Галоўныя лічбы, рашэнні і вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай у 2021 годзе

Лічбы года

  • Больш за 200 тысяч чалавек далучыліся да плана «Перамога».
  • 785 тысяч беларусаў выступілі ў падтрымку перамоваў і прагаласавалі на платформе «Голас».
  • 18,7 тысяч чалавек запісаліся ў «Рабочы Рух».
  • 3 млрд еўра выдзелена на Эканамічны план дапамогі ЕС для дэмакратычнай Беларусі з патэнцыялам мабілізацыі да 10 млрд еўра агульнай дапамогі пасля пераменаў.
  • 130 міжнародных выступаў Святланы Ціханоўскай і 559 інтэрв'ю беларускім і замежным СМІ пра сітуацыю ў Беларусі.
  • 360 сустрэчаў Святланы Ціханоўскай з палітыкамі на высокім і вышэйшым узроўні, дыпламатамі і НДА падчас візітаў, каб сфармаваць агульную пазіцыю, заручыцца падтрымкай грамадзянскай супольнасці і новай Беларусі падчас рэформаў. 59 краінаў не прызналі Лукашэнку прэзідэнтам, 41 краіна ўвяла абмежаванні супраць рэжыму.
  • Валанцёры Офіса Ціханоўскай распаўсюдзілі больш за 700 тысяч улётак, 450 тысяч налепак і каля 50 тысяч экземпляраў самвыдату.
  • Больш за 12 000 лістоў і паштовак палітвязням адправілі валанцёры Офіса Ціханоўскай.
  • Дзясяткі грамадзянаў Беларусі ў межах універсальнай юрысдыкцыі прызнаныя следчай групай у Літве пацярпелымі ад катаванняў.
  • Больш за 150 віртуальных і асабістых сустрэчаў з валанцёрамі, актывістамі, лекарамі, партнёрамі з дэмсілаў, больш за 100 віртуальных і асабістых сустрэчаў з беларускай дыяспарай.
  • 525 акцый салідарнасці правялі беларусы па ўсім свеце. Запушчана 34 праекты дапамогі бежанцам і рэпрэсаваным.

Распрацаваныя рашэнні і дакументы

  • Адзіная стратэгія дэмакратычных сілаў, якая аб'ядноўвае Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйную Раду, НАК, палітычныя партыі і ініцыятывы вакол руху за новыя свабодныя выбары. Яна ўключае ў сябе ўзмацненне грамадзянскай супольнасці, распаўсюджванне праўдзівай інфармацыі, арганізацыю ўнутранага і знешняга ціску, працу з чыноўнікамі, і стварэнне пакета рэформаў для Новай Беларусі.
  • Эканамічны План дапамогі ЕС для дэмакратычнай Беларусі. 3 мільярды еўра пойдуць на падтрымку эканамічнага росту, дапамогу па арганізацыі рэформаў і інвестыцыі ў сацыяльную інфраструктуру, і прыватны сектар, падтрымку грамадзянскага сектара Беларусі пасля пераменаў. Гэта толькі першая частка міжнароднай дапамогі для Беларусі.
  • Акт аб рэабілітацыі і аднаўленні ў правах асобаў, якія зведалі пераслед па палітычных матывах – па сутнасці, ужо гатовае рашэнне, як вызваліць людзей на працягу двух дзён. Ён мае на ўвазе выхад на волю людзей, асуджаных па палітычных адміністрацыйных і крымінальных справах з 8 траўня 2020 года і кампенсацыю выплачаных штрафаў.
  • Праект дэмакратычнай Канстытуцыі новай Беларусі – Асноўны Закон, напісаны не ўпотай ад народа і з улікам усіх рэалій краіны. Дакумент ужо некалькі месяцаў на грамадскім абмеркаванні, выказаць свае каментары можа кожны.
  • Праграма падтрымкі ўдзельнікаў страйкавага руху, а таксама грамадзян і бізнесаў, што зведалі рэпрэсіі, якая прадугледжвае аднаўленне звольненых пратэстоўцаў на працы (па іх жаданні), пакрыццё фінансавых выдаткаў з-за скасавання кантракту, забеспячэнне адтэрміноўкі плацяжоў па іпатэчных крэдытах, кампенсаванне ўдзельнікам стачкі, вяртанне выплачаных штрафаў і многае іншае.
  • Канцэпцыя аднаўлення законнасці і нацыянальнага прымірэння, якую распрацавала КР і якая прадугледжвае пераадоленне расколу паміж беларускім грамадствам і прадстаўнікамі ўлады і кіравання, у тым ліку органы ўлады, юрыдычную сістэму, сістэмы навукі, адукацыі і аховы здароўя ўсіх узроўняў, сілавыя ведамствы, падкантрольныя дзяржаве суб'екты гаспадарання і СМІ.
  • Каб новыя выбары ў Беларусі былі празрыстымі і адкрытымі, трэба вырашыць 4 задачы: праца назіральнікаў, фармаванне выбарчых камісій, падлік галасоў і рэгістрацыя кандыдатаў. Па кожнай з задачаў сфармаваны Праект палажэння, які гарантуе правядзенне сумленных і свабодных выбараў:

