• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Красакавік 2022 / Выпуск 7

    03 мая, 2022

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі беларусаў, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных форм ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    У нас з'явіўся сайт www.asvetaby.org, дзе можна знайсці ўсе выпускі дайджэсту «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.

    • Рэпрэсіі

    – Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута прызнаны палітвязнем. Ён быў затрыманы 12 красавіка 2021 года, яму прад'яўлена абвінавачанне па арт. 357 КК РБ («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).

    – Настаўніца англійскай і польскай мовы з Брэста Марына Глазава адбыла свой тэрмін па так званай «карагоднай справе» і выйшла на волю.

    – Чарговы раз за сваю грамадзянскую пазіцыю затрымана экс-дацэнт МДЛУ, вядомы выкладчык, член Каардынацыйнай рады Наталля Дуліна. 26 красавіка суд Ленінскага раёна г. Мінска палічыў яго вінаватай у парушэнні артыкула 19.11 КоАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці) і прысудзіў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

    – Затрыманы выкладчык хірургіі Барысаўскага медыцынскага каледжа Аляксандр Бутэнка. Меркавана, прычынай затрымання сталі антываенныя выказванні Аляксандра і падпіска на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Дома ў мужчыны прайшоў ператрус, яго месцазнаходжанне на дадзены момант невядомае.

    – Затрыманы выкладчык кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу БДТУ Зміцер Аляксандравіч Жук. Затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі АМАП падчас таго, як Зміцер ехаў ва ўніверсітэт на працу. Таксама ў БДТУ падчас заняткаў быў затрыманы яшчэ адзін чалавек нібыта па абвінавачанні ў фінансаванні тэрарызму (асоба затрыманага высвятляецца).

    – 12 красавіка ў Мінску затрымана студэнтка біялагічнага факультэта БДУ Анастасія Навасадская. У «пакаяльным» відэа дзяўчына сведчыць супраць сябе, сцвярджаючы, што ўдзельнічала ў студэнцкай акцыі пратэсту і перакрывала рух транспарту. Ёй ставяць у віну арт. 342 КК РБ («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

    – У Мінску затрыманы студэнт факультэта інфакамунікацый БДУІР Іван Ібрагімаў. Прычыны затрымання невядомыя. Іван родам з Расіі і навучаецца ў групе для замежных студэнтаў.

    – У БДУ звольнены кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Аляксандр Данілевіч. Яму не працягнулі кантракт пасля 20 гадоў працы на факультэце міжнародных адносін. Сам выкладчык сцвярджае, што звальненне звязанае з яго грамадзянскай пазіцыяй.

    – З БДУ звольнены беларускамоўны выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Сяргей Уладзіміравіч Моўчан.

    – У школе №62 г. Гомеля за антываенныя выказванні звольнена настаўніца рускай мовы і літаратуры Аксана Чачоткіна. Аб выказваннях педагога супраць вайны ва Украіне адміністрацыі школы паведаміла вучаніца 10 класа, у выніку чаго начальства вымусіла настаўніцу звольніцца за месяц да заканчэння навучальнага года.

    – Трох навучэнак Мінскага архітэктурна-будаўнічага каледжа затрымалі з-за апублікаваных у Цік-току ролікаў «апазіцыйнага характару»: адну дзяўчыну  за размяшчэнне публікацыі, двух іншых – за ўдзел у здымцы. «Пакаяльнае» відэа з адной з дзяўчат было апублікаванае на адным з каналаў сілавых структур, які таксама сцвярджае, што дзяўчаты ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 г. і што пасля затрымання яны былі вызваленыя.

    • Палітыка рэжыму

    – Упраўленне па адукацыі Мінскага райвыканкама разаслала ў школы ліст з патрабаваннем правесці ўрок, прысвечаны добраахвотніцкаму руху, з мэтай «грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання дзяцей». У рамках урока настаўнікам прапануецца расказаць дзецям аб загінуўшых салдатах ВС РФ і аб усерасійскай акцыі «Ліст салдату», падчас якой дзецям прапануюць напісаць ліст падзякі і падтрымкі вайскоўцам УС РФ, якія напалі на Украіну, а дакладней у іх фармулёўцы: «вайскоўцам, якія праводзяць спецаперацыю на тэрыторыі Украіны».

