• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Ліпень 2022 / Выпуск 12

    01 жніўня, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што датычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны з вашай установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства пра рэпрэсіі і розныя формы ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія падаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    З'явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі выдання дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і ангельскай мовах.

    Рэпрэсіі

    • 20-гадовай студэнтцы-выдатніцы МДУ імя А.Куляшова Дануце Пярэдняй прысудзілі 6,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. 1 ліпеня суд Кіраўскага раёна прызнаў дзяўчыну вінаватай у дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Падставай для абвінавачання стаў апублікаваны Данутай у адным з магілёўскіх чатаў рэпост публікацыі, у якой асуджаліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны супраць Украіны. Таксама дзяўчына была ўнесеная КДБ ў спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
    • 15 ліпеня 23-гадовы студэнт-праграміст БрДТУ, палітвязень Канстанцін Рудніцкі быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і атрымаў штраф 3200 рублёў. Распрацоўка Канстанцінам аднаго з функцыянальных элементаў «Чорнай мапы Беларусі» – рэсурса, на якім сабраныя асабістыя звесткі асобаў, адказных за рэпрэсіі, было трактаванае абвінавачваннем як «Дапамога і распальванне варожасці» і «Дапамога незаконным дзеянням з асабістымі звесткамі».
    • Суддзя Кацярына Груда прызнала юнака вінаватым. Вядома, што Канстанцін мае званне майстра спорту і што ў той час, калі ён знаходзіўся ў зняволенні, яго адлічылі з універсітэта.
    • 18-гадоваму жыхару Гомеля Паўлу Піскуну прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму за неаднаразовае фатаграфаванне перасоўвання калонаў рускай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі і дасыланне інфармацыі ў адзін з тэлеграм-каналаў, які судзейнічае абароне Украіны ад рускай агрэсіі. Суддзя Аляксандр Піскуноў, які вядомы тым, што выносіў палітычна матываваныя выракі, прызнаў юнака вінаватым ў «Дапамозе экстрэмісцкай дзейнасці». Вядома, што на момант затрымання Аляксандр быў непаўнагадовым.
    • Настаўніца музыкі, палітзняволеная Аксана Каспяровіч выйшла на волю з Гродзенскай турмы № 1 пасля адбывання тэрміну за кратамі. Суд прызнаў яе вінаватай у «распальванні варожасці» за каментар, які датычыўся смерці супрацоўніка КДБ падчас спробы штурму кватэры Андрэя Зельцара. Жанчына правяла ў зняволенні амаль 9 месяцаў і была ўключаная ў спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
    • 13 чэрвеня падчас масавых затрыманняў у Іванава была таксама затрыманая настаўніца Алена Пуціковіч, якая ўжо адбывала пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» за рэпосты публікацый з інфармацыяй пра міліцыянтаў. На жанчыну, якая ў канцы чэрвеня ўжо адбывала 5-суткавы арышт у ІЧУ за быццам ужо трэцяе парушэнне умоваў «хатняй хіміі», быў складзены новы пратакол за рэпост матэрыялаў з тэлеграм-каналаў, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Падчас затрымання супрацоўнікі сілавых структураў моцна паранілі сабаку Алены, стрэліўшы ў жывёлу гумовай куляй. Пасля гэтага сабаку спатрэбілася ветэрынарная дапамога.
    • Меркавана, 5 ліпеня быў затрыманы студэнт факультэта псіхалогіі 3 курса МДУ імя А.Куляшова Юрый Шырокі. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 г. і ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Палітыка рэжыма

