• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская правяла экстраную сустрэчу з кіраўніком МЗС Францыі Ле Дрыянам

    25 лютага, 2022

    Сёння ў Парыжы Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Францыі Жан-Івам Ле Дрыянам, які зараз старшынюе ў Радзе міністраў краінаў ЕС. Літаральна праз некалькі гадзінаў у Бруселі будзе абмяркоўвацца рэжым Лукашэнкі, яго дзеянні і ўдзел у кровапралітнай вайне ва Украіне.

    Ціханоўская расказала, што з удзелам беларускай інфраструктуры, аэрадромаў і супрацьпаветранай абароны адбываецца атака на Украіну. Расійскія танкі бесперашкодна заязджаюць праз беларускую мяжу на тэрыторыю Украіны. І за ўсё гэта нясе адказнасць Лукашэнка і яго рэжым, які робіць Беларусь краінай-агрэсарам.

    Ціханоўская паведаміла, што цяпер для беларусаў галоўны парадак дня – гэта пытанне суверэнітэту: яны чакаюць перакананняў і гарантый, што краіны ЕС заступяцца за Беларусь. Ужо ёсць прыкметы страты Беларуссю ваеннага суверэнітэту, калі беларуская тэрыторыя пад выглядам вучэнняў выкарыстоўваецца ў чужой вайне.

    Ціханоўская і Ле Дрыян абмеркавалі магчымыя далейшыя санкцыі. Беларуская лідарка адзначыла, што вельмі важна ізаляваць рэжым і не прызнаваць яго. Ён ужо не з'яўляецца самастойным, страціў любую легітымнасць і незалежнасць. Лукашэнка не можа называцца прэзідэнтам, штосьці падпісваць і вырашаць ад імя беларусаў. Неабходныя таксама санкцыі ў дачыненні да прапагандысцкіх дзяржтэлеканалаў, нафтахімічнага комплексу, калійнай сферы, дзяржаўных банкаў і ўсіх тых інстытутаў людзей, якія падтрымліваюць вайну.

    На сустрэчы абмеркавалі і новы праект Канстытуцыі Лукашэнку. Ціханоўская адзначыла, што найбольш небяспечнай з'яўляецца адмова ад нейтральнасці і бяз'ядзернага статусу – гэта робіць Беларусь пагрозай для ўсёй Еўропы. Яна прапанавала французскаму міністру ўзняць гэтыя пытанні на найвышэйшым узроўні – неабходная міжнародная рэакцыя.

    Святлана Ціханоўская выказала салідарнасць з Украінай, заклікала Ле Дрыяна падтрымліваць Украіну ўсімі магчымымі спосабамі. Менавіта там цяпер вырашаецца лёс Беларусі і ўсёй Еўропы.

    Кіраўнік МЗС Францыі выказаў поўную падтрымку Святлане Ціханоўскай і беларускаму дэмакратычнаму руху. Ён заявіў, што Францыя прынцыпова, як і ЕС, не прызнае Лукашэнку і будуць працягваць ціснуць на рэжым.

    Таксама на сустрэчы Ціханоўская расказала пра сваё рашэнне ўзяць на сябе адказнасць нацыянальнага лідара да таго, як будуць забяспечаныя суверэнітэт і незалежнасць, усталяваная стабільнасць і праведзеныя новыя сумленныя прэзідэнцкія выбары. Яна сказала, што гэтае рашэнне стала адказам на дзярж. здраду Лукашэнкі і ўдзел у агрэсіі супраць Украіны і прапанавала Францыі падтрымаць гэтую ініцыятыву. Ціханоўская паведаміла, што будзе склікаць кабінет, які будзе выконваць ролю нацыянальнага палітычнага органа.

    Апошнія навіны