• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская адказвае на пытанні беларусаў, сабраныя Аляксандрам Кныровічам

    07 жніўня, 2022

    1. «Давер»

    1.1. Што Вы (Вашая арганізацыя) збіраецеся зрабіць, каб спыніць публічнае «высвятленне адносінаў»? З Вашага пункту гледжання, ці з'яўляецца які-небудзь з варыянтаў «протапарламента» вырашэннем гэтай праблемы? Калі «так», якім Вы бачыце парадак яго фармавання і функцыянавання? Калі «не» – якія альтэрнатыўныя магчымасці Вы бачыце?

    – Давайце пачнем з пытання пра высвятленне адносінаў. Я разумею, што за два гады ў многіх, асабліва ў тых, хто актыўна працуе дзеля пераменаў, назапасілася шмат стомленасці. Я сапраўды цудоўна гэта разумею. На шчасце, мяне вельмі падтрымлівае каманда і магчымасць увесь час трымаць сувязь з людзьмі, якія дзеляцца і болямі, і радасцямі, і ўносяць прапановы, і прыходзяць з крытыкай.

    З большасцю з публічнымі крытыкамі мы маем агульную мэту – прывесці Беларусь да дэмакратычных пераменаў. Так, зараз час, калі некаторыя адцягнуліся на нападкі на партнёраў – але гэта не тое, чаго ад нас чакаюць людзі.

    Я веру, што Канферэнцыя дасць магчымасць не толькі выказацца і адказаць на крытыку, але і прыйсці да рашэнняў пра далейшыя дзеянні і «протапарламент», калі ўсе пагодзяцца, што ён патрэбны. Для мяне таксама важна, каб мы адразу абмеркавалі, хто за што адказны. Многія крытыкі ставяць мне ў дакор, што трэба прымаць рашэнні разам – і я цалкам згодная. Але іх таксама разам трэба прыводзіць у дзеянне.

    У гэтым пытанні я абапіраюся на абмеркаванні з партнёрамі – і бачу, што «протапарламент» можа быць сфармаваны дэлегаваннем прадстаўнікоў ад арганізацый і шляхам выбару праз лічбавыя інструменты. Яго галоўная роля – сабраць такіх людзей, якія сваім вопытам і экспертызай дапамогуць распрацоўваць і зацвярджаць стратэгічныя рашэнні. Дыскусіі, у якіх гэта адбываецца, павінны быць адкрытыя грамадству, а ў самой структуры павінны быць прадстаўленыя абсалютна розныя групы і погляды – тады гэта пачне працаваць. Беларусі патрэбны рэальны парламентарызм, а не тая імітацыя, якую з 90-х прадае рэжым.

    1.2. За мінулыя 2 гады Вы (Вашая арганізацыя) атрымлівалі фінансаванне пад праекты звязаныя з «інтарэсамі беларусаў»? Калі «так», ці гатовыя Вы даць справаздачу для «даверанага аўдыту па сутнасці»?

    – Нашая каманда атрымлівае ахвяраванні ад прыватных донараў, данаты, падтрымку інстытуцыйных фондаў. Мы ўжо зрабілі запыты незалежным кампаніям, якія правядуць аўдыт, вынікі якога будуць публічныя. Публікацыя імёнаў, назваў, вядома, будзе моцна абмежаваная па меркаваннях бяспекі – у маёй камандзе шмат людзей, якія не публічныя – дзеля сваіх блізкіх, і я паважаю гэты клопат пра сваякоў.

    Мы гатовыя стварыць назіральную раду пры Офісе, куды будуць запрошаныя аўтарытэтныя беларусы, якія будуць атрымліваць тлумачэнні па працы офіса і мець магчымасць уплываць на рашэнні па найбольш важных кірунках, такіх як выбар стратэгіі, планаванне дзейнасці, структура.

    1.3. З Вашага (Вашай арганізацыі) пункту гледжання «офіс Святланы Ціханоўскай» сёння – адна з шэрагу палітычных сілаў або – кабінет «абранага лідара беларускага народа», іншае?

