• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Ціханоўская ўзняла пытанне расстрэльнага закона з прэм’ерам Іспаніі: вынікі візіту ў Мадрыд

    20 мая, 2022

    Святлана Ціханоўская ехала ў Іспанію заручыцца падтрымкай пірэнейскай краіны ў міжнародных арганізацыях і Еўрапейскім саюзе, а таксама абмеркаваць дэталі праграмы рэабілітацыі для беларускіх дзетак і сем’яў палітвязняў.

    Падчас візіту яна сустрэлася з першымі асобамі краіны: каралевай Летыцыяй, прэм’ер-міністрам Пэдра Санчэсам, міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарасам, кіраўнікамі ніжняй і верхняй палатаў парламента, лідарамі асноўных палітычных партыяў, былым прэм’ерам Феліпа Гансалесам і беларускай дыяспарай. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла ў Мадрыдскім клубе (арганізацыі былых кіраўнікоў дзяржаваў) і каралеўскім інстытуце El Cano.

    Ціханоўская падзякавала Іспаніі за падтрымку ў Еўрапейскім Саюзе, Радзе Еўропы і АБСЕ, за візавую падтрымку беларусаў і папрасіла падзяляць беларусаў і рэжым. Вітаючы Ціханоўскую, прэм’ер Іспаніі Санчэс сказаў: «Іспанія і Беларусь як ніколі блізкія ў абароне каштоўнасцяў і прынцыпаў».

    • Якія практычныя вынікі візіту:

    Іспанія працягне выдаваць візы беларусам у межах існуючых магчымасцяў. На гэтым тыдні быў скарочаны штат амбасады ў Маскве, і гэта можа паўплываць на колькасць выдадзеных візаў.

    – Беларусы з украінскімі ВНЖ ці ПМЖ атрымаюць такую самую абарону, як і ўкраінцы. Яны змогуць разлічваць на ўсе тыя самыя выгады і легальны статус. Дзясяткі беларусаў ужо пераехалі ў Іспанію, некаторыя з іх былі на мясцовай сустрэчы беларусаў з Ціханоўскай.

    – На бліжэйшай Радзе ЕС Іспанія ўздыме пытанне новага «расстрэльнага закона», а на пасяджэнні міністраў замежных справаў разгледзяць уключэнне дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў і Рады Рэспублікі ў санкцыйныя спісы.

    Іспанія не будзе падтрымліваць зняцце санкцыяў з калійнага сектара і «Беларуськалія», нягледзячы на перамовы па харчовай бяспецы, якія зараз вядуцца ў межах ААН.

    – Дэпутаты Кангрэса (ніжняя палата парламента) распачалі працэс фармавання нефармальнай групы сяброў Беларусі. У групу маюць увайсці прадстаўнікі асноўных парламенцкіх групаў.

    – Іспанія зацікаўленая ў найбліжэйшыя месяцы прыняць групу дзяцей, рэпрэсаваных сем’яў ці былых палітвязняў. Ідэю падтрымалі прэм’ер-міністр і каралева Іспаніі. Зараз абмяркоўваюцца тэхнічныя магчымасці для арганізацыі такой праграмы.

    – Ціханоўская перадала просьбы ад беларускай дыяспары па спрашчэнні міграцыйных правілаў для беларусаў. У прыватнасці, каб Іспанія не патрабавала апастыль і доказы немагчымасці вяртання ў Беларусь пры атрыманні дакументаў, а таксама каб не блакаваліся банкаўскія рахункі.

    – Міністр пагадзіўся выкарыстоўваць Belarus замест Bielorussia ў афіцыйнай камунікацыі і адразу зрабіў твіт. Цяпер у Іспаніі выкарыстоўваюцца абодва варыянты.

    – Былы прэм’ер-міністр Іспаніі Філіпа Гансалес згадзіўся пабыць пасярэднікам у арганізацыі сустрэчаў і перамоваў з краінамі Лацінскай Амерыкі.

    Ціханоўская таксама запрасіла Іспанію далучыцца да міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 29 траўня. Акрамя таго, беларуская лідарка дала інтэрвʼю асноўным ТВ-каналам і газетам – El Mundo, El Pais, ABC і іншым.


    На фота: Святлана Ціханоўская і каралева Іспаніі Летыцыя

    На фота: Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Пэдра Санчэс

    На фота: Святлана Ціханоўская і міністр замежных справаў Хасэ Мануэль Альбарас
    Апошнія навіны