• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Вынікі агульнай сустрэчы дэмсілаў і кіраўніцтва ЕС: галоўнае з выступаў усіх бакоў

    13 снежня, 2021

    Завяршылася шматбаковая сустрэча дэмакратычных сілаў Беларусі з кіраўніцтвам ЕС у асобе вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы ЕС Жазэпа Барэля, прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля і 12 міністраў замежных спраў еўрапейскіх дзяржаў.

    Пра што казалі міністры:

    • Міністр замежных спраў Харватыі Гордан Грліч-Радман сказаў, што Харватыя будзе трымаць Беларусь у парадку дня і падтрымліваць грамадзянскую супольнасць.
    • Міністр замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганек заявіў, што падчас свайго старшынства ў ЕС у другой палове 2022 года Чэхія будзе надаваць Беларусі асаблівую ўвагу, а таксама сфакусуецца на прыцягненні да адказнасці ўсіх, хто вінаваты ў злачынствах рэжыму. Міністр Кулганек дадаў, што прыярытэт – вызваленне палітвязняў.
    • Міністарка замежных спраў Эстоніі Эва-Марыя Лійметс паведаміла, што 14 снежня каля сценаў турмы, дзе знаходзіцца Ціханоўскі і астатнія палітвязні, якія праходзяць па яго справе, у знак салідарнасці будуць паслы еўрапейскіх краін.
    • Міністр замежных спраў Мальты Эварыст Бартола лічыць, што для Мальты вельмі важна, каб крызіс вырашыўся шляхам правядзення новых справядлівых і празрыстых выбараў.
    • Міністр замежных спраў Люксембурга Жан Асельборн распавёў пра візіт Ціханоўскай у краіну і дадаў, што тэма Беларусі цяпер аб'ядноўвае Еўропу.
    • Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў сказаў, што дапамога павінна быць гнуткай. Польшча выдала 200 000 візаў беларусам, падтрымлівае праграмы для студэнтаў і рэпрэсаваных бізнесаў.
    • Міністр замежных спраў Славеніі Анжэ Логар заявіў, што Славенія будзе дамагацца непрызнання і ізаляцыі Лукашэнкі, не будзе прымаць амбасадараў пры рэжыме і яго консулаў, і будзе дапамагаць беларусам са студэнцкімі праграмамі, а таксама трымаць тэму Беларусі ў міжнародным парадку дня.
    • Міністарка замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ сказала, што ЕС застаецца адзіным, а рэжым павінен несці адказнасць за ўсе злачынствы. Важна сабраць доказы парушэнняў правоў чалавека. Швецыя падтрымае беларускія НДА, якія працуюць унутры краіны і за яе межамі.
    • Міністр замежных спраў Румыніі Багдан Аўрэску заявіў, што Румынія падтрымлівае незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасць, стыпендыі для студэнтаў. Краіна далучылася да ўсіх пакетаў санкцыяў і ініцыявала Усёабдымны план дапамогі ЕС для дэмакратычнай Беларусі.

    Што сказалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў:

    • Святлана Ціханоўская распачала сустрэчу, расказаўшы пра тое, як медыя і бізнесы перабудоўваюць працу пасля рэлакацыі, як у Беларусі працуе самвыдат, ствараюцца грамадзянскія ініцыятывы і якая агульная стратэгія на абвешчаным «рэферэндуме». Яна заклікала Еўропу пашырыць стратэгічную дапамогу – як План ЕС для дэмакратычнай Беларусі, прапрацаваць пытанне бязвізу і лібералізацыі імпарту паслуг з Беларусі. Таксама яна акрэсліла магчымы фармат удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве.
    • Кіраўнік НАК Павел Латушка звярнуў увагу на неабходнасць хуткіх і рашучых дзеянняў, прызнання рэжыму Лукашэнкі злачынным і заклікаў ЕС да дзеянняў.
    • Прадстаўнік КР па грамадзянскай супольнасці і адзін з лідараў Беларускай нацыянальнай платформы (БНП) Андрэй Ягораў распавёў пра неабходнасць ўзмацнення падтрымкі грамадзянскай супольнасці, падрыхтоўкі рэформ у эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, а таксама пра важнасць удзелу Беларусі ў праграмах Усходняга партнёрства.
    • Прадстаўніца КР па інавацыйным бізнесе Таццяна Марыніч падзякавала ЕС за падтрымку і сказала, што шмат ужо робіцца з дапамогай лічбавых тэхналогій – і трэба развіваць кірунак інавацый. Яна дадала, што зараз важна ўвесці бязвізавы рэжым для беларусаў.
    • Наталля Сацункевіч з праваабарончай арганізацыі «Вясна» распавяла пра пераслед праваабаронцаў і ўмовы іх працы, якія працягваюць быць вельмі цяжкімі.
    • Ніна Шыдлоўская, якая прадстаўляе арганізацыі «Будзьма» і «Бацькаўшчына», распавяла пра неабходнасць падтрымкі дзеячаў культуры, прызнанне іх уразлівай групай, пра неабходнасць падтрымліваць прасоўванне беларускай мовы, культуры, гісторыі, а таксама заўважыла, што ў дапамозе маюць патрэбу і арганізацыі, якія не маюць афіцыйнай рэгістрацыі.
    • Чалец каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў распавёў пра сітуацыю з Марыяй Калеснікавай і Віктарам Бабарыкам, працяг нападу на грамадзянскую супольнасць і прыватны сектар, і, акрамя таго, адзначыў важнасць намаганняў па арганізацыі дыялогу.
    • Аксана Бровач з Беларускай асацыяцыі журналістаў распавяла пра рэпрэсіі супраць медыяў, журналістаў-палітвязняў, пра неабходнасць дапамогі СМІ, якім давялося выехаць з краіны.
    • Прадстаўнік грамадзянскага сектара Мікалай Кванталіані распавёў пра важнасць падтрымкі навучальных праграмаў, а таксама лічбавых навыкаў. Ён расказаў, як палітычны крызіс закрануў розныя групы грамадзянскай супольнасці.

    Апошнія навіны