    – Офіс – гэта палітычная структура, якая, у першую чаргу, дапамагае мне рабіць маю працу. Я заўсёды кажу, што лідар – гэта і яго каманда, мне пашанцавала мець падтрымку такіх людзей. Я магу сустракацца з беларусамі і замежнымі палітыкамі, прадстаўляць наш голас там, дзе іншым гэта недаступна. Ну, а каманда арганізуе ўсю гэтую працу, шукае новыя спосабы зносінаў з людзьмі – як тыя ж асабістыя размовы, на якія прыходзяць усе ад 70-гадовых валанцёраў да Рыгора Азаронка. Каманда арганізуе працоўныя візіты, выконвае дамоўленасці і перадае кантакты з іх. І, паверце, гэтая каманда вельмі хоча, каб у руху было больш матываваных людзей з энергіяй і гатоўнасцю шмат і эфектыўна працаваць. Ніхто з нас не прэтэндуе на аднаасобнае прыняцце рашэнняў за ўсе дэмакратычныя сілы – гэта павінны рабіць розныя сілы разам.

    І хачу дадаць, што каманда Офіса – гэта людзі, якім я цалкам давяраю. Усе сумневы, якія выказваюцца збоку, адпалі б, калі б вы бачылі, як самааддана гэтыя людзі працуюць суткамі ўжо два гады.

    1.4. Якіх вынікаў Вы (Вашая арганізацыя) дабіліся за апошнія 2 гады (план/факт)?

    – Галоўная нашая задача ўвесь гэты перыяд была ў тым, каб умацоўваць легітымнасць голасу беларусаў – і так, мне давялося стаць рупарам гэтага голасу – і пазбаўляць легітымнасці рэжым. Тут ёсць адчувальныя вынікі: сёння Лукашэнка і яго паплечнікі сталі ізгоямі ў цывілізаваным свеце, яму не ўдалося «перавярнуць старонку», сыграць на міграцыйным крызісе, на захопе самалёта, яму не ўдалося зрабіць выгляд, што ён не мае ніякага дачынення да нападу Крамля на Украіну, і абмяняць адмену санкцый на транзіт збожжа. Усе спробы рэжыма нібыта нармалізаваць сітуацыю, працягваючы катаванні людзей у турмах, не ўдаліся.

    Пры гэтым голас дэмакратычнай Беларусі становіцца ўсё гучнейшым, і падтрымка палітычных структураў, ініцыятываў, напрыклад медыкаў, спартсменаў, рабочых, прадстаўнікоў сферы адукацыі. Усё гэта дапамагае выганяць рэжым з палітычнага поля – і пераключаць на супрацоўніцтва з тымі, хто рэальна дапамагае беларусам.

    Я магла б палічыць колькасць сустрэчаў ці сабраных візітовак, але ведаю, што гэта не вынік. Пры гэтым я прашу памятаць, што гэтая праца дапаможа нам у будучыні і ўжо зараз дапамагае дэмакратычным сілам пашыраць, а не звужаць працу. Усё больш НДА і медыя выбудоўвае працу, з'яўляюцца новыя праграмы для навучання і стажыровак, якія выдзяляюць нашай краіне. Гэта інвестыцыі ў беларусаў, якія могуць скарыстаць новы досвед для сваёй радзімы.

    Мы шмат працуем для дыяспары, і ў розных краінах нам удалося змяніць палітычную волю ў адносінах да нашага народа. Мы не без поспеху працуем з Украінай. Большасць гэтай працы – не публічная, але я добра запомніла, як у пачатку вайны прадстаўнік Украіны сказаў мне: «Вы, беларусы, каб дапамагчы нам, дапамажыце сабе». І я разумею, пра што ён. Мы ўсяляк падтрымліваем Украіну, бо зараз украінцы змагаюцца за будучыню сваёй і нашай краіны, за бяспеку ўсяго рэгіёна. Без свабоднай Украіны не можа быць свабоднай Беларусі, але і без свабоднай Беларусі не будзе ўстойлівай бяспекі ва Украіне і Еўропе. Таму з дапамогай розных анлайн-інструментаў мы кожны дзень працуем і маем зносіны з беларусамі, якія не з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі Ціханоўскай, Бабарыкі ці Латушкі – але хочуць жыць лепш. Мы тлумачым ім каштоўнасць і значэнне суверэнітэту для іх жыцця, тлумачым, як рост коштаў звязаны з удзелам Лукашэнкі ў вайне. І кожны дзень маем зносіны з міжнароднай супольнасцю, каб яна разумела адказы на тыя ж самыя пытанні: як суверэнітэт Беларусі ўплывае на стан справаў у Еўропе, чым небяспечны крызіс у Беларусі для краінаў-суседзяў.

