• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Прымусовае размеркаванне павінна быць адмененае

    17 лістапада, 2022

    Святлана Ціханоўская: «Учора Наталля Качанава прапанавала зрабіць з усіх студэнтаў у Беларусі прыгонных – і прымусіць адпрацоўваць размеркаванне і студэнтаў-бюджэтнікаў, і тых, хто плаціць за сваю адукацыю ў беларускіх універсітэтах.

    Не ведаю, што падштурхнула яе да гэтай ідэі – дэфіцыт кадраў у рэгіёнах, дзе заробкі не пакрываюць нават базавыя патрэбы чалавека, або масавая эміграцыя кваліфікаваных працаўнікоў. Адукацыя ў Беларусі ўсё больш старэе і апускаецца ў крызіс. Але замест таго, каб ствараць умовы для самарэалізацыі моладзі, дапамагаць развіццю новых талентаў, – чыноўнікі спрабуюць задушыць гэтыя таленты новымі рэпрэсіямі.

    Яны проста не разумеюць маладых дзяўчатаў і хлапцоў. Новаму пакаленню цесна ў штучных абмежаваннях састарэлага рэжыму. Перад гэтым пакаленнем адкрыты ўвесь свет: яны могуць вучыць любыя мовы, выбіраць любыя прафесіі і рэалізоўваць любыя таленты. Яны – нашая будучыня. І задача дзяржавы – дапамагчы ім знайсці магчымасць самарэалізавацца, прыносячы дапамогу і роднай краіне, інакш яны змогуць увасабляць свае мары толькі за мяжой.

    Не трэба быць геніем, каб разумець: прымусовае размеркаванне павінна быць адмененае цалкам. Што сапраўды трэба беларускім студэнтам, дык гэта больш магчымасцяў: міжнародныя праграмы абмену, вопытныя ў сваёй галіне выкладчыкі, сучасныя веды. Ва ўніверсітэтах Беларусі павінна быць больш практыкуючых прафесараў, якія маглі б падзяліцца са студэнтамі вопытам. А праца ў рэгіёнах павінна быць прэстыжным спосабам самарэалізацыі маладых спецыялістаў, а не пакараннем для іх.

    Універсітэт – не армія, задача ўніверсітэта – не выхаванне лаяльных «салдатаў», а абмен досведам паміж пакаленнямі і дапамога маладому пакаленню дамагчыся поспехаў у абранай сферы. І калі ўніверсітэты Беларусі пачнуць выконваць сваю сапраўдную місію – моладзь будзе адзначаць дзень студэнта з гонарам, а не сорамам за свае ВНУ».

    Апошнія навіны