1. Праект палажэння аб фармаванні выбарчых камісій.
2. Праект пастановы аб працы назіральнікаў на выбарах.
3. Праект палажэння аб зборы і праверцы подпісаў.
4. Праект пастановы аб падліку галасоў на выбарах.

Галоўныя працоўныя сустрэчы і форумы

  • У Вене прайшла Канферэнцыя высокага ўзроўня па пытанні вырашэння крызісу ў Беларусі, арганізаваная пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай. Вядучыя палітыкі Еўропы абмяркоўвалі далейшыя захады для вырашэння беларускага крызісу. Яны заявілі, што не вернуцца ў статус-кво, які быў да выбараў 2020-га.
  • У Вільні прайшла Канферэнцыя беларусаў свету, у якой прынялі ўдзел беларусы 27 краін. Акрамя таго, тройчы лідары дэмсілаў збіраліся на канферэнцыі, каб рухацца разам па адзіным плане і да адзінай мэты.
  • Эканамічная каманда Ціханоўскай правяла Belarus Business Forum пад патранажам Офіса, каб адказаць на пытанні: як выратаваць беларускі бізнес зараз і дапамагчы Беларусі развівацца ў будучыні?
  • Святлана Ціханоўская ініцыявала міжнародную канферэнцыю «Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі». Мэта канферэнцыі – абмеркаваць, як прыйсці да датэрміновых выбараў прэзідэнта Беларусі для вырашэння крызісу і як іх правесці.
  • У Вільні прайшоў Форум Кастуся Каліноўскага, арганізаваны Соймам Літвы ў супрацоўніцтве з Офісам Ціханоўскай. У межах форуму сусветныя палітыкі і эксперты абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і распрацавалі агульную стратэгію таго, як дапамагчы развязаць гэты крызіс.
  • Канферэнцыя Платформы салідарнасці, якая аб'яднала 28 грамадзянскіх ініцыятываў. На сустрэчы прысутнічалі дзясяткі прадстаўнікоў розных фондаў, ініцыятываў і структураў, якія дапамагаюць беларусам змагацца супраць рэпрэсій, атрымліваць дапамогу, расказваць праўду і дапамагаць адно аднаму.
  • Ціханоўская выступіла на саміце за дэмакратыю па запрашэнні прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.
    Таксама яна выступіла на Радзе міністраў замежных спраў ЕС пасля захопу самалёта Ryanair, правяла перамовы з кіраўніцтвам Еўрасаюза напярэдадні саміту Усходняга партнёрства.
  • Сёлета Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Барысам Джонсанам, прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай, прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і прэм'ер-міністаркай Інгрыдай Шыманітэ, прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штанмаерам і канцлерам Олафам Шольцам, прэзідэнтам Албаніі Ілірам Метам і прэм'ер-міністрам Эдзі Рамам, прэзідэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам, прэзідэнтам Ісландыі Гвюдні Ёўханэсанам і прэм'ер-міністаркай Катрын Якабсдаўцір, прэм'ер-міністаркай Швецыі Магдаленай Андэрсан, прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд, прэзідэнткай Грэцыі Кацярынай Сакеларапулу, прэзідэнткай Славакіі Зузанай Чапутавай, прэзідэнтам Славеніі Борутам Пахорам, прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам і канцлерамі Себасцьянам Курцам, Аляксандрам Шалянбергам і Карлам Нехамерам, прэм'ер-міністрам Іспаніі Пэдра Санчэзам, прэм'ер-міністрам Люксембурга Ксаўе Бетэлем, прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Нііністэ і прэм'ер-міністаркай Саннай Марын, прэзідэнтам Еўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем і кіраўніцай Еўрапейскай Камісіі Урсулай Фон Дэр Ляен, прэзідэнтам Еўрапарламента Давідам Сасолі, прэзідэнткай ПА АБСЕ Маргарэтай Седэрфельт і генсакратаром Раберта Мантэлам, генсакратаром Рады Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч. Яна правяла перамовы з кіраўніцтвам АБСЕ, Рады Еўропы, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (віцэ-прэзідэнтка Тэрэза Чарвінская) і Прэзідэнткай Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Адыль Рэно-Басо, банка Raiffeisen і авіякампаніі Ryanair, выступіла перад Радай бяспекі ААН і пленарнай сесіяй Еўрапарламента.
  • Рада па правах чалавека ААН запусціла спецыяльны механізм дакументацыі парушэнняў правоў чалавека. Адмысловая група экспертаў працуе над дакладам, які можа запусціць міжнародны трыбунал над рэжымам. Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) працягвае збіраць доказы злачынстваў рэжыму.
  • У Палаце прадстаўнікоў і Сенаце ЗША створаныя беларускія кокусы (парламенцкія групы) за дэмакратычную Беларусь. Такія ж групы створаныя ў 20 парламентах розных краінаў. У падтрымку новых выбараў выступілі Парламенцкія асамблеі АБСЕ і Рады Еўропы.