    І калі казаць пра мяне асабіста, большасць часу я праводжу ў зносінах з людзьмі. Абняць сваякоў палітвязняў, падбадзёрыць працоўных, спытаць, як справы ў актывістаў, выслухаць заўвагі ад кіберпартызанаў… Дзяржава гадамі не слухала людзей, і зараз, вядома, я адна не магу пагаварыць з кожным чалавекам з Беларусі. Але я стараюся рабіць гэта. Ці можна назваць гэта вынікам – вырашайце самі. Але для мяне самае галоўнае – гэта людзі.

    2. «Новая Беларусь»

    2.1. Якое Вашае (Вашай арганізацыі) бачанне паняцця «Новая Беларусь»? Што менавіта Вы хочаце пабудаваць? У рашэннях, рэформах, лічбах.

    – Нам, беларусам, недастаткова перамагчы Лукашэнку – трэба абараніць незалежнасць краіны і вярнуць Беларусь на дэмакратычны шлях развіцця. Напрыклад, парламенцкі тып рэспублікі дапаможа не дапусціць паўтарэння дыктатуры. Нашая каманда ўжо апублікавала праект Канстытуцыі і ўнесла ў яго папраўкі пасля публічнага абмеркавання – і зараз рыхтуе пакет законапраектаў, якія патрэбныя ў першую чаргу для выпраўлення таго, куды краіну завёў рэжым. Напрыклад, трэба вярнуць незалежныя суды, падзяліць галіны ўлады, рэфармаваць выбарчае заканадаўства – каб народ сапраўды ўдзельнічаў у кіраванні краінай – а не так, як нам прадэманстравалі ў 2020-м і гадамі раней. Гэта палітычны падмурак новай Беларусі.

    Трэба паклапаціцца пра эканоміку – гэта ані не менш важна, таму што галоўны абавязак дзяржавы перад людзьмі – даць ім бяспеку, у тым ліку засцерагчы ад беднасці. За гэтыя два гады зносінаў з абсалютна рознымі беларусамі я зразумела, наколькі важна перастаць стрымліваць прадпрымальніцтва і даць свабодна развівацца бізнесу, і айцішнікам, і тым, хто займаецца вытворчасцю. Нашая каманда месяцамі працавала, каб стаў магчымым план ЕС для дэмакратычнай Беларусі – гэта 3 мільярды еўра, якія ўжо забраніраваныя для беларусаў, як толькі ў краіне адбудуцца перамены. Але эканамісты, з якімі мы працуем, кажуць, што гэты пакет дапамогі можна павялічыць да 10 мільярдаў. А для мяне важна, каб гэтыя грошы пайшлі на выратаванне людзей, паляпшэнне іх жыцця. Вельмі многія зараз тэлефануюць і проста распавядаюць, што эканомяць нават на ежы – вось да чаго прыводзіць нелегітымнае ўтрыманне ўлады і саўдзел дыктатара ў вайне.

    Вядома, новая Беларусь – гэта краіна, з якой знятыя санкцыі, у якую з задавальненнем прыходзяць міжнародныя кампаніі, ствараюць новыя працоўныя месцы. Гэта краіна, дзе ўсе, хто зведаў палітычны пераследа, вызваленыя і рэабілітаваныя – і могуць вярнуцца ў свае дамы. Дзе бацькі не эканомяць на сабе, каб забяспечыць сваіх дзяцей. І, вядома, новая Беларусь – гэта бяспечная, суверэнная, мірная, бяз'ядзерная краіна, да якой усе ставяцца з павагай. Улічваючы тое, што мы бачым у даследаваннях, – гэта краіна з еўрапейскімі каштоўнасцямі. І галоўнае – краіна, дзе заахвочваецца, а не знішчаецца чалавечая ініцыятыва. Над больш глыбокімі характарыстыкамі працуюць эксперты ў розных сферах – а я толькі хачу дадаць, што гэта краіна, дзе я жыву разам са сваім мужам і дзецьмі ў нашым доме – і ў яго не могуць уварвацца, таму што беларусы абароненыя законам.

