• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • ​Святлана Ціханоўская выказала спачуванні родным і блізкім Станіслава Шушкевіча

    04 мая, 2022

    Ціханоўская: «Сёння ноччу памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Я хачу выказаць шчырыя спачуванні родным і блізкім Станіслава Станіслававіча. Гэта вялікая страта для яго сям’і і для ўсёй нашай краіны. Шушкевіч стаў адным з айцоў беларускай незалежнасці – ён на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета паспрыяў наданню Дэкларацыі аб суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона. Менавіта Шушкевіч 25 жніўня 1991 года ў прамой трансляцыі павіншаваў беларусаў з абвяшчэннем незалежнасці. Але Станіслаў Шушкевіч быў не проста першым кіраўніком Беларусі. Ён вядомы вучоны, доктар фізіка-матэматычных навук, былы прарэктар Мінскага радыётэхнічнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

    Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам нейтралітэта Беларусі. Гэта пры ім Беларусь добраахвотна і без аніякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі, якая заставалася на тэрыторыі краіны. Ён застаў вайну і памятаў, што гэта такое – таму рабіў усё, каб яна не паўтарылася.

    Падчас Другой сусветнай вайны Станіслаў Шушкевіч з маці і бацькам жыў у акупаваным нацыстамі Мінску. У яго доме тры гады хаваўся габрэйскі хлопчык, але ніводзін беларус не данёс, хаця за неданясенне нацысты забівалі людзей. Станіслаў Станіслававіч казаў, што «гэты час успамінае як адзін з самых лепшых, калі людзі згуртаваліся і аб'ядналіся адной ідэяй – дажыць да лепшага жыцця».

    Цяпер беларусы зноў згуртаваліся і аб’ядналіся адной ідэяй. І калі скончыцца акупацыя Беларусі, калі мір, закон і суверэнітэт вернуцца ў Беларусь, у беларускіх гарадах абавязкова з’явяцца вуліцы і помнікі Станіславу Шушкевічу – чалавеку, чый шлях да вольнай, мірнай і незалежнай Беларусі мы працягваем дзень за днём».

    Апошнія навіны