Запушчаныя праекты

  • «Пражэктар рэгіёнаў»: каля 2000 чалавек дзеліцца інфармацыяй праз чат-бот @bel2020_bot, выйшла 9 рэпартажаў і 3 перадачы на ​​YouTube.
  • «Вольныя паштоўкі» – праект валанцёраў Офіса Ціханоўскай, які за данаты адпраўляе паштоўкі, майкі і шоперы з малюнкамі палітвязняў па ўсім свеце. Праект сабраў каля 7000 еўра данатаў, якія ідуць на працу ініцыятывы «Лісты ў клетачку».
  • Серыя майстар-класаў па стварэнні мікрамедыя «Хваля», падчас якіх валанцёры і актывісты прайшлі навучанне таму, як працуе прапаганда, як распазнаваць фэйкі, як ствараць і прасоўваць свае медыя. Хутка «Хваля» з'явіцца ў фармаце адкрытых майстар-класаў на YouTube.
  • Памяткі па бяспецы і тэст для праверкі сваіх ведаў ад валанцёраў Офіса Ціханоўскай.
  • Хаб Салідарнасці – гэта афлайн-прастора ў Вільні, прызначаная для актывістаў, грамадзянскіх ініцыятываў і СМІ. Хаб дапамагае праектам, накіраваным на развіццё грамадзянскай супольнасці, распаўсюджванне інфармацыі і падтрымку беларусаў, наладжванне супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж рознымі ініцыятывамі і Офісам Ціханоўскай.
  • Платформа салідарнасціhttps://belarusplatform.org/ – на якой сабраныя верыфікаваныя Офісам ініцыятывы, якія дапамагаюць пратэстнаму руху. Кожны ахвочы можа далучыцца да іх і ўдзельнічаць па меры магчымасці.
  • Таксама з'явіўся тэлеграм-канал Платформы салідарнасці, дзе публікуюцца вакансіі, зборы ініцыятываў, магчымасці для развіцця, навучання і іншыя навіны.
  • Чат-бот для зваротнай сувязі з Офісам: https://t.me/AskOffice_Bot.
  • Чат-бот для дваровых і іншых супольнасцяў: https://t.me/dvory_ost_bot.

29 снежня 2021 в 16:30