    2.2. Ці ёсць у Вас (Вашай арганізацыі) стратэгія на бліжэйшыя 3 гады? Набор задачаў, якія вынікаюць са стратэгічных мэтаў, каманда, рэсурсы?

    – У нас ёсць сцэнары і план дзеянняў у розных сцэнарах. Цяпер, пасля пачатку вайны, мы ведаем, – нельга лічыць, што нешта не адбудзецца, таму што гэта мала рэалістычна ці нелагічна. Напрыклад, пачатак вайны, з аднаго боку, змяніў усё: нам, беларусам, давялося і сабе, і ўсяму свету адказаць на пытанне, ці з'яўляемся мы суагрэсарамі. І з гэтым выпрабаваннем мы справіліся – але давялося рабіць шмат працы, якой раней мы не займаліся: пераконваць, тлумачыць, што беларусы супраць вайны, даваць пацверджанні. З іншага боку, нашыя прыярытэты працы засталіся нязменнымі: мы ўсё гэтак жа стаім за вызваленне ўсіх зняволеных па палітычных матывах і транзіт улады – праз сумленныя выбары. Але ў лютым да гэтых прыярытэтаў дадаліся новыя: абараніць незалежнасць Беларусі, дапамагчы спыніць вайну ва Украіне, дабіцца вываду рускіх войскаў.

    Як усім разам працаваць на гэтыя прыярытэты – абмяркуем на Канферэнцыі. Каманда ў мяне ёсць, але вышэй я ўжо сказала, што яе недастаткова для вырашэння ўсіх гэтых задачаў. Я заклікаю партнёраў да канструктыўнага дыялогу пра тое, як мы будзем дзяліць гэтую адказнасць. А рэсурсы знаходзяцца тады, калі ёсць канкрэтныя планы – гэта мы ведаем і са зносінаў з беларускімі прадпрымальнікамі, якія падтрымліваюць рух, і ад міжнародных партнёраў.

    3. «Аператыўныя задачы»

    3.1. Які Ваш (Вашай арганізацыі) план вызвалення палітвязняў?

    – У першую чаргу, пра палітвязняў трэба казаць кожны дзень, каб пра іх памяталі ўсё, – чым я і займаюся. Гэта важна і для людзей, якія зараз знаходзяцца ў турмах, – што ім працягваюць пісаць, дапамагаць іх дзеткам. Але гэта важна і для таго, каб не даць Лукашэнку гандляваць жыццямі гэтых людзей. Мы настойваем, што нават падчас вайны пытанне палітвязняў не можа адыходзіць на другі план. Нашая задача – каб на волю выйшлі ўсе, а не толькі частка.

    Мы спрабуем дабіцца і змены правілаў прызнання палітвязнямі – частка палітвязняў не прызнаная ў гэтым статусе праваабаронцамі. Важна, каб усе, хто знаходзіўся ў зняволенні, па палітычных прычынах мелі гэтую падтрымку.

    Мы працягваем патрабаваць ад ААН дзеянняў па неадкладным вызваленні палітвязняў у цяжкім фізічным стане, наведвання турмаў прадстаўнікамі Чырвонага крыжа і БДІПЧ АБСЕ, забеспячэння доступу святароў да палітвязняў.

    І зараз мая прадстаўніца па прававых пытаннях Святлана Бабінцава збірае незалежную прававую раду з юрыстаў, праваабаронцаў – каб дапрацаваць Акт аб рэабілітацыі. Гэта дакумент, які, па сутнасці, з'яўляецца дарожнай картай, як за максімальна кароткі тэрмін вызваліць усіх невінаватых. Яго праект прапанаваў год таму Сяргей Зікрацкі, будучы чальцом нашай каманды. Але пасля грамадскага абмеркавання і з пачаткам вайны стала зразумела, што дакумент трэба дапрацаваць. І рабіць гэта будзе не толькі нашая каманда, а незалежная і прафесійная рада.

    3.2. Якое Вашае (Вашай арганізацыі) стаўленне да «Арміі Новай Беларусі»? Калі Вы лічыце гэты напрамак працы неабходным, у чым канкрэтна Вы плануеце яе падтрымаць?

