• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Напішыце палітвязням. Гісторыя Аляксандры Патрасаевай

    11 сакавіка, 2021

    Святлана Ціханоўская: «Аляксандры Патрасаевай усяго 21 год, але яна ўжо многае перажыла. У ноч з 10 на 11 жніўня яна аказвала першую дапамогу пацярпелым на пратэстах у Менску. Там яна трапіла пад абстрэл і спрабавала ўцячы, але яе затрымалі сілавікі.

    Сашу адправілі на Акрэсціна на тры дні. Яна перажыла катаванні, знявагі і збіццё. Сілавікі пагражалі яе згвалціць і «закапаць у лесе». Саша расказвала: «Яны казалі мне: «Сядзі дома, ты вырадак і ганьба гэтай краіны» – хоць я, наадварот, выйшла за краіну. Выйшла сказаць: я люблю нашу краіну. Але, па іх словах, я не чалавек, а жывёла. Проста нявартая жыцця і, такіх як я, трэба забіваць, гвалтаваць, саджаць. Як яны казалі мне ў аўтазаку: «Каб такіх людзей не нараджалася – трэба рабіць аборт».

    Выйшаўшы з ізалятара на Акрэсціна, Саша падала заяву аб катаваннях у следчы камітэт, але яе не прынялі – як заявы сотняў іншых беларусаў.

    Затое саму Сашу ўпеклі ў СІЗА – яна знаходзіцца там больш за 4 месяцы. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» – ёй пагражае да васьмі гадоў турмы. Рэжым спрабуе закатаць у бетон нават тых, каго ён катаваў – спрабуючы выставіць іх галоўнымі злачынцамі. Але мы ведаем, хто сапраўдныя злачынцы ў Беларусі.

    Я хачу расказаць і пра дзяцінства Сашы. Калі ёй было шэсць, яна засталася сіратой – і патрапіла ў Чурлінскі вучэбна-педагагічны комплекс. Зусім нядаўна яна пераехала ў Мінск і ўладкавалася працаваць няняй. Нягледзячы на ўсё перажытае, яна захавала здольнасць клапаціцца пра іншых – тое, чаго ніколі не зразумеюць суддзі, якія выбіраюць ёй прысуд.

    Прама цяпер па справе Аляксандры праходзяць суды, і ёй патрэбная вашая падтрымка. Напішыце ёй цёплы ліст, які надасць сіл. У Беларусі сотні палітвязняў, і ўсе яны – героі пераменаў. Таму ўсе, хто трапіў пад рэпрэсіі і беззаконне, будуць рэабілітаваныя ў новай Беларусі. Але цяпер нашым героям трэба вашая ўвага.

    Адправіць ліст вам дапаможа сайт https://politzek.me, дзе вы знойдзеце ўсе патрэбныя дадзеныя. Сайт https://vkletochku.org дапаможа вам адправіць ліст ананімна і з любой краіны.

    Вы таксама можаце падтрымаць палітвязняў з дапамогай фонду «Краіна для жыцця» і фонду BySol».


     

    Апошнія навіны