    – Падчас чарговай нарады з урадам А. Лукашэнка запатрабаваў устанаўлення жорсткай дысцыпліны ў сістэме адукацыі. Палітык заклікаў міністра адукацыі правесці новае рэдагаванне навучальных дапаможнікаў і ўзмацніць жорсткасць патрабаванняў да школьных настаўнікаў: «Павычышчайце гэтых разгільдзяяў, якія прыходзяць у школу, як да станка: прыйшоў, урок даў і сышоў. Не. <…> Зрабіце так, каб яны разумелі, што такое школа.»

    – Пасля правядзення спецыяльнай праверкі Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла аб шэрагу парушэнняў у змесце школьных навучальных дапаможнікаў: «тэксты ў некаторых падручніках перагружаныя залішняй навуковай інфармацыяй. Не выключаны памылкі і абдрукоўкі».

    – З новага навучальнага года ў літоўскіх школах у Беларусі будзе спынена выкладанне на літоўскай мове. Усе школы нацыянальных меншасцяў павінны будуць перайсці на рускую ці беларускую мовы навучання. Літоўскія дыпламаты апавясцілі Мінск аб непрымальнасці такога рашэння, бо яно парушае двухбаковыя дамоўленасці і абмяжоўвае права беларускіх літоўцаў на навучанне на роднай мове. Аднак беларускі бок заявіў, што рашэнне не будзе зменена, пасля чаго літоўскія ўлады даслалі запыт аб прадастаўленні пераходнага перыяду.

    – БДУ апусціўся на 30 пазіцый у рэйтынгу найлепшых ВНУ свету за 2022-23 гады па версіі Цэнтра сусветнага рэйтынгу універсітэтаў (CWUR) і цяпер займае толькі 811 месца. Аўтары рэйтынгу ацэньваюць ВНУ па такіх параметрах, як якасць адукацыі, запатрабаванасць выпускнікоў на рынку працы, узровень навукова-выкладчыцкага складу і навукова-даследчай дзейнасці.

    – Апублікаваная чарговая падборка сведчанняў бацькоў аб тым, як настаўнікі ў школах фармуюць у дзяцей ўспрыманне вайны ва Украіне: «падкрэслівала падабенства нацысцкай Германіі і сённяшняй Украіны», «класны кіраўнік павінен правяраць сацсеткі вучняў» і «Украіна напала на саму сябе».

    – У школе №2 г. Верхнядзвінска прайшоў «Дзень выбару прафесіі», падчас якога перад школьнікамі выступілі супрацоўнікі АМАПа: дэманстравалі на сцэне прыёмы рукапашнага бою і калектыўныя фізічныя практыкаванні, вучылі дзяцей абыходзіцца са зброяй, спявалі песні пад гітару. Пасля выступлення некаторыя вучні выказаліся аб жаданні звязаць сваю будучыню з органамі ўнутраных спраў.

    – У гомельскім ліцэі №1 у межах акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага.» выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Віталь Уткін. Падчас свайго выступлення ён расказаў школьнікам аб «еўрапейскай агрэсіі» і заявіў, што сёння Беларусі «як ніколі раней навязваецца хлуслівы пункт гледжання еўрапейскіх і заходніх палітыкаў адносна гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу савецкага салдата-вызваліцеля».

    • Санкцыі ў дачыненні да Беларусі

    – ЗША ўводзяць візавыя абмежаванні для 17 грамадзян Беларусі, якія маюць дачыненне да рэпрэсій у краіне. Прозвішчы людзей, якія трапілі пад санкцыі, не называюцца, але вядома, што ў іх ліку супрацоўнікі ўніверсітэтаў, якія выключалі студэнтаў ВНУ за іх удзел у пратэстах.

    – Прадстаўнік «Задзіночання Беларускіх Студэнтаў» Максім Зафранскі пракаментаваў выключэнне прадстаўнікоў беларускага рэжыму з Балонскага працэсу і патлумачыў, чым гэта адрозніваецца ад выключэння Беларусі з Балонскага працэсу: «Для беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў сітуацыя зусім не змянілася».

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – У сувязі з маючым адбыцца судом над філосафам Уладзімірам Мацкевічам акадэмічная супольнасць выступіла са зваротам да Вярхоўнага суда і Мінскага гарадскога суда. У звароце падкрэсліваецца супярэчлівасць сутнасці абвінавачання і  публічнай інфармацыі, якая маецца ў наяўнасці, а таксама адзначаецца, што суд павінен быць адкрытым і справядлівым. Падпісаць зварот можна тут.