    – Армія патрабуе велізарных рэсурсаў і разумення – як яна будзе дзейнічаць, дзе і якая ў яе мэта. Гэта вельмі сур'ёзны блок пытанняў, у тым ліку і палітычных – напрыклад, на тэрыторыі якой краіны і ў якім статусе можа грунтавацца такое войска ў цяперашняй сітуацыі? Пакуль гэта выглядае як прыгожая, але не прапрацаваная канцэпцыя. Але мы будзем размаўляць з аўтарамі гэтай ідэі, у тым ліку публічна на Канферэнцыі – і разам зможам зразумець больш.

    Напрыклад, я хачу абмеркаваць, што, магчыма, сёння лепш скіраваць намаганні на арганізацыю партызанскай барацьбы ўнутры краіны. Мы падтрымліваем план «Перамога» – больш за 200 000 чалавек сталі яго ўдзельнікамі, і разлічваюць у ключавы момант на гэты план. У ім ёсць нават прадстаўнікі дзейных сілавых структураў.

    І, канечне, я прашу не забывацца падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне – яны героі, якіх, да таго ж, відавочна баіцца рэжым. І зараз мы працуем над тым, каб у ваенных акадэміях у некаторых суседніх з Беларуссю краінах запусціць курсы падрыхтоўкі беларускіх афіцэраў. Так што нам ёсць што абмеркаваць з тымі, хто гатовы браць на сябе адказнасць за гэты блок працы.

    3.3. Ці ёсць у Вас (Вашай арганізацыі) план на выпадак «чорных лебедзяў»: «галодны бунт», «смерць Сталіна», «перанос баявых дзеянняў на беларускую тэрыторыю»?

    – У 2020 годзе мы распісалі шэсць сцэнароў падзеяў і нашых дзеянняў у гэтых выпадках. Там быў і сцэнар пачатку ваеннага ўварвання Расіі ва Украіне. На жаль, ён здзейсніўся. Павінна прызнаць, што, хаця мы дапускалі гэтую верагоднасць, мы не былі гатовыя, што сапраўды пачнецца вайна. Для мяне асабіста гэта стала ўзрушэннем – як і для мноства беларусаў.

    Пасля гэтага я стала яшчэ больш сур'ёзна ставіцца да распрацоўкі сцэнароў, таму што вашае пытанне, па сутнасці, менавіта пра іх. І нядаўна да нашай каманды далучыліся людзі, якія ўзмацнілі гэтую працу. Што стала для мяне адкрыццём – па паведамленнях, якія мы атрымліваем са структураў рэжыму, зразумела, што яны бачаць тыя ж сцэнары. І хаця язык не павернецца сказаць, што беларусам зараз «лёгка», але добрых сцэнараў для рэжыму фактычна не існуе.

    А нашай задачай я бачу распрацаваць сумесны з партнёрамі план дзеянняў у розных сцэнарах. Для гэтага, вядома, патрэбная агульная праца. Але я бачу штодзённыя сустрэчы аргкамітэта перад Канферэнцыяй – а там ёсць сябры Каардынацыйнай рады, НАУ, каманды Бабарыкі, BYPOL, «Супраціва», прадстаўнікі партый і грамадзянскага сектара – і гэта, шчыра кажучы, сапраўды дае веру, што мы зможам арганізаваць сумесную працу.

    Важна разумець, што ўсе сцэнары так ці інакш прыводзяць да перамоўнага працэсу – пытанне толькі ў расстаноўцы сілаў і ў тым, якія бакі будуць удзельнічаць. І ў рэжыма пазіцыі зараз імкліва пагаршаюцца.

    4. «Будучыня»

    4.1. Ці існуе ў Вас (Вашай арганізацыі) праект «культурнай ідэнтыфікацыі нацыі» (хто мы, адкуль, куды ідзем)?

    – Пачну адказ з таго, што калі кажуць, што ў 2020-м мы назіралі адраджэнне беларусаў як нацыі – я з гэтым згодная. Таму што сама апынулася сярод тых, хто ўпершыню адчуў прыналежнасць да сваёй краіны і адказнасць за тое, куды яна рухаецца.

