• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай на прэс-канферэнцыі аб дэмакратычнай Беларусі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 2023

    18 лютага, 2023

    «Дарагія сябры, паважаныя прадстаўнікі прэсы,

    Для мяне вялікі гонар выступаць на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ад імя беларускага народа і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

    Я была рада сустрэцца з канцлерам Германіі Олафам Шольцам, з прэзідэнтам Урсулай фон дэр Ляен, з абраным прэзідэнтам Чэхіі Пётрам Паўлам і з многімі іншымі высокімі асобамі, якія прадстаўляюць народы, якія падтрымліваюць беларусаў.

    Мы абмяркоўвалі, як прымусіць рэжым Лукашэнкі адказаць за злачынствы супраць чалавецтва і за ваенныя злачынствы ва Украіне. І як дапамагчы беларусам захаваць незалежнасць і аднавіць дэмакратыю ў нашай краіне.

    Я лічу, што дэмакратычныя перамены ў Беларусі будуць найлепшай дапамогай для перамогі Украіны. Яны таксама дапамогуць спыніць кровапралітную захопніцкую вайну Пуціна. Беларусь павінна быць не крыніцай пастаянных пагроз, а надзейным партнёрам па стабільнасці і міру ў рэгіёне.

    Сёння я хачу падзяліцца нашым бачаннем зменаў у Беларусі, у яе палітычнай сістэме ды міжнародных зносінах:

    Першае. Беларусь выйдзе з Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Пасля 24 лютага мы не бачым перспектываў партнёрства з Расійскай Федэрацыяй, дзяржавай, якая не паважае незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і нацыянальную самасвядомасць сваіх суседзяў. Наша мэта — пераход ад дыктатуры да дэмакратыі, а гэта немагчыма, пакуль Беларусь прыкавана да Масквы.

    Другое. Беларусь выйдзе з Арганізацыі Дамовы па калектыўнай бяспецы (АДКБ) і ваеннага саюза з Расіяй. Мы не павінны быць у адным ваенным саюзе з агрэсарам. Расія выкарыстоўвае ваеннае супрацоўніцтва для маніпулявання Беларуссю ў якасці стартавай пляцоўкі для нападаў на Украіну і для пагрозы іншым суседзям. У гэты самы момант Расія праводзіць гібрыдную акупацыю Беларусі. Кожны расійскі салдат павінен неадкладна пакінуць Беларусь. І гэтага павінна патрабаваць і міжнародная супольнасць. Нелегітымная расійская ваенная прысутнасць у Беларусі з'яўляецца пагрозай не толькі для нашай краіны, але і для іншых народаў.

    Усе пагадненні паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй, падпісаныя пасля выбараў 2020 года, павінны быць прызнаныя несапраўднымі. Усе эканамічныя дамовы  з Расіяй павінны быць перагледжаны ў адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі. Лукашэнка не мае мандата беларускага народа і не мае права нічога падпісваць ад імя Беларусі. Замест гэтага Беларусь будзе выконваць свае абавязкі ў межах міжнароднага права.

    Трэцяе. Беларусь нармалізуе адносіны з іншымі суседзямі і разгарне шырокае рэгіянальнае супрацоўніцтва, асабліва з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі. Мы выведзем на якасны ўзровень адносіны паміж нашымі краінамі ў палітычнай, сацыяльнай, культурнай і эканамічнай сферах. Мы пачнем супрацоўніцтва ў сферы рэгіянальнай бяспекі ды знешняй палітыкі.

    Чацвёртае. Беларусь будзе імкнуцца да пашырэння супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі і краінамі ЕС. Беларусь увойдзе ў Раду Еўропы. Мы будзем распрацоўваць доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Бо Беларусь – гэта Еўропа. Мы знаходзімся ў працэсе падрыхтоўкі дэмакратычных рэформаў для нашай Новай Беларусі і будзем сачыць за тым, каб яны грунтаваліся на найлепшых еўрапейскіх практыках.

    Пятае. Дэмакратычная Беларусь зробіць усе неабходныя крокі, каб стаць надзейным і адказным міжнародным партнёрам. Мы прымем новую канстытуцыю, якая не дазволіць Беларусі зноў апынуцца ў тыраніі, і пабудуе дэмакратычныя інстытуты, каб выключыць злоўжыванні ўладай.

    Для гэтага патрэбна міжнародная падтрымка. Таму я заклікаю да стварэння міжнароднай кааліцыі за дэмакратычную і незалежную Беларусь. Мы запрашаем усе дзяржавы-аднадумцы далучыцца да гэтай ініцыятывы і выпрацаваць усеабдымную стратэгію дапамогі беларусам у абароне іх незалежнасці і забеспячэнні дэмакратычнага пераходу.

    Дзякуй, я гатова адказаць на вашыя пытанні!»

    Апошнія навіны