    • У другой палове ліпеня стала вядома, што з 1 верасня кошт навучання ў БДУІР, БДЭУ ўзрос на 10 %, нягледзячы на тое, што ў красавіку начальнік Галоўнага кіравання прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч сцвярджаў, што інфармацыя пра павышэнне кошту адукацыі ў ВНУ «будзе данесеная да абітурыентаў з пэўным запасам часу да пачатку прыёмнай кампаніі». З'явілася таксама інфармацыя пра падаражэнне навучання ў БДМУ. Верагодна, у найбліжэйшы час будзе павышаны кошт навучання і ў іншых ВНУ – гэта вынікае са словаў міністра адукацыі А. Іванца, у якім ён сцвярджае, што мінулы год стварыў для гэтага шмат перадумоваў.
    • З новага навучальнага года харчаванне дзяцей падаражэе ў сярэднім на 10% адсоткаў.
    • У наступным годзе на спецыяльнасці, па якіх у беларускіх ВНУ адзначаецца недахоп абітурыентаў (напрыклад, педагагічныя), можна будзе паступіць па выніках унутрыўніверсітэцкай алімпіяды, без ЦТ. У першую чаргу такую практыку плануюць прымяняць у рэгіянальных ВНУ. Такім чынам, як адзначаюць у Міністэрстве адукацыі, у моладзі хочуць стварыць дадатковы стымул выбіраць прафесіі, «якія сапраўды патрэбныя нашай эканоміцы».
    • На беларускім прапагандысцкім канале паказалі рэпартаж пра працу «17 ваенна-патрыятычных клубаў і 146 лагераў», адкрытых нядаўна з мэтай ідэалагічнага выхавання дзяцей пры вайсковых частках згодна з указам № 160 Лукашэнкі.
    • Па словах прадстаўніка камандзірскага складу адной з воінскіх частак, «ахвочых у клуб у нас проста не пералічыць. Вельмі шмат». Паводле сюжэта, дзяцей вучаць абыходзіцца са зброяй, жыць у армейскіх умовах, займацца рознымі відамі барацьбы, «разумець, хто такі патрыёт і што такое дзяржава». Таксама дзецям паказваюць прапагандысцкія відэа пра Расію і возяць на экскурсіі. Акрамя таго, з рэпартажа вынікае, што гэтым летам для старшакласнікаў праводзяць вучэбна-палявыя зборы, а студэнтаў прыцягваюць у органы аховы правапарадка. 
    • Удзельнікі ваенна-гістарычнага клуба «53 мотастралковы полк НКУС», які складаецца з супрацоўнікаў прадпрыемства «Гомельскія цеплавыя сеткі», у савецкай ваеннай форме наведваюць дзіцячыя лагеры і санаторыі Гомельшчыны, дзе праводзяць мерапрыемствы для дзяцей і фатаграфуюцца з імі.
    • Настаўнікаў школаў г. Бабруйска вымусілі дзяжурыць па графіку на пляжах, у тым ліку загарадных, фатаграфаваць непаўнагадовых, запалохваць бацькоў пастаноўкай на ўлік у СНС у выпадку знаходжання сем'яў каля вадаёмаў, забароненых для купання. Паводле словаў аднаго з педагогаў, указанне арганізоўваць дзяжурствы, якія не ўваходзяць у працоўныя абавязкі педагогаў, давала намесніца кіраўніка раённага аддзела адукацыі Аксана Барысевіч, якая, у сваю чаргу, сцвярджае, што дзяжурствы застаюцца добраахвотнымі і адмаўляе наяўнасць графікаў размеркавання абавязкаў.
    • Камандзір 6-й міліцэйскай брыгады г. Гомеля Уладзімір Дударэнка пасля публікацыі доказаў яго распусных паводзінаў і прыхільнасці да алкаголю быў пераведзены ў Ваенную акадэмію для выкладання на факультэце Унутраных войскаў. 
    • Да 1 жніўня школы вызначаць, які элемент адзення для вучняў стане абавязковым з новага навучальнага года. Верагодна, яго будуць вырабляць цэнтралізавана і ён будзе змяшчаць эмблему ўстановы адукацыі.

    Санкцыі

    • Партал dev.by апублікаваў сведчанні беларускіх студэнтаў пра дыскрымінацыю ў чэшскіх універсітэтах па нацыянальнай прыкмеце.
    • Згодна з імі, дыскрымінацыя палягае ў змяншэнні колькасці стыпендый для беларусаў, адмове некаторых ВНУ прымаць беларусаў на вучобу, патрабаванні адміністрацый падпісаць адмову ад удзелу ў лекцыях «тактычных» спецыяльнасцяў або пісьмова пацвердзіць сваю нязгоду з дзеяннямі Расіі супраць Украіны. Згодна са сведчаннямі, дыскрымінацыя беларусаў ва ўніверсітэцкім асяроддзі не носіць масавы характар, ініцыюецца толькі некаторымі ВНУ паводле ўнутранага рашэння адміністрацыі і датычыцца толькі пэўных тэхнічных спецыяльнасцяў. 

    Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    • Беларускі Хельсінскі камітэт апублікаваў памятку для бацькоў, дзеці якіх трапілі пад цкаванне або самі крыўдзяць. У ёй тлумачыцца, як зразумець, што дзіця стала ахвярай цкавання, што рабіць у першую чаргу, куды звяртацца па дапамогу і ці можна прыцягнуць да адказнасці вінаватых дзяцей і іх бацькоў.
    • 7 ліпеня адбылася анлайн-канферэнцыя «Вышэйшая адукацыя Беларусі: паміж Балонскім працэсам і рускай каланізацыяй», на якой выступілі выбітныя беларускія эксперты па пытаннях адукацыі: старшыня Грамадскага Балонскага камітэта Аляксандра Кузьміч-Лебедзева, прадстаўнік Інстытута развіцця і сацыяльнага рынка для Беларусі і Усходняй Еўропы Андрэй Лаўрухін, прафесар, чалец Грамадскага Балонскага камітэта Павел Церашковіч, прафесар Нацыянальнага даследчага інстытута «Вышэйшая школа эканомікі» Ілля Інішаў і незалежная экспертка, сузаснавальніца Незалежнага прафсаюза выкладчыкаў БДУ Роза Турарбекава. Удзельнікі падзяліліся сваім меркаваннем пра тое, чым небяспечны разрыў беларускай сістэмы адукацыі з еўрапейскай цывілізацыяй і якіх праблемаў варта чакаць студэнтам і выкладчыкам у сувязі з выхадам айчынных ВНУ з Балканскага працэсу. Запіс канферэнцыі апублікаваны на канале партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