    – Ліквідаваны ўладамі Беларускі Хельсінкскі камітэт запусціў ананімнае апытанне для школьнікаў і іх бацькоў «Як справы ў школе?» для збору даных аб парушэннях правоў дзіцяці ў Беларусі. Запоўніць анкету можна тут.

    – Каманда беларускіх актывістаў запусціла тэлеграм-канал FocusEd|Адукацыя за мяжой, дзе публікуецца актуальная інфармацыя пра магчымасці навучання за мяжой: стыпендыі, стажыроўкі, гранты, конкурсы і шмат іншага.

    – Прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі расказала ў эфіры Еўрарадыё пра рэпрэсіі ў беларускіх ВНУ і пра антываенны марафон, ініцыяваны навукоўцамі з розных краін.

    – 22 красавіка 2022 года прайшоў вебінар «Як звяртацца да тэмы вайны ва Украіне ў школах?» у рамках Антываеннага Марафона. Вебінар быў арганізаваны Гісенскім Цэнтрам Усходнееўрапейскіх даследаванняў (GiZo) ва Універсітэце імя Юстуса Лібіха (Гісэн, Германія).

    – Роза Турарбекава, былы дацэнт кафедры міжнародных адносін ФМА, якая прапрацавала ў БДУ больш за 20 гадоў, пракаментавала новую хвалю звальненняў і ціск на выкладчыкаў яе факультэта: «Мы застанемся без школы міжнароднікаў? Дык гэта і ёсць знішчэнне суверэнітэту і незалежнасці. <…> Дзяржздрада гэта, вось што».

    • Міжнародныя магчымасці

    – Працягваецца набор на стыпендыяльную праграму К. Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, якія зведалі палітычныя рэпрэсіі. На гэты раз праграма дае магчымасць не толькі атрымання вышэйшай адукацыі на льготных умовах, але і ўдзелу даследчыкаў у навуковых стажыроўках. Заяўкі прымаюцца да 15 траўня.

    – Аргкамітэт Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі прымае індывідуальныя заяўкі для ўдзелу ў юбілейным 10-м Кангрэсе, які адбудзецца з 30 верасня па 2 кастрычніка 2022 года ў Коўне (Літва). Каб прыняць удзел у Кангрэсе, неабходна да 15 мая 2022 г. запоўніць анлайн-форму і прадставіць тэзісы памерам 2-4 тыс. знакаў.

    – Офіс па адукацыі для новай Беларусі ў рамках праграмы Каралеўства Нідэрландаў «Orange Scholarships» аб'яўляе конкурс грантаў на правядзенне даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Тэматычны фокус даследаванняў – Беларусь у кантэксце палітычных рэпрэсій і вайны ва Украіне. Прыём заявак – да 1 чэрвеня 2022 года.

    – Фестываль сучаснага мастацтва Steirischer Herbst (Аўстрыя) аб'яўляе конкурс даследчых праектаў, якія могуць быць рэалізаваны на базе архіва Фестывалю. Пераможцы атрымаюць фінансавую падтрымку для праходжання навуковай стажыроўкі. Прыём заявак – да 31 мая 2022 года.

    – Інстытут усходнееўрапейскіх даследаванняў Свабоднага ўніверсітэта Берліна прадастаўляе прамежкавыя стыпендыі для навукоўцаў з Украіны, Беларусі і Расіі, якія знаходзяцца ў небяспецы. Стыпендыі разлічаны на тэрмін ад трох да шасці месяцаў і дазваляюць суіскальнікам у бяспечным становішчы падрыхтаваць заяўку на фінансаванне ў рамках праграмы або чарнавік даследавання ў рамках праектаў, што фінансуюцца звонку.

    – Форум імя Альберта Эйнштэйна прапануе маладым вучоным магчымасць прайсці стажыроўку ў Германіі. Мэта праграмы – падтрымаць маладых вучоных, якія ў дадатак да праведзенай работы ў галіне сваёй спецыялізацыі, адкрытыя да іншых, міждысцыплінарных падыходаў. Дэдлайн падачы заявак – 15 мая 2022 года.

    – Фонд Ракфелера аб'яўляе адкрыты конкурс заявак на праграму рэзідэнтуры Цэнтра Беладжыа для шырокага кола ўдзельнікаў, у тым ліку для навукоўцаў і выкладчыкаў. Прыём заявак – да 17 мая 2022 г.

    Больш міжнародных магчымасцяў – на сайце «Честного университета».

    Апошнія навіны