• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Зварот Святланы Ціханоўскай перад слуханнямі Хельсінкскай камісіі па Беларусі

    21 верасня, 2021

    21 верасня 2021 года

    «Паважаныя спадары і спадарыні,

    Я хачу падзякаваць вам за магчымасць прадаставіць свой пісьмовы зварот да разгляду Хельсінкскай камісіяй на слуханнях па правасуддзі і свабодзн ў Беларусі. Для мяне гонар звярнуцца да шаноўных сябраў камісіі і ўдзельнікаў сённяшняй дыскусіі ў гэты важны момант.

    Камісія не ўпершыню звяртае сваю ўвагу на сітуацыю ў Беларусі. Кангрэс ЗША сачыў за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі на працягу дзесяцігоддзяў, у тым ліку – яшчэ да здабыцця нашай краінай незалежнасці ў 1991 годзе. Я хацела б падзякаваць амерыканскім парламентарыям за іх паслядоўны падыход і імкненне разабрацца ў сітуацыі ў Беларусі, а таксама за прыхільнасць прынцыпам Хельсінкскага Заключнага акту. Дадзеная дыскусія праходзіць у асаблівы час: беларускі народ перажывае самы глыбокі палітычны крызіс з 1991 года.

    У 2020 годзе беларусы рашуча адказалі на чарговую спробу фальсіфікацыі выбараў і захавання дыктатуры ў Беларусі. З моманту пачатку нашых пратэстаў прайшло ўжо больш за 400 дзён. З тых часоў рэжым апусціўся да беззаконня і рэпрэсій. Каб захаваць уладу насуперак волі народа, ён выкарыстоўвае самыя жорсткія метады і не можа прапанаваць грамадству іншага выйсця з крызісу, акрамя гвалту. Тысячам маіх суграмадзян давялося пакінуць краіну. Сёння ў Беларусі больш за 650 палітычных зняволеных, і многія з іх прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў у турме. Гэты лік працягвае расці, пакуль вы чытаеце мой зварот.

    Умовы ў беларускіх турмах невыносныя. Я прывяду некалькі прыкладаў. У чэрвені актывіст Сцяпан Латыпаў, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў праз сацыяльныя сеткі і супраціве праваахоўным органам, праткнуў сваё горла асадкай падчас суду. Да такіх страшных мер Сцяпана давялі катаванні і пагрозы ў адрас яго сям'і і суседзяў. Палітвязень Арцём Анішчук праглынуў металічную лыжку, каб да яго спынілі ўжываць фізічны і псіхалагічны гвалт. Толькі падумайце: наколькі трэба страціць надзею, каб звяртацца да такіх крайніх мераў?

    Мая краіна стала велізарнай турмой, у якой група ўзброеных разбойнікаў пастаянна здзекуецца з народа. Але наша жаданне жыць у вольнай краіне не згасае, і ніякая паліцэйская дубінка з ім не справіцца. Беларусы працягваюць дэманстраваць свае найлепшыя бакі: наш мірны пратэст закранае ўсе слаі грамадства, мы праяўляем салідарнасць на ўсіх узроўнях, аднаўляем сувязі дыяспары з Беларуссю і імкнемся ўзяць на сябе адказнасць за краіну.

    Увага міжнароднай супольнасці была надзвычай важная на ўсіх этапах нашай барацьбы за свабоду. Таму мы заклікаем усіх нашых сяброў і саюзнікаў у свеце трымаць беларускі крызіс на парадку дня. Беларусы сёння на перадавой у барацьбе паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам. І каб перамагчы ў гэтым супрацьстаянні, нам патрэбная падтрымка і салідарнасць усіх аднадумцаў. Свабода ў Беларусі – гэта не толькі ў інтарэсах саміх беларусаў. Ад гэтага выйграюць усе народы свету, якія цэняць свабоду.

    Таксама вельмі важна, каб намаганні міжнароднай супольнасці былі скаардынаванымі і паслядоўнымі, стваралі як мага больш кропак ціску на рэжым. Беларускія ўлады павінны спыніць гвалт, прызнаць наяўнасць крызісу і пачаць працу па яго вырашэнні.

    У нашай барацьбе за свабоду і справядлівасць галоўнай задачай з'яўляецца захаванне і абарона незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, якімі нелегітымны дыктатар безразважна спрабуе гандляваць у надзеі падоўжыць сваё кіраванне. У рэалізацыі гэтай задачы мы разлічваем на поўную падтрымку ЗША.

    У заключэнне я хацела б падзякаваць Кангрэсу ЗША за яго нязменнае, заснаванае на кансэнсусе абедзвюх партый стаўленне да барацьбы беларусаў за свабоду. Падчас свайго першага візіту ў Вашынгтон у ліпені, я бачыла непадробную цікавасць, спачуванне і гатоўнасць падтрымліваць беларусаў ва ўсіх магчымых адносінах».

    Апошнія навіны