    Міжнародныя магчымасці

    • Школа лічбавага праектавання кампаніі ЕРАМ (EPAM school of digital engineering) у супрацоўніцтве з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам адкрывае бакалаўрскую праграму навучання па спецыяльнасці «Кампутарныя навукі» для будучых ІТ-спецыялістаў. Прыём абітурыентаў будзе праводзіцца на конкурснай аснове згодна з вынікамі ЦТ. Навучанне платнае (магчымая дзённая і пастаянна-сэсійная форма). Прыём дакументаў на абедзьве формы навучання адкрыты з 19 ліпеня па 20 жніўня 2022 г. Пачатак навучання – у Вільнюсе ў кастрычніку 2022 г.
    • Кёльнскі і Бонскі ўніверсітэты запусцілі праграму падтрымкі выкладчыкаў з Украіны, Беларусі і Расіі «Акадэмія ў выгнанні». У межах праграмы пацярпелым ад пераследу ці вайны выкладчыкам і навуковым супрацоўнікам будуць дадзеныя кабінеты з абсталяванымі месцамі для працы ў нямецкіх ВНУ для правядзення даследавання, падтрымка ў вырашэнні адміністрацыйных пытанняў і ў складанні заявы на індывідуальнае фінансаванне спонсарамі, якія з'яўляюцца пабочнымі асобамі (стыпендыя ў рамках праекта не прапаноўваецца), а таксама магчымасць удзелу ў летняй школе і семінарах для наладжвання сувязяў з еўрапейскай акадэмічнай супольнасцю.
    • Важна, каб даследаванне, якое плануе заяўнік, датычылася вобласці юрыдычных або гістарычных навук, паліталогіі, культуралогіі або лінгвістыкі, а таксама было звязанае з Еўропай, складаннем палітычных і прававых сістэмаў, параўнальным мовазнаўствам). Паводле арганізатараў, праграма разлічаная на 2-3 гады. Апошні тэрмін падачы заявы – 1 ліпеня 2022 г.
    • Пражскі Цэнтр Грамадскай Супольнасці запрашае грамадскіх дзеячаў, журналістаў, даследчыкаў і экспертаў на 3-месячнае стажаванне ў канцы 2022 г. і ў другой палове 2023 г. (на выбар) у Празе для падрыхтоўкі да рэалізацыі ўласнага праекта ў адной з прапанаваных сфераў: вайна і нацыянальная ідэнтычнасць, мабілізацыя грамадскай супольнасці падчас вайны, СМІ і прапаганда, лічбавая бяспека, супрацьстаянне карупцыі і расследаванне ваенных злачынстваў, жаночае лідарства, анлайн-адукацыя, ініцыятывы па ахове навакольнага асяроддзя і ўладкаванне гарадской прасторы, прынцыпы працы НДА ў сучасных умовах. Арганізатары забяспечваюць месца для працы, візавую падтрымку, выдаткі на праезд і пражыванне. Апошні тэрмін падачы заявы – 12 жніўня 2022 г.
    • Цэнтр Усходне-Еўрапейскіх даследаванняў (Eastem Europe Studies Centre) у супрацоўніцтве з Беларускай асацыяцыяй даследчых цэнтраў (ВARC) абвясціў конкурс на атрыманне грантаў для паездкі беларускіх даследчыкаў, вучоных і экспертаў на адну з міжнародных канферэнцый або сустрэчаў у Еўропе на любую грамадска-палітычную тэму, у якой беларускі погляд можа быць каштоўным і якая дазволіць наладзіць кантакты з еўрапейскімі даследчыкамі. Гранты прызначаюцца тым, хто афіцыйна выступіць з дакладам на мерапрыемстве. Гэтыя гранты ўключаюць ганарар, выдаткі на праезд і пражыванне. Мерапрыемства, якое адпавядае крытэрам конкурса, павінна адбыцца да 1 кастрычніка 2022 г. Заявы будуць разглядацца на пастаяннай аснове.
    • Цэнтр Яна Рэмсі пры Оксфардскім універсітэце запрашае маладых даследчыкаў, магістрантаў і дактарантаў з краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на трохдзённыя семінары ў Варшаву, Заграб і Оксфард з аплатай усіх неабходных для паездкі выдаткаў (да 2000 даляраў ЗША). На семінарах удзельнікі змогуць абмеркаваць тэмы сваіх даследаванняў у вобласці багаслоўя і філасофіі з выбітнымі вучонымі, а таксама атрымаць фінансавую падтрымку для працягу свайго даследавання (да 5000 даляраў ЗША). Больш падрабязна з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца на сайце арганізатара. Сканчэнне прыёма заяваў – 29 ліпеня 2022 г.
    Апошнія навіны