• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Новыя магчымасці для студэнтаў, рэзалюцыя польскага Сената. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай за 6-10 лютага 2023

    11 лютага, 2023

    – 7-8 лютага Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Варшаве, дзе правяла сустрэчы з прадстаўнікамі Аб‘яднанага Пераходнага Кабінета, ByPol і ініцыятывы ISANS, а таксама са спікерам польскага Сената і яго намеснікамі. Галоўным вынікам візіту стала прыняцце польскім Сенатам рэзалюцыі ў падтрымку незалежнай Беларусі. Будзе запушчаная праграма стажыровак для маладых палітыкаў. 

    Таксама Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэнні Сената Польшчы. Яна заклікала сенатараў да рашучасці і адзінства ў падтрымцы Беларусі. Не ізаляваць беларусаў, а даць еўрапейскую перспектыву – беларусы ёсць, былі і павінны быць часткай еўрапейскай сям’і. 

    – Святлана Ціханоўская правяла пасяджэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і выступіла перад новым складам Каардынацыйнай Рады. Кабінет зацвердзіў справаздачу за 6 месяцаў працы, прыняў рашэнне пра падтрымку праекта міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным, разглядзеў новую стратэгію па санкцыйным ціску. На сустрэчы з Каардынацыйнай Радай абмяркоўвалі структуру арганізацыі і ўзаемадзеянне з Кабінетам.

    – Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуды Анджэю Пачобуту і рэйкавым партызанам Юрыю Сельвічу і Сяргею Пляшкуну: «Гэтыя прысуды паказваюць, якой рэжым хоча зрабіць Беларусь: ізаляванай ад свету краінай, дзе няма закону і журналістыкі, і дзе нельга быць супраць вайны. Маё сэрца сёння з Анджэем, Сяргеем і Юрыем. З іх сем'ямі, блізкімі і сябрамі. І з кожным з тысячаў беларусаў і беларусак, якія зараз у турме».

    – «Нашая бяспека ў нашых руках. Не паддавайцеся на хітрыкі рэжыма, які ашуквае людзей амаль 30 гадоў». Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр запісала відэа, у якім тлумачыць, чаму гэтак званая камісія па вяртанні ў Беларусь – выключна прапагандысцкае мерапрыемства, якое не мае ніякага дачынення да права.

    – Святлана Ціханоўская выступіла з падтрымкай пазіцыі Фонду спартовай салідарнасці: «Спартоўцы, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, фальсіфікацыі і вайну ва Украіне, не павінны ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Ні пад якім сцягам – ні пад дзяржаўным, ні пад расійскім, ні пад нейтральным».  

    – Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і папрасіла ​паклапаціцца пра сябе і родных: «Дарагія беларусы, зараз нам як ніколі важна захаваць сябе. Важна не дазваляць сабе застацца ў роспачы і прымусіць сябе адмовіцца ад страху, у які заганяе нас рэжым, а таксама думаць цвяроза. Але падрыхтавацца і скласці сабе план дзеянняў на выпадак надзвычайнага здарэння ніколі не будзе лішнім».

    Валанцёры Офіса правялі званок з эканамістам BEROC Зміцерам Крукам, дзе ішла размова пра вайну, санкцыі, забароны і рэальнасць беларускай эканомікі цяпер. Тэкставую версію званка можна прачытаць па спасылцы. Далучыцца да валанцёрскай праграмы Офіса можна праз бот, а падтрымаць – праз збор на BYSOL.

    – Каманда Офіса па адукацыі, якую ўзначальвае дарадца Святланы Ціханоўскай Таццяна Шчытцова, падрыхтавала новы выпуск дайджэста «Асвета». Спампаваць дайджэст, а таксама дадатак з аглядам магчымасцяў на 2023 год можна на сайце «Асветы».

    – Прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у Празе арганізавала візіт былых байцоў Палка Каліноўскага ў Чэхію, дзе адбыліся сустрэчы з чэшскімі палітыкамі і грамадзянскай супольнасцю.

    – Па прапанове Святланы Ціханоўскай, Сенат Чэхіі падрыхтаваў рэзалюцыю, у якой КДБ І ГУБАЗіК прызнаюцца арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Галасаванне пра прыняцце рэзалюцыі будзе праведзена ў чэшскім Сенаце 15 лютага.

    – Святлана Ціханоўская прыняла ў сваім Офісе новую амбасадарку Канады Кэтрын Годзін, якая будзе працаваць з Варшавы ў тым ліку па беларускіх пытаннях. Амбасадарка не будзе ўручаць даверчых лістоў Лукашэнку, і запэўніла ў поўнай падтрымцы Канадай дэмакратычных сілаў Беларусі. Канада вылучыць падтрымку беларускім даследчыкам, медыям, недзяржаўным ініцыятывам.

    – Святлана Ціханоўская выступіла на семінары Лонданскай школы эканомікі, прысвечаным Беларусі, а таксама дала інтэрв'ю Europe2023 conference (International media), TVP (Польшча), Wyborcza (Польшча), TVN24 (Польшча), Rzeczpospolita (Польшча).

    Апошнія навіны