«Пражэктар рэгіёнаў»: як вайна адбіваецца на беларускіх прадпрыемствах. Завод «Санта Брэмар»

Мы пагаварылі з крыніцамі, якія ведаюць пра сітуацыю на заводзе, а таксама атрымалі афіцыйны адказ ад кампаніі «Санта».

  • «Збіраюцца звольніць больш за 1000 чалавек», – паведамляюць крыніцы

Крыніцы «Пражэктара» паведамляюць, што праблемы на заводзе пачаліся адразу пасля нападу Расеі на Украіну.

«Сталі везці назад усе фуры з прадукцыяй. Работнікі пераклейвалі ўсю прадукцыю замежжа на агульны рэгіён: Беларусь і Расею. Збіраюцца звольніць больш за 1000 чалавек, робяць больш жорсткімі меры, каб было за што не падоўжыць кантракты. Хутчэй за ўсё пачнуць звальняць пенсіянераў. Працы мала. Хтосьці сыходзіць за свой кошт, хтосьці ходзіць у іншыя цэхі, і праз гэта гэта заробак падае ва ўсіх. Зараз супрацоўнікі атрымліваюць па 35 рублёў за змену замест 70. А крэдыты ёсць і па 900 рублёў у людзей за кватэры».

Сітуацыя жудасная, кажуць крыніцы. Зараз работнікаў адпраўляюць у адпачынак, хутка пачнуцца звальненні па розных прычынах.

«Ужо стала вядома, што не працягваюць кантракты нават начальнікам цэхаў. Затое нарэшце «хатаскрайнікі» разумеюць, хто тут вінаваты. А да гэтага да іх не даходзіла і было ўсё роўна на рэпрэсіі. Яны ж нікуды не хадзілі, не пратэставалі».

  • «Інфармацыя пра тое, што з прадпрыемства збіраюцца звольніць больш за 1000 супрацоўнікаў, – не адпавядае рэчаіснасці», – прэс-служба кампаніі «Санта»

Нам таксама прыйшоў афіцыйны адказ ад прэс-службы групы кампаній «Санта».

«У нас ёсць наступствы ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі Украіны. Там знаходзіцца наша даччынае прадпрыемства «Санта-Украіна», якое займаецца дыстрыбуцыяй прадукцыі «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт», а таксама складскі лагістычны комплекс. Усяго 235 чалавек. На сёння асноўная частка супрацоўнікаў не працуе, аднак ім захаваная і выплачваецца заробак. Складскі комплекс працуе, развозім прадукцыю «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт» як гуманітарную дапамогу па спецыяльных цэнтрах і бальніцах Кіева, Кіеўскай вобласці».

Цяпер паставак ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі няма, кажуць у кампаніі.

«Гэта складае да 10% ад агульнага аб'ёму выпуску. Адначасова за кошт дэвальвацыйных і інфляцыйных працэсаў на рынках Беларусі і Расеі мы назіраем зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, што прыводзіць да зніжэння абʼёмаў вытворчасці яшчэ на 10%. Такім чынам, на сённяшні дзень мы маем па факце зніжэнне абʼёмаў вытворчасці на 20%».

У сувязі з гэтым прадпрыемства прыпыніла прыём на працу новых супрацоўнікаў, кажуць у кампаніі. 

«На бліжэйшыя тры месяцы скарэктаваны гадавы графік адпачынкаў – асобныя работнікі па ўзгадненні адпраўленыя ў адпачынкі раней запланаваных тэрмінаў. Колькасць работнікаў, якія знаходзяцца ў адпачынках за свой кошт, адпавядае сезону. Зніжэння заработнай платы няма, бо форма аплаты на прадпрыемстве – здзельная, стаўкі застаюцца ранейшымі. Інфармацыя аб адмене развазных аўтобусаў, якая распаўсюджваецца асобнымі інтэрнэт-рэсурсамі, не адпавядае рэчаіснасці. Інфармацыя пра тое, што з прадпрыемства збіраюцца звольніць больш за 1000 супрацоўнікаў, – не адпавядае рэчаіснасці. Сітуацыя няпростая, аднак прадпрыемства прыкладае ўсе намаганні, каб захаваць працоўны калектыў».

***

Выказаць пратэст супраць крызісу, у які нашу краіну зацягвае Лукашэнка і вайна, дзе ён саўдзельнік, можна, далучыўшыся да Антываеннага руху.

Калі вы хочаце расказаць пра жыццё і працу ў рэгіёнах, калі ласка, пішыце нам у бот https://t.me/bel2020_bot.

5 красавіка 2022 в 16:25