Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што прынцыповай пазіцыяй з'яўляецца патрабаванне, каб расійскія вайскоўцы пакінулі Беларусь пасля заканчэння вучэнняў 20 лютага.

    Улічваючы месцазнаходжанне Ісландыі, Ціханоўская прапанавала правесці там амерыкана-еўрапейскую тэматычную канферэнцыю па Беларусі з удзелам міжнародных экспертаў, а таксама беларускіх дыяспар з розных краінаў. Адной з тэмаў магла б быць падтрымка беларускіх жанчынаў і жаночых ініцыятываў.

    Абмеркавалі і іншыя сумесныя праекты, якія ўжо знаходзяцца ў працы, у тым ліку ўсталяванне памятнай дошкі Торвальду Вагдроўніку – ісландскаму прапаведніку, які жыў і працаваў на беларускай зямлі і пахаваны ў Полацку.

    • Сустрэча з еўракамісаркай па ўнутраных справах Ільвай Ёхансан.

    Ціханоўская расказала пра сітуацыю ў Беларусі, палітвязняў, галадоўку палітвязняў Мацкевіча і Емяльянава і падкрэсліла, што беларусы працягваюць супраціў у розных формах. Таксама, Ціханоўская адзначыла, што людзі падзяляюць паняцці: рэжым і народ. Былы прэзідэнт больш не можа падтрымліваць свой імідж «моцнага лідара».

    Бакі абмеркавалі міграцыйны крызіс, створаны Лукашэнкам, і як прадухіліць яго паўтарэнне. Ціханоўская адзначыла, што ўсе разумеюць, хто і з якой мэтай гэта робіць.

    Абмяркоўвалі стварэнне працоўнай групы для таго, каб вырашаць праблемы беларусаў, якія вымушана апынуліся ў ЕС, у тым ліку звязаныя з рэлакацыяй і легалізацыяй у еўрапейскіх краінах. Ціханоўская ўзняла пытанне па Шэнгенскіх візах, што беларусы не могуць карыстацца імі.

    Таксама абмеркавалі інфармацыю, што набліжаныя да Лукашэнкі злоўжываюць дыпламатычнымі пашпартамі, хаця не маюць права на гэта, і закранулі важнае пытанне прыпынення супрацоўніцтва з рэжымам па лініі Інтэрпола.

    • Сустрэча з кіраўніком федэральнай канцылярыі Германіі Вольфгангам Шмітам.

    Шміт з'яўляецца правай рукой Олафа Шольца, кіраўніком федэральнай канцылярыі і прадстаўляе на канферэнцыі ў Мюнхене канцлера Германіі.

    Святлана Ціханоўская расказала пра сітуацыю з палітзняволенымі ў Беларусі, адзначыла цяжкую эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне, падкрэсліўшы, што адзіным вырашэннем крызісу з'яўляюцца дыялог і новыя выбары. Замест гэтага рэпрэсіі ўзмацняюцца, колькасць палітвязняў расце, а Лукашэнка становіцца нарастаючай пагрозай і для беларусаў, і для ўсяго рэгіёна.

    Ціханоўская расказала пра пагрозы незалежнасці Беларусі. Не маючы легітымнасці, дыктатар гандлюе беларускім суверэнітэтам, страчвае кантроль над сітуацыяй. Яна падкрэсліла, што расійскія войскі павінны быць выведзеныя з Беларусі пасля вучэнняў, інакш гэта трэба разглядаць як замах на беларускі суверэнітэт.

    Кажучы пра Украіну, Святлана Ціханоўская агучыла пазіцыю, што беларусы не хочуць вайны з Украінай, і што нашая незалежнасць – гэта абсалютная каштоўнасць для беларусаў, за якую мы будзем змагацца.

    Ціханоўская і Шміт абмеркавалі неабходнасць ціску на рэжым, у прыватнасці – праз ухіленне шчылін у санкцыях. Германія і Еўрасаюз не павінны прызнаваць не толькі рэжым Лукашэнкі, але таксама ўсе акты, рашэнні, дамоўленасці – любыя дакументы, падпісаныя ім.

    Яны абмеркавалі неабходнасць працягу падтрымкі грамадзянскай супольнасці, гнуткасць у тым, каб гэтую дапамогу дастаўляць таму, каму яна патрэбная, а таксама праграмы і спосабы падтрымкі палітвязняў.

    Паколькі Германія старшынюе ў G7, Святлана Ціханоўская і Вольфганг Шміт абмеркавалі магчымасць узняць беларускае пытанне на адной з наступных сустрэчаў G7 – Беларусь павінна заставацца на парадку дня міжнароднай супольнасці.

    На сустрэчы Святлана Ціханоўская выказала падтрымку Украіне і ўкраінскаму народу. Падзякавала Віталю Клічко за салідарнасць у 2020 годзе. Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы не падтрымаюць ніякай агрэсіі супраць украінскага народа.

    Абмеркавалі магчымасць працоўнага візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў, каб у тым ліку абмеркаваць практычныя пытанні, якія зараз стаяць перад беларусамі ў Кіеве. Абмеркавалі таксама магчымасць дапамогі беларусам у іншых гарадах (Клічко з'яўляецца старшынём асацыяцыі мэраў украінскіх гарадоў). Абмеркавалі таксама пытанні эканамічнага ціску на рэжым.

    • Сустрэча з сустаршынём беларускага кокусу ў Кангрэсе ЗША Білам Кітынгам.

    Ціханоўская расказала пра ініцыятывы і арганізацыі ўнутры краіны, якія працягваюць працу, шукаюць крэатыўныя формы барацьбы, нягледзячы на ​​жахлівыя рэпрэсіі. Ціханоўская адзначыла, што самае складанае – гэта знаходзіць энергію і аптымізм.

    Ціханоўская і Кітынг абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне, напружанасць у расійска-ўкраінскіх адносінах, расійскія вучэнні ў Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла, што расійскія вайскоўцы павінны пакінуць Беларусь пасля вучэнняў, калі гэтага не адбудзецца, гэта будзе расцэнена як недружалюбны крок, які падрывае суверэнітэт Беларусі.

    Кангрэсмен зазначыў, што ў ЗША разглядаюць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама дапамогу для Новай Беларусі пасля пераменаў, а таксама запрасіў Ціханоўскую прыняць удзел у слуханнях у Кангрэсе ЗША.

    • Сустрэча з кіруючай Міжнароднага валютнага фонду Крысталінай Георгіевай.

    Святлана Ціханоўская абмеркавала з ёй пытанне выдзялення мільярда даляраў Беларусі «для барацьбы з каранавірусам».

    Ціханоўская адзначыла, што гэтыя грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на рэпрэсіі, а не на дапамогу людзям, і заклікала знайсці спосаб заблакаваць гэтыя сродкі. Яна падкрэсліла, што неабходна пераканацца, што ў будучым рэжым у Беларусі не зможа злоўжываць механізмамі міжнароднай дапамогі. Ціханоўская атрымала запэўніванні, што МВФ не збіраецца больш выдзяляць грошы рэжыму.

    Святлана Ціханоўская адзначыла, што Беларусь разлічвае на дапамогу МВФ – як фінансавую, так і экспертную ў дачыненні да рэформаў – у новай Беларусі, пасля пераменаў. Дамовіліся падтрымліваць сувязь.

    • Сустрэча з прэзідэнтам Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа Петэрам Маўрарам.

    Ціханоўская падкрэсліла праблему, звязаную з тым, што Беларуская арганізацыя Чырвонага Крыжа рэгулярна ўдзельнічае ў фальсіфікацыі выбараў і цяпер арганізоўвае прыкрыццё для так званага «рэферэндуму», які рэжым мае намер правесці ў Беларусі ў гэтым месяцы. Беларускі Чырвоны Крыж мог бы дапамагаць людзям, палітвязням, пацярпелым, але стаў часткай рэжыму, і гэта вельмі прыкра.

    • Сустрэча з амбасадаркай ЗША ў Берліне Эмі Гутман.

    Амбасадарка Эмі Гутман толькі нядаўна прызначаная на гэтую пасаду, гэта яе першыя сустрэчы ў новай якасці.

    Ціханоўская адзначыла салідарнасць з боку ЗША і дапамогу беларусам па ўсім свеце. «Амерыканскія дыпламаты дапамагаюць нам трымаць Беларусь у міжнародным парадку дня, і мы ведаем, што многія, як вы, шчыра перажываюць за нас», – адзначыла Ціханоўская. Яна таксама расказала пра апошнія галадоўкі палітвязняў, умовы ў турмах і неабходнасць патрабаваць вызвалення ўсіх без аніякіх умоваў.

    Ціханоўская і Гутман абмеркавалі магчымасць арганізацыі мерапрыемстваў салідарнасці з Беларуссю. Дамовіліся трымаць сувязь праз прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Германіі.

    Апошнія навіны