    І зараз я таксама шмат чаго прымяраю на сябе – за гэтыя два гады я зразумела каштоўнасць менавіта нашай, беларускай культуры, нашай мовы, гісторыі. Даведалася мноства таленавітых, мудрых, яркіх людзей. Вось хто мы – нацыя працавітых, сумленных, спагадных людзей, для якіх важней за ўсё – дабрабыт іх сям'і і магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. У 2020-м стала відавочна, як многім людзям у Беларусі рэжым перашкаджае нармальна жыць і рабіць сваё жыццё лепшым. Нядаўна адзін чалавек распавёў гісторыю, як упершыню ўсёй душой адчуў каштоўнасць незалежнасці: ён выглянуў у вакно (ён жыве ў беларускім горадзе) і ўбачыў як праязджае рускі танк, на якім сядзеў салдат з бутэлькай гарэлкі. І ў гэты момант чалавек зразумеў, што такі лад жыцця не мае нічога супольнага з ім, з беларусам.

    Таму, на мой погляд, зараз адбываюцца менавіта тыя падзеі, якія куюць беларусаў як нацыю. Усе даследаванні паказваюць, што каштоўнасць бяспекі ў сваім двары і ў сваёй краіне для людзей растуць. Мноства маіх знаёмых пераходзяць на беларускую мову. Людзі адкрываюць беларускія школы, больш цікавяцца сваімі каранямі, пачынаюць пазнаваць сябе ў біяграфіях гістарычных асобаў.

    Таму, калі адказваць на гэтае пытанне з палітычнага пункту гледжання, то беларусам трэба дапамагаць раскрываць свой патэнцыял. Для гэтага патрэбная падтрымка незалежных медыяў, культурнай супольнасці, навукоўцаў, студэнтаў, пісьменнікаў, выкладчыкаў. Я знаёмая з многімі адказнымі спартсменамі і прадпрымальнікамі – яны як могуць падтрымліваюць сваіх і сваё. Я стараюся пры любой магчымасці дапамагаць нашым ініцыятывам. Нядаўна мы запісвалі відэа, якое выйшла з назвай «маніфест беларуса» – і я спецыяльна запісвала яго ў белай футболцы з чырвоным сэрцам, іх ствараюць беларусы. Гэта дробязь, але вельмі важна нам у адносінах адно да аднаго рабіць такія крокі.

    Ну а на кожнай сустрэчы ў візітах я кажу пра тое, што трэба ціснуць на рэжым, але ў гэты ж час дапамагаць беларусам. Я ведаю прыклад спектакля «Свабоднага тэатра» Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды «Сабакі Еўропы» па кнізе Альгерда Бахарэвіча. Гэтая кніга напісаная некалькі гадоў таму, спектакль паказвалі ў Мінску. Але ў 2022-м, калі пачалася вайна і гэтая кніга стала яшчэ больш актуальнай для беларусаў, спектакль паказалі ў Лондане. І справа не толькі ў тым, што гэтае вялікае дасягненне. А ў тым, што тым часам стала вельмі важна паказваць беларускую ідэнтычнасць.

    Сёння ў Беларусі працягваецца зачыстка ўсяго беларускага, і гэта адно з галоўных пацверджанняў здрады рэжыму. Таму нашая задача – ствараць, будаваць, запускаць пляцоўкі і магчымасці, каб нашай Беларусі станавілася ўсё больш. Мы працуем з Беларускай радай культуры і беларускімі культурнымі ініцыятывамі, артыстамі, каб прасоўваць беларускую культуру. Гэты дыялог ужо вядзецца і будзе працягвацца.

    4.2. Як Вы (Вашая арганізацыя) плануеце абараняць інтарэсы беларускіх дыяспар за мяжой? Ці ёсць асобная праграма?

    – Мы працуем над комплекснымі рашэннямі на палітычным узроўні. Гэтая праца пачалася задаўга да вайны, але зараз стала яшчэ вастрэй і актуальней. З аднаго боку – барацьба з дыскрымінацыяй беларусаў. З іншага – дапамога грамадзянскай супольнасці, рэпрэсаваным, бізнесу – стварэнне ўмоваў для працы тым, каму давялося з'ехаць. Праз камісара ЕС па ўнутраных справах Ёхансан мы вырашаем пытанне міграцыі ў ЕС, доступу да рынку працы, адукацыі, аховы здароўя. З Польшчай мы ўжо стварылі працоўную групу, і былі зробленыя канкрэтныя крокі і паслабленні для беларусаў – напрыклад, уведзеныя трохгадовыя гуманітарныя візы. У Чэхіі створаная сістэма верыфікацыі, якая дазволіць студэнтам атрымліваць візы і працягваць навучанне.

