• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Сын палітвязня сказаў мне: «Мой тата – герой». Святлана Ціханоўская расказвае пра сустрэчу са сваякамі вязняў сумлення

    01 ліпеня, 2022

    «У мінулую пятніцу я сустракалася з сем'ямі палітвязняў і тымі, хто ўжо адсядзеў у турме па палітычных матывах. Я прыйшла на гэтую сустрэчу не як палітык, а ў першую чаргу як жонка Сяргея Ціханоўскага і маці Карнея і Агніі, якія не бачылі тату ўжо больш за два гады. Гэтага часу з дзецьмі ніхто не верне ні Сяргею, ні маладым бацькам Ігару Лосіку і Эдуарду Пальчысу, ні шматдзетным мамам Вользе Залатар і Вользе Елісеевай – і тысячам іншых палітвязняў.

    Я ведаю, як могуць апускацца рукі з-за гэтых думак. Але ўва мне злосць атрымлівае перамогу над гэтым пачуццём. Гэтая злосць і жаданне вярнуць сабе і іншым беларусам нармальнае жыццё – дае мне энергію і сілы не спыняцца, дапамагаць, тлумачыць, дзейнічаць.

    На днях Сяргея ўключылі ў спіс з 870 «тэрарыстамі», сярод якіх музыкі, журналісты і адвакаты, якія вядомыя тым, што стваралі, натхнялі, абаранялі мір і свабоду. Калі я прачытала гэтую навіну, я ўзгадала, як у мінулую пятніцу на сустрэчы была мама з маленькім хлопчыкам. Ягоны бацька – палітвязень і, магчыма, таксама ў спісе гэтых 870 чалавек. Хлопчык сказаў: «Мой тата – герой». І хто б што ні казаў, усё менавіта так – гэтыя людзі для нас героі. Таму мы павінны памятаць пра іх і клапаціцца – бо яны там за нашую свабоду.

    • Пішыце палітвязням лісты. Адкрыйце сайт politzek.me і абярыце таго, каму напішаце – знаёмага або незнаёмага чалавека. Адправіць ліст ананімна ці з іншай краіны вы можаце праз vkletochku.org і письмо.бел.
    • Падтрымлівайце сем'і палітвязняў праз фонды салідарнасці. Адкрыйце сайт фонду «Краіна для жыцця» або персанальныя зборы на сайце фонду BYSOL і абярыце суму і праграму, якая вам зручная.
    • Дапамагайце блізкім палітвязняў прадуктамі. Адкрыйце сайт, канал ці чат-бот iNeedHelp_by і абярыце там суму, на якую гатовыя набыць прадукты для пацярпелых беларусаў.
    • Станавіцеся валанцёрамі, калі ў вас ёсць вольны час. Офісу, СДЖ і многім ініцыятывам патрэбныя валанцёры. Пішыце ў @AskOffice_Bot, калі вы гатовыя – і мы дамо ўсе неабходныя кантакты і інструкцыі.
    • Клапаціцеся пра тых, хто ў бядзе, асабіста. Калі вы маеце магчымасць зайсці да суседзяў, пагаварыць, дапамагчы нечым старэнькім бацькам па хаце – рабіце гэта. Я ведаю гісторыі, калі беларусы прапануюць незнаёмым сваякам палітвязняў пазаймацца музыкай з іх дзецьмі ці пакасіць траву на лецішчы. Кожны такі ўчынак – на вагу золата.

    Не чакайце просьбы ці каманды. Выяўляйце клопат тады, калі можаце гэта зрабіць. Бо кожны з нас хацеў бы, каб такі клопат праяўлялі і да нас».


    Фота: Павел Крычко
    Апошнія навіны