    Мы падтрымліваем Народныя пасольствы і адгукаемся на іх просьбы, арганізацыі «Беларусы замежжа», «Разам», ЦБС, Беларускі дом і многія іншыя. Нельга забывацца пра беларускія нацменшасці ў Польшчы, Чэхіі і Літве – тут мы ствараем і будзем ствараць цэнтры культуры, адкрываць беларускія школы і класы.

    У апошні час мы часта гаворым пра дапамогу ў працы бізнес-асацыяцый, у Офіса з'явілася працоўная група па бізнесе – таму што мы зразумелі, што надавалі мала ўвагі гэтай тэме, а з пачаткам вайны шматлікія прадпрымальнікі сутыкнуліся з дыскрымінацыяй з-за таго, які ў іх пашпарт.

    Ува ўсіх краінах мы збіраем інфармацыю ад дыяспары – і выкарыстоўваем яе на палітычных сустрэчах, каб абараняць інтарэсы беларусаў. Так, не паўсюль гэта атрымліваецца на 100 працэнтаў, але ў параўнанні з пачаткам вайны становішча беларусаў моцна палепшылася. Атрымліваецца не толькі захоўваць ранейшыя, але і ствараць новыя магчымасці для беларусаў – як стыпендыі ці праграмы рэабілітацыі. Мая асабістая радасць – што атрымалася запусціць першую праграму для дзетак палітвязняў, першы атрад з'ехаў на аднаўленне і адпачынак. Спадзяюся, праграма пашырыцца.

    Што яшчэ важна – у розных краінах з'яўляюцца нашыя прадстаўніцтвы – напрыклад, у Чэхіі і Эстоніі ўжо працуюць нашыя ўпаўнаважаныя, якія могуць ад імя «Святланы Ціханоўскай» дапамагаць дыяспары. Гэта вялікая палёгка – таму што візіты займаюць шмат часу, а раней прадстаўнікі многіх краінаў гатовыя былі мець зносіны толькі са мной. Але зараз мы выбудавалі трывалыя кантакты і далі дарогу для вырашэння нашых пытанняў не толькі праз аднаго чалавека.

    4.3. Ці бачыце Вы (Вашая арганізацыя) неабходнасць у фармаванні «віртуальнай сеткі беларусаў» – лічбавай прасторы? Ці плануеце ўдзельнічаць у гэтай працы?

    – Мне вельмі цікавы праект Лічбавай Беларусі, якім займаецца Павел Лібер з камандай. Мы маем зносіны з Паўлам, ён часты госць у Офісе і расказвае пра ўсе абнаўленні – якія дазволяць беларусам удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, абменьвацца інфармацыяй, аб'ядноўвацца па агульных інтарэсах. На палітычным узроўні мы ўжо пачалі перамовы, каб Digital ID (унікальныя асабістыя лічбавыя ідэнтыфікатары), якія ў планах запусціць, мелі прызнанне ў розных краінах, і іх уладальнікі маглі карыстацца нейкімі льготамі і прэферэнцыямі. Да вырашэння пытанняў візаў і дакументаў яшчэ далёка, але, на шчасце, я акружаная людзьмі, якія ставяць амбіцыйныя мэты.

    Я мяркую, што дадзеныя пытанні патрабуюць глыбокага абмеркавання ў публічнай прасторы і не могуць заставацца без Вашай увагі, як і без увагі тых грамадскіх сілаў, якія прэтэндуюць на званне «палітыка».

    – Дзякуй за пытанні, Аляксандр. Над імі можна і трэба думаць даўжэй – але ва ўмовах свайго графіка я адказала так падрабязна, як змагла. Я ведаю, што вы прыедзеце на Канферэнцыю 8-9 жніўня, таму да сустрэчы. А ўсіх, хто не зможа далучыцца афлайн, запрашаю ў анлайн-трансляцыю. Спіс спікераў ужо ў публічным доступе, але магу сказаць, што мадэраваць дыскусіі будзе Сяргей Падсасонны, а весці стрым – Кацярына Раецкая, таму ўпэўненая, гэта будзе цікава.

